Хвала Хрысту!
Прывітанне, сябры! “Часам нашае ўласнае святло згасае і потым зноў разгараецца ад іскры іншага. Кожны з нас мае падставу з глыбокай удзячнасцю думаць пра тых, хто распаліў полымя ўнутры нас”. Не перадаць словамі шчасце тых, хто мае добрага сябра, які запальвае нашыя агеньчыкі ўнутры. З гэтым меркаваннем вы згодныя? Пішыце мне на: na-ty@list.ru
Сядай з намі ў лодку
АКТУАЛЬНА
Я не ведаю, што такое сяброўства, ва ўсякім разе мне цяжка пра гэта пісаць. Не таму, што не маю сяброў. Хутчэй за ўсё таму, што сяброўства, як і любоў, больш за ўсялякія словы. Што б мы ні сказалі пра сяброўства – гэта будзе спроба схапіць і затрымаць вецер у далонях. Сяброўства не вымераць метрамі, не ўзважыць кілаграмамі… Нельга зразумець, у які менавіта момант яно з’явілася. Як нельга знайсці, дзе губляецца летні вецер, ці палічыць водар кветак… “Цяжка сказаць, у які момант нараджаецца сяброўства. Калі па кроплі наліваеш ваду ў сасуд, бывае нейкая адна, апошняя кропля, ад якой ён раптам перапаўняецца, і вадкасць пераліваецца праз край. Так і тут у шэрагу добрых учынкаў нейкі адзін раптам перапаўняе сэрца”, – так кажа Рэй Брэдберы пра сяброўства.
Кожны думае, што ведае пра сяброўства калі не ўсё, то вельмі шмат, і гатовы дыскусіраваць на гэтую тэму доўга-доўга. А тым часам сяброўскіх адносін паміж людзьмі становіцца ўсё менш. І калі б, усё ж такі, былі крамы, дзе гандлююць сябрамі, шмат хто стаў бы там пастаянным кліентам. Усе мы нібы ведаем, што такое сяброўства, нібы ўмеем сябраваць, а на самой справе вельмі часта ўмеем толькі карыстацца адносінамі. Мы хочам мець сяброў, а хто з нас хоча быць “дружелюбным”? У Святым Пісанні шмат напісана пра сяброўства. Прыпавесць (18, 25) падказвае нам важную рэч: “Хто хоча мець сяброў, той і сам павінен быць прыязны”. Калі мы хочам мець сяброў, мы самі павінны сеяць насенне сяброўства.
Што дакладна я ведаю пра сяброўства – тое, што гэта асаблівая любоў. “Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх” (Ян 15, 13). Задумайся над гэтымі словамі і можа цяпер твар у твар убачыш дасканаласць любові, дасканаласць сяброўства. Як думаеш, ты гатовы аддаць сваё жыццё за сябра? Страшна гучыць? А можа, ніхто з тваіх сяброў “не заслуговае” гэтага, час ад часу не ўсё так добра з імі. Хм. А як было Езусу? Ці заўсёды мы Яго слухаем, любім? Тым не меней… Мы пакліканыя любіць, як нас любіць Бог. Да крыжа. І значыць, так можна любіць, толькі мы забыліся, як гэта.
Сяброўства ідзе ад сэрца. З яго можна чэрпаць жыццё… А нам патрэбна жыць, а не проста існаваць… Прагнем добрага сябра, а хто ён? Добры Сябар – Езус і добры зямны сябар.
Мы знаходзімся пасярод нашага жыццёвага шторму, пасярод буры і, дзякуючы сяброўству з Хрыстом, можам адчуць, як Божае Святло пранікае ва ўсе куточкі нашых сэрцаў, разганяючы страх. Няхай бушуе шторм, мы не будзем самотныя, у нашым чаўне сядзіць Хрыстос. Мы чакаем, калі Ён устане і супакоіць стыхію, якая разбушавалася. А пакуль мы вучымся радавацца падчас буры, просім сіл, каб здзяйсняць маленькія крокі кожны дзень. Наперадзе яшчэ шмат гор, якія трэба будзе пераадолець, галоўнае – не стаяць на месцы, галоўнае – атрымліваць асалоду ад імгнення, атрымліваць асалоду ад пырскаў вады, седзячы на карме. Бяры свайго сябра і сядай у лодку, каб быць разам з Сябрам усяго свету!
А зараз пытанне: скажы, хто сябра твой?