Хвала Хрысту!
Прывітанне, сябры.
Чаму я веру? Я адкажу… Таму што Ён апраўдаў мой давер! Яго любоў, як акіян… Бачыш пачатак, але канца не відаць. А можа ў цябе іншыя ўяўленні?
Пішы мне на na-ty@list.ru
Ён – твой Сусвет
АКТУАЛЬНА
“Здзяйсненне чаканага і ўпэўненасць у нябачным”. Такое вызначэнне веры даў апостал Павел у пасланні да Габрэяў.
Але што ёсць вера? Таям-ніца.
Верыць – значыць прымаць сэрцам тое, што Ён кажа. Верыць у Яго – значыць ЛЮБІЦЬ Яго. Верыць у Яго – значыць ДАВЯРАЦЬ Яму. Давер. Што для цябе значыць гэта слова? Ці давяраеш ты Яму на ўсе 100 адсоткаў? А можа часам сумняваешся і робіш па-свойму? Баішся? Закрый вочы і запытай: “Гасподзь Бог, я магу Табе давяраць?”. Дазволь Яму зруйнаваць сцены сумніваў у тваім сэрцы і навесці там парадак, каб пасадзіць Езуса на троне Ўладаром. Бо няма такіх цяжкасцей, праблем, якія Бог не мог бы вырашыць. І няма такіх вяршынь, якія б Бог не змог скарыць. Толькі давярай Яму. Бо з Ім ты пройдзеш і горы, і мора з вялікай радасцю.
Нельга верыць у Бога трошкі, “калісьці” альбо “у сэрцы”. Бо можа з’яўляешся тым чалавекам, які прыходзіць у касцёл, да свайго Бога два разы ў год. Як тады выглядае твая вера, твой давер, твая любоў да Яго? Як лічыш, ці было б табе радасна, калі б твой муж ці жонка два разы ў год казалі, што любяць цябе? Ці яшчэ лепш, спадабалася б табе, калі б твой муж два разы ў год прыходзіў да цябе?
Нельга любіць Бога часткова ці напалову. Нельга давяраць Яму ўсяго толькі кропельку і аддаваць Яму толькі некаторыя сферы свайго жыцця. Ён павінен быць тваім УСІМ. Ён – твой Сусвет. А рабіць што-небудзь напалову… Хіба не бу-дзе гэта марна? Паглядзі на Хрыста. Ён выратаваў цябе не напалову. І нават не на дзевяноста дзевяць адсоткаў. Ён выратаваў цябе цалкам. Нельга быць трошкі веруючым. Калі ты па-сапраўднаму хочаш крочыць за Хрыстом, табе прыйдзецца крочыць за Ім да самай Галгофы. Я хачу сказаць табе: не вер напалову, не любі напалову. Калі аддаваць сябе, то цалкам.
А зараз пытанне: адкуль твая вера і ці ўзмацняецца яна?