Хвала Хрысту!
Жыццё – гэта, вядома ж, выбар. Мы выбіраем кожны дзень, кожную хвіліну, кожную секунду. Перад намі адчыняюцца дзверы, нават некалькі дзвярэй. Нас часам ветліва запрашаюць, маўляў, зайходзьце, знойдзеце для сябе задавальненне… Але ці так яно? І якое задавальненне? .. Сапраўды, выбар – за намі. Не забывайся пісаць мне на адрас: na-ty@list.ru.
Мая воля, мой выбар
АКТУАЛЬНА
”Любі – і рабі што хочаш”, – сказаў Святы Аўгусцiн. Адчуваеш, якая моц, свабода і адказнасць стаяць за гэтымі словамі? І няма ніякай спакусы. Любі Бога. Любiць – значыць выбраць Яго. Выбраць Бога – значыць даць увайсці любові ў сваё жыццё – той самай любові, якая заўважае, суправаджае цябе штодня, клапоціцца, дапамагае пераадольваць цяжкасці, вылечвае твае цялесныя і духоўныя раны прабачае і зноў… свеціць табе яскравай знічкаю.
У нашых сэрцах няма месца для двух царстваў. Адно з іх па-вінна пакінуць тваё сэрца, і гэта залежыць толькі ад волі і свабоднага выбару чалавека, які прымае гэтае самае важнае для сябе рашэнне.
Калісьці y інтэрнэце прачытала такое разважанне. ”Быць хрысціянінам – гэта крыху адрознівацца ад іншых. Гэта жыць побач з людзьмі, для якіх іх свет важней за ўсё іншае, у тым ліку і Хрыста. Быць хрысціянінам – гэта часам быць незразумелым за свой выбар, а калі цябе не разумеюць, то пасля ў большай ці меншай ступені становішся чужым. На гэта нялёгка пагадзіцца, бо заўсёды хочацца быць сваім”.
Есус нагадвае нам, што вельмі важна пазнаць Таго, Якога Ён называе: ”Той, Хто паслаў Мяне”. Гэта менавіта Той, знаёмства з Якім тлумачыць усё, нават тлумачыць рызыку стаць чужым. Гэта Бог, Які адкрывае перад людзьмі Сваю любоў і такім чынам прыцягвае да Сябе. Калі чалавек пазнае Яго, свет пера-стае быць спакусай, а становіцца шляхам да Бога.
Бог хоча, каб мы былі мэтанакіраванымi людзьмі. Ён не заклікаў нас быць ўвесь час чымсьці занятымі – Ён заклікаў нас прыносіць плён. Ён даў нам свабодную, вольную волю, каб у кожнай сітуацыі мы маглі рабіць правільны выбар.
Лёгка згубіцца ў мітусні паўсядзённага жыцця. Трэба часцей думаць пра тое, як ты праводзіш свой час, на што яго траціш, каб зразумець, ці прыносіш ты плён. Трэба часцей думаць, як далёкія нашыя ўчынкі ад учынкаў Хрыста? Мы не здольныя жыць без Яго прыкладу. Прымаючы рашэнні, павінны пытацца ў сябе: ці будзе праслаўлена імя Божае ў нашым выбары?
Няхай кожны дзень, чытаючы Слова Божае, мы будзем натхняцца жыццём нашага Госпада, паступаючы так, як паступіў бы Ён.
А зараз адкажы на пытанні: які твой выбар? Ты ўжо зрабіў яго ці яшчэ збіраешся зрабіць? Што для цябе галоўнае?