Хвала Хрысту!
Гісторыя ведае шмат імён – розных, мілагучных і не вельмі, і многія з іх «носьбітаў» станавіліся святымі, тым самым надаючы асаблівую годнасць імені. Яны праслаўлялі сваё імя. А як мы? Разважанні на гэтуютэму падрыхтаваў Элан Лыскоў. А ты пішы мне на адрас: na-ty@list.ru
Годнасць імені твайго
АКТУАЛЬНА
Вельмі часта чую пытанне наконт майго імя і згаджаюся засведчыць у артыкуле, каб самаму яшчэ больш асэнсаваць усю вартасць і каштоўнасць імені кожнага чалавека. Бо веру, што і праз гэта мяне вядзе Бог. Мой тата паглядзеў савецкі фільм, які быў зняты па раману Джэка Лондана “Час не чакае”(Burning Daylight). Імя галоўнага героя ў ім – Элам. Як разумею, жаданнем майго айца было, каб і я стаў героем “свайго клондайку”, і гэта дапамагло яму вырашыць, якое імя мне надаць. Але ён пера-блытаў апошнюю літару “м” з літарай “н”, і iмя атрымалася – Элан. Калі я быў падлеткам, то даведаўся, як гэта ўсё адбылося, і разважаў у сваім сэрцы: “ці я не памылка лёсу майго?”. Але нешта больш глыбокае казала мне: “Ты – не памылка”. Аднак шмат памылак рабіў я сам, калі адварочваўся ад Божых Праўдаў і Запаведзяў, хадзіў куды хацеў і паступаў насуперак сумленню. Ад гэтага, думаю, меў цярпенне ў адчуванні, што крочу не згодна з тым, што па-клаў у імя маё Стварыцель мой і Бог. Шмат цярпеў. Веру, што Ласка Пана зрабіла гэтыя цярпенні крокам збаўчым, бо сэрца маё ўжо не вытрымоўвала няпраўды, фальшывых суцяшэнняў, пусткі. Падчас шматлікіх падзенняў і перамог па дарозе да Езуса мне пачала адкрывацца мая гісторыя жыцця па-іншаму.
Пачуў, што Бог змяняў імёны сваіх выбраных, калі яны згаджаліся пайсці за Ім адзіным. Абрама паклікаў і надаў яму імя: Абрагам, Сары – Сарра, Якубу – Ізраэль, Шымону – Пётр і гэтак далей. Доўга я дакараў сабе, што яшчэ не пазнаёміўся з творам Джэка Лондана, які меў такі знакавы ўплыў у маім жыцці. Але на ўсё свой час. У дваццаць сем гадоў я пачаў паволі чытаць.
Даведаўся аб меркаванні, чаму гэты раман не быў надта паспяховым у свеце, казалі “бо мае шчаслівы канец”. А ад сябе скажу, што мае шчаслівы канец нават і ў евангельскім сэнсе. Бо гэтая кніга – пра перамену сэрца чалавека. Галоўны герой рамана “Час не чакае” перажывае падчас свайго жыцця глыбокае навяртанне ад фальшу і нянавісці – да праўды і любові. У гэтым яму дапамаглі яго супрацоўніца, сяброўка і каханая ў адной асобе, а таксама сузіранне і цішыня ў ім самім. І сёння таксама чалавек пакліканы, падобна Абрагаму, каб пакінуць свой звычайны нешчаслівы стан і знайсці ў гэтым жыццёвым руху тое, чаго не хапае ягонай душы. Назаву гэта “новаю годнасцю”. Як жа мне самастойна дабыць годнасць для майго імя, каб не знішчыць яго праз пыху? Маё сэрца паверыла, што праз шчырасць і пакору.
Шчырасць і пакора – гэта два бакі брамы да праўдзівага шчасця ў Богу, а ключ, каб адкрыць яе, – гэта вера, вера, вера. Каб увайсці – надзея, а каб атрымаць – гэта шчырае жаданне любіць “тут і зараз”. Калі я пазнаю сябе самога, я веру, што разам з гэтым пазнаю і Бога майго. Таксама веру, што Яго Святое Імя з бязмежнай любові прагне ўзвысіць і маё імя. Ўзвысіць з шэрасці ў нешта шляхетнае і вельмі чыстае. Вось куды па-клікаў мяне Пан. І, думаю, што так ёсць з кожным іменем. У Хрысце.
Пытанне: ці падабаецца табе, ці абавязвае цябе тваё імя?