Хвала Хрысту!
“Як многа спраў Тваіх, Госпадзі! Усё стварыў Ты мудра; зямля поўная твораў Тваіх” (Пс 103, 24). Гэты псальм з’яўляецца разважаннем аб велічы і мудрасці Стварыцеля, Які так дзіўна ўпарадкаваў наш свет. У ім жывём, ім карыстаемся. А што пакінем сваім нашчадкам? Патрэбна падумаць пра наступствы для нашага свету, для экалогіі, як Папа Францыск ў энцыкліцы Laudato Si.
Сваімі думкамі дзяліся таксама ты і пішы мне на Dialog-na-ty@tut.bу
Разважанне падрыхтавала Кацярына Раюнец (парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Барысаве).
Крокі да экалагічнага навяртання
Больш за год таму я прачытала энцыкліку Святога Айца Францішка «Laudato si», і яна натхніла мяне на развагі і нават на пэўныя змены ў маім жыцці.
Ёсць розныя шляхі пазнання Божай магутнасці і любові. Варта агледзецца па баках: ліпкія лісцікі бярозы, духмяны пах бэзу, безліч казявак, птушак, красак у палях… Увесь матэрыяльны свет – гэта мова любові Бога. Зямля, вада, горы – усе з“яўляецца выразам Яго пяшчоты.
Першы крок на шляху экалагічнага навяртання -– разуменне навакольнага свету як Дару, дадзенага ў часовае карыстанне. Стварэнне свету – гэта знак Любові, «дар, што паходзіць з адкрытай далоні нашага Айца». І мы маем безліч дабротаў і хараства, маем разнастайнасць прыроды – усё гэта дадзена проста так і ахінута любоўю. І тое, як мы распараджаемся гэтымі дабротамі, і ёсць наш адказ на любоў Айца.
Другім крокам ёсць разуменне, што зямля – гэта супольная спадчына. Навакольнае асяроддзе – гэта агульнае дабро, маёмасць усяго чалавецтва, і ўсе адказваюць за яго. Гэты момант перавярнуў маю свядомасць. Гэта не хтосьці дзесьці там забруджвае планету, гэта і я таксама. Гэта не хтосьці бясконца і бяздумна спажывае даброты зямлі, гэта і я таксама.
Трэці крок – прызнанне сваёй адказнасці і вернасці перад Стварыцелем за Дар, які Ён даў нам у карыстанне, і практычныя дзеянні па належнаму захаванню даброт нашчадкам. Нечакана, але экалагічны крызіс з“явіўся заклікам да глыбокага ўнутранага навяртання. Гэта выйсце на новую прыступку свядомасці. Гэта выйсце па-за «Я, Мне, Маё». Я не існую адасоблена ад свету– маё “Я” цесна звязана з усім, што існуе.
З гэтага натуральна выплывае ўмеркаванасць і клопат пра навакольнае асяроддзе. Ці магу я што-небудзь зрабіць для паляпшэння экалогіі? Вельмі шмат!
Я магу паглядзець на сябе як на частку агульнага свету і перастаць закрываць вочы на тое, што адбываецца навокал. Я магу дапамагаць патрабуючым. Я магу збіраць смецце асобна. Я магу прыбраць вакол свайго дома, у парку. Я магу спажываць менш рэчаў, ежы і г.д., думаючы, ці такая колькасць апраўдана, калі дзесьці мой брат ці сястра бядуюць, не маючы нават неабходнага. Таксама я магу выхоўваць сваё дзіця з павагай да ўсіх Божых стварэнняў. Сваім прыкладам, а таксама праз размовы, праз сузіранне прыроды.
Кожны чалавек асобна можа вельмі шмат зрабіць дзеля агульнага дабра планеты. Бо «ніводнае стварэнне не з`яўляецца самадастатковым. Яны існуюць толькі ва ўзаемнай залежнасці, каб дапаўняцца праз служэнне адно аднаму».
Дзякуй табе, Папа Францішак, што праз цябе прырода і Бог сталі больш блізкімі.
Пытанне: што я магу зрабіць для паляпшэння экалогіі?