Хвала Хрысту!
Што для цябе сяброўства? Джэйн Осцін навучыла мяне таму, што сябры – гэта сям’я, якую мы выбіраем самі. А старажытнагрэцкі паэт Эўрыпід яшчэ раней заўважыў: “Скажы, хто сябра твой, я скажу, хто ты сам”. Усё тут узаемазвязана, паразважаем над гэтым разам.
І, калі ласка, не забывайся пісаць мне на Dialog-na-ty@tut.bу
Хто сябра твой?
АКТУАЛЬНА
Колькі чалавек ва ўсім свеце ведае твае самыя патаемныя таямніцы? Адзін? Тры? А можа, ніхто? Якімі якасцямі павінен валодаць той, каму б ты адкрыў сваё сэрца? Ці шмат такіх людзей ты сустрэў у сваім жыцці? Мы ахоўваем свае таямніцы, таму і не адкрываем іх першаму сустрэчнаму, а некаторыя рэчы часам ўвогуле хаваем у далёкія куточкі сэрца, ад усіх. І як добра, што ёсць Добры Бог, бо пра некаторыя рэчы ведаеш толькі ты і Ён.
А вось уяві сабе, што ў тваім жыцці быў бы чалавек, якому ты ўсё ж адкрыў бы сваё сэрца, свае таямніцы і “раны” без страху таго, што цябе асудзяць ці не зразумеюць. Гэта шчасце. «Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам» (Ян 15, 15). Езус адкрыў нам самае патаемнае, што было ў Яго сэрцы, – усё, што Ён пачуў ад Айца Свайго. Таму ён называе нас сябрамі. Езус адкрыў гэта кожнаму з нас, а значыць – кожнага лічыць сваім сябрам, «Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 15, 12). Слова, якое мы чытаем, паказвае нам вялікую любоў Бога да нас, Яго клопат пра нас. І як Добры Айцец, Ён хоча нам, сваім дзецям, рознымі спосабамі растлумачыць, каб мы зразумелі – прынялі Яго і жылі так, як Ён вучыць. І нават, больш за тое, Езус на асабістым прыкладзе жыцця даказаў, што значыць любіць. Мы атрымалі Запаведзь любові, каб яе выконваць не як рабы – з-за страху, а як сябры – па прычыне любові, таму што Ён дарагі майму сэрцу, я люблю Яго і не хачу Яго пакрыўдзіць, зрабіць Яму балюча. Можа, не ў кожнага ў жыцці быў вопыт сапраўднага, добрага сяброўства, але сёння ў нас ёсць магчымасць усвядоміць, што сам Езус называе нас сябрамі, і гэтае сяброўства Ён даказаў, аддаючы за нас сваё жыццё на крыжы. Ці магу я сёння сказаць, што маім самым лепшым сябрам з’яўляецца Езус Хрыстус? Не як маленькае дзіця, а як дарослы свядомы чалавек. Што ў маім жыцці сведчыць аб гэтым сяброўстве? Ці жыву я ў Хрысце, выконваючы Яго запаведзь – любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас?
Любоў да Бога і любоў адзін да аднаго маюць цесную сувязь паміж сабою. “Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас” (Ян 15, 16). Ён першы нас заўважыў, Ён першы пажадаў нашага сяброўства з Ім. А ты, ці задумваўся калі-небудзь, чаму Госпад паставіў тваё жыццё ў пэўны час, у пэўную сям’ю, на пэўную працу, вучобу? Можа таму, каб мы ў гэтым асяроддзі прыносілі канкрэтны плён нашай веры, любові адзін да аднаго, міру і прабачэння? А такі плён зможам прынесці толькі тады, калі будзем сябраваць з Езусам.
Пытанне: што азначае для цябе сяброўства? Якія яны – твае сябры?