Хвала Хрысту!
… Мой Бог – гэта Бог, які перамог боль і пакуты, Хто пераадолеў смерць. У Ягонай уладзе я магу знайсці суцяшэнне, бо гэта Бог асабіста разумее найглыбейшыя раны майго сэрца. Ён абяцае, што сатрэ ўсякую слязу і дасць мне надзею вечнай радасці. Будзь шчаслiвы ў Хрысце. Разважанне працягвае Тарас Шчыры, а я запрашаю пісаць на na-ty@list.ru
Шчаслівы ў Хрысце
АКТУАЛЬНА
Калі мяне запрасілі паразважаць на гэтую тэму, адразу прыгадаў выпадак са свайго студэнцкага мінулага. На занятках па рускай літаратуры з выкладчыцай гутарылі пра жыццё і лёсы людзей, якія падчас саветаў трапілі ў ГУЛАГ. Тады мы сышліся на тым, што хрысціянам прасцей было перанесці ўвесь той жах, у якім яны апынуліся, бо вера ў Бога дае спадзяванне на збаўленне, на лепшае жыццё. І многім з тых, хто жыў з Панам, з верай, было лягчэй пераносіць фізічныя цяжкасці. Безумоўна, ім было складана, балюча, немагчыма, страшна. Яны былі няшчасныя, галодныя, хворыя, але любоў, узаемадапамога, надзея не дазвалялі ім здацца.
Я пачынаю разважаць аб моцы веры, хрысціянскай адданасці і адразу ўзгадваю тых, хто, нягледзячы на ўсе знешнія перашкоды, здолеў захаваць праз пакуты веру продкаў, перадаць яе нашчадкам. Яны шчаслівыя, бо не адракліся, а абаранялі веру ў Бога да скону. І гэта прыклады таго, як быць адданымі, шчырымі, непахіснымі. На шчасце, мы не трапляем у такія ўмовы, як нашыя продкі, і ў нашай краіне можам без перашкодаў вызнаваць сваю веру, маліцца ў касцёле, царкве… Галоўнае – быць адданым Хрысту, жыць па яго запаветах і прагнуць удасканальваць веру. Далёкі ад веры чалавек на гэта звычайна парыруе: “А я і без гэтага шчаслівы, калі маю ўсе даброты: добры заробак, кватэру, прыгожую жонку”. Зайздросціць ім не хочацца. Хочацца толькі парадавацца, як і за любога чалавека, што іх жыццёвыя мары здзейсніліся. Яны адчувалі прыемныя пачуцці ад таго, чым жылі, як жылі. Але ўсё матэрыяльнае, што запаланіла нашае асяроддзе, нашае жыццё, – рэчы часовыя. Настае старасць, і многія з іх, разважаючы пра сваю будучыню, усё роўна прыходзяць да Бога. Безумоўна, зрабіць крок да навяртання ніколі не позна, але што перашкаджала зрабіць ім гэта раней? Бо жыць у Хрысце і прымаць Ягоную праўду – відавочнае шчасце, якім трэба даражыць, не страчваць, не хаваць у самых далёкіх кутках сваёй душы, а пастаянна праяўляць сваімі ўчынкамі. Як? Маліцца, размаўляць з Богам, а яшчэ – кіравацца ў сваім жыцці той мудрасцю, якая прапісана у Божых запаведзях.
Прызнаюся шчыра, не заўжды гэта ў мяне атрымоўвалася. Рабіў памылкі, пасля якіх было крыўдна і сорамна. Аднак, калі я паступова, па-сапраўднаму, спадзяюся, пазнаю сапраўдны сэнс нашага жыцця, адчуваю вялікую духоўную радасць. Мне радасна у гэтым стане. Я шчаслівы. І часам задаю сабе пытанне, чаму раней так не было ?
Тарас Шчыры
А зараз пытанне: ці лічыш сябе шчаслівым ты?