Хвала Хрысту!
Як думаеш, па чым пазнаюць людзі, што мы – хрысціяне?Адно з нашых сведчанняў як паслядоўнікаў Хрыста – гэта наша радасць. У нас так шмат падстаў для радасці! Мы былі прабачаны, ацалёны, вызваленыя. Разважаннi падрыхтаваў клерык Яўгeн Амасёнак (г. Слонім, парафія Святога апостала Андрэя). Не забывайся пісаць мне на Dialog-na-ty@tut.by
Трэба сведчыць
АКТУАЛЬНА
«Хочаш, каб твая вера няспынна ўзрастала, – распачні дзяліцца ёю з іншымі. Гэтую думку ўпершыню пачуў, калі толькі пачынаў рабіць першыя свядомыя крокі на сваім духоўным шляху. У той момант яна мне паказалася вельмі парадаксальнай. Бо як я магу дзяліцца з людзьмі тым, у чым яшчэ асабіста адчуваю няўпэўненасць? Аднак цяпер, разважаючы над сталеннем сваіх адносінаў з Хрыстом, усё больш прыходжу да высновы, што прычынай маёй нерашучасці сведчыць аб веры была хутчэй абыякавасць да Бога і Яго волі, а таксама да патрэбаў бліжняга. Дазвольце паспрабую растлумачыць чаму.
Па-першае, адной з праяваў абыякавасці, аб якой я ўзгадваў вышэй, на мой погляд, з’яўляецца раўнадушнасць да таго, што кажа Бог. У Евангеллі паводле Мацвея (28, 18-20) чытаем апошнія словы, а дакладней, наказ, які Езус пакідае сваім вучням, пад-крэсліваючы тым самым сутнасць праўдзівага служэння Касцёла: «Ідзіце і навучайце ўсе народы». Гэта заклік, які Хрыстус накіроўвае не толькі да сваіх бліжэйшых вучняў, але і да кожнага Яго паслядоўніка. Гэта запаведзь самога Хрыста, а не запрашэнне, над якім можна раздумваць і ад якога можна адмовіцца.
Другім выразам абыякавасці,якая нязмерна ўплывае на жаданне чалавека сведчыць аб сваёй прыналежнасці да Хрыста, з’яўляецца раўнадушнасць да бліжняга, а асабліва да яго духоўнага стану. Святая Тэрэса з Калькуты аднойчы сказала, што «найвялікшы грэх чалавека – гэта не нянавісць, а раўнадушша да сваіх братоў».
Прывяду толькі некалькі прыкладаў праяўлення такіх адносінаў. Падлеткі п’юць піва пад вокнамі і шумяць? «Няхай сабе, у іх свае бацькі ёсць; галоўнае, каб мяне не чапалі». Да дзяўчыны прысталі хуліганы? «Лепей не ўмешвацца, бо і мне дастанецца».
Гэтая бясконцая колькасць падобных пытанняў і адказаў застаўляе мяне задумацца аб пазіцыі, якую займаю, будучы хрысціянінам і сведкам Уваскрослага Хрыста.
Асабіста я перакананы, што немагчыма быць абыякавым, калі ў тваім сэрцы жыве Бог. Хрыстус нястомна пасяляе ў ім клопат аб збаўленні тых, хто цябе акружае, абуджаючы прагненне сведчыць аб Яго любові да чалавека. Таму, мне здаецца, вельмі важна заўважыць сувязь, якая існуе паміж раўнадушнасцю і жаданнем сведчыць аб сваёй веры.
Жыццё чалавека, які сапраўды спаткаў Хрыста, кожны яго момант прасякнуты нястомным жаданнем дзяліцца радасцю гэтай Сустрэчы з бліжнімі. Паспрабуйце, калі ласка, уявіць сабе такую сітуацыю. Вы і яшчэ некалькі чалавек прабываеце ў пустыні Сахара і шукаеце магчымасці за-спакоіць смагу. І вось толькі вам аднаму ўдаецца знайсці аазіс, у якім знаходзіцца невычарпальная крыніца жыццядайнай вады.
Напэўна, выглядала б вельмі дзіўным вашае жаданне ўтаіць ад іншых гэтую радасную падзею.
Так адбываецца і ў нашым жыцці: калі мы любім людзей любоўю Хрыста, то ў нашым сэрцы заўсёды будзе жыць глыбокае прагненне распавесці пра Яго іншым.
Пытанне: а ці сведчыш аб сваёй веры ты? Ці не баішся сведчыць?