Хвала Хрысту!
Як мы ставімся да сваіх штодзённых абавязкаў? Выконваем іх з усёю шчырасцю і запалам? Заўсёды аднолькава? Як жа важна рабіць маленькія справы, але з вялікай любоўю. Ці ты так лічыш? Дзяліся сваімі думкамі і пішы на адрас: Dialog-na-ty@tut.bу
Вернасць у словах і справах
АКТУАЛЬНА
Мы думаем, што чалавека ствараюць вялікія і значныя справы, але гэта не так. Чалавек «будуецца», узрастае, становіцца асобаю на малых справах. Як думаеце, дзе праяўляецца сумленнасць?.. Там, дзе ніхто не бачыць, за «кулісамі сцэны», у маленькіх незаўважных рашэннях, дзе чалавек робіць правільны выбар. Нават калі ніхто гэтага не бачыць. Вернасць патрабуе сумленнасці і праяўляецца ў дробязях.
У Евангеллі ад Лукі (16, 10) Езус кажа: «Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім». Заўважалі, што, калі адбываюцца спрэчкі вакол якога-небудзь лідэра, тады можна звярнуць увагу, колькі разоў яго абаронцы выступяць і скажуць «гэта не мае значэння, бо гэта асабістае жыццё чалавека». Вы калі- небудзь чулі такое? «Яго асабістае жыццё нічога не гаворыць пра яго як пра лідэра». Не, наадварот, яно гаворыць вельмі шмат! Бо, калі мужчына хлусіць сваёй жонцы, ён будзе хлусіць і сваім калегам, аднадумцам, партнёрам… Такая яна, вернасць ў словах і справах. Сапраўдныя дары нам трэба знаходзіць у звычайным жыцці: які я мужчына, якая я жанчына? Які я муж і бацька, якая я жонка і маці? Які я сын, якая я дачка? Як я выконваю свае звычайныя абавязкі ў сям’і, на працы? Імкнуся ўсё рабіць так, каб гэта Богу спадабалася? Імкнуся выконваць свае абавязкі на сто адсоткаў, добрасумленна? Імкнуся рабіць яшчэ больш і яшчэ лепш, чым ад мяне гэтага чакаюць?
Святы Ян Павел ІІ аднойчы сказаў моладзі: „Вы павінны патрабаваць ад сябе, нават калі іншыя не патрабуюць ад вас”. Варта нам сёння задумацца – ці не прапускаю я магчымасці зрабіць добры ўчынак, зрабіць дабро? Прыходзіць, напрыклад, думка – можа б дапамагчы камусьці побач… Але мы хутка гэтую думку адганяем і ідзем па сваіх справах. А можа гэтая думка была Божым натхненнем, запрашэннем, каб зрабіць дабро? У нас быў час, сілы, усе магчымасці, але мы гэтага не зрабілі, бо нам не хацелася… Значыць, ўсе гэтыя сілы, час, магчымасці і ёсць той самы дар, які мы закапалі.
Часам гэта дробязь, невялікая справа, але і ў гэтым таксама адкрываецца наша вернасць ў малым. Трэба адказна і сур’ёзна падыходзіць да таго, што нам сёння даручана. Трэба быць верным там, дзе ты пастаўлены сёння. Бо вернасць сёння прывядзе да поспеху заўтра. Бог шануе верных людзей. Стань адным з іх.
Пытанне: як лічыш, верны ў малым азначае, што ён і ў вялікім верны?