Хвала Хрысту!
Я проста хачу ісці туды, куды ідзеш Ты, рабіць тое, што робіш Ты, і гаварыць тое, што Ты кажаш праз мяне. Бо гэта і ёсць самае сапраўднае шчасце… А што табе трэба для шчасця?
Разважаннe на гэтую тэму падрыхтавала с. Алiна (капуцынка, Польшча, Сенніца, парафія св. Станіслава). А ты не забывайся пісаць мне на адрас: na-ty@list.ru.
Быць шчаслівым
АКТУАЛЬНА
Шчаслівыя ўбогія, шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, плачаце, шчаслівыя вы, калі вас зненавідзяць людзі і адкінуць вас. Так Езус звяртаецца да сваіх вучняў у Евангеллі, паводле св. Лукі. Як можна быць шчаслівым, нічога не маючы, плачучы, калі ты галодны і ўсімі адкінуты? Сучасны свет і яго ідэі маюць сваё разуменне шчасця, якое можа нас падманваць. Ты шчаслівы толькі тады, калі маеш многа грошай, калі зрабіў кар’еру, калі ты маеш уладу. Усё гэта задавальняе чалавека толькі на якісьці час. Ці шчасце і ёсць часовае задавальненне? Для мяне ў гэтым Слове схавана таямніца сапраўднага шчасця, якое прыгатаваў Бог для мяне і для кожнага чалавека. Гэтым шчасцем з’яўляецца святасць, да якой пакліканы кожны чалавек. Жыццё з Богам і ўзаемаадносіны з Ім могуць даць чалавеку праўдзівы супакой. Гэта свядомасць таго, што твой план на жыццё – гэта спаўненне Божай волі. Гэта, калі адчуваеш свой голад, насыціць які можа толькі Бог. Гэта, калі плачаш ад жалю над сваім грахом і ўсяго свету. Гэта, калі робішся ўсё больш падобным да Хрыста. І так сапраўды ўсё, што патрабую для шчасця, я ўжо атрымала. Каб быць шчаслівай, я патрабую ЖЫЦЬ. А ў гэтым мне дапамагаюць мае адносіны з Богам, мая што-дзённасць, мая супольнасць і кожны чалавек, якога Бог ставіць на маім шляху.
Закончыць гэтае разважанне хачу словамі заснавальніка маёй законнай супольнасці кс. Францішка Марыя Дзі Франча (Francesco M. Di Francia): «Ведаеце ў чым заключаецца шчасце? У каханні Бога!».
А як бы ты адказаў на пытанне: у чым заключаецца шчасце, што для яго патрэбна?