На Ты-10-2016

Хвала Хрысту!

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Прывітанне, сябры! Ведаеце  такую казку, што нібы ў кожнага чалавека ёсць Анёл-ахоўнік?! Падзяліцеся ёю са мной… Пішыце на той жа адрас: na-ty@list.ru

 

 

Выратавальная праца Aнёла

 

 

АКТУАЛЬНА

 

“…На працягу амаль пяці дзесяцігоддзяў Дон Рытчы глядзеў са свайго дому ў Сіднэі на Ціхі акіян. З яго вакна адкрываўся адзін з самых прыгожых відаў у Аўстраліі, але не проста любоў да мора прыцягвала яго. Справа ў тым, што скалы ў вусце гавані Сіднэя ўжо даўно дзейнічаюць як магніт, прыцягваючы не толькі турыстаў, але і  тых, хто страціў апошнюю надзею ў жыцці. Гэтае месца мае сумную славу самага папулярнага ў Аўстраліі месца самагубстваў.
Дон Рытчы жыў праз дарогу ад абрыву, які завецца Шчыліна або Прорва (The Gap). Менавіта сюды прыходзілі людзі ў роспачы. Літаральна раз на тыдзень там адбывалася спроба самагубства.
…Рытчы заўважаў гора-самагубцаў са свайго дому, а пасля павольна накіроўваўся да іх. На краі скалы ён проста ўсміхаўся і пытаўся ў іх: “Ці магу я чым-небудзь дапамагчы вам?” Часцей за ўсё гэты мяккі падыход “спрацоўваў”, хоць у некаторых выпадках Рытчы  па-сапраўднаму рызыкаваў сваім жыццём, фізічна ўтрымліваючы людзей ад скачка.
Пасля гэтага ён запрашаў іх да сябе на кубак гарбаты, пагутарыць, і часам яны вярталіся ў яго дом праз некалькі гадоў, каб па-дзякаваць за выратаванне. Адзін выратаваны падарыў яму карціну. На карціне – анёл у промнях сонца і надпіс: «Анёл, які ходзіць сярод нас».
Гісторыя звычайнага чалавека, але які выратаваў больш за 160 чалавек! Дон Рытчы памёр ў 2012 годзе ва ўзросце 86 гадоў. Ён быў празваны Анёлам Прорвы – the Angel of the Gap, што можна перакласці і як Анёл Перапынку. Гэту мянушку ён атрымаў з-за назвы месца яго «выратавальнай працы» і за перакананне, якое ён не мяняў 50 гадоў: «Для таго, каб апошні скачок не адбыўся, неабходны ўсяго толькі невялікі перапынак у перажываннях».
“Мая мэта заўсёды была простай, проста адцягнуць іх ад краю, купіць ім час, каб даць магчымасць паразважаць і зразумець, што ўсё можа стаць лепш ужо на наступную раніцу, – сказаў неяк Дон Рытчы. – Проста немагчыма сядзець там і глядзець на іх. Варта паспрабаваць выратаваць іх.”
Анёл-ахоўнік. Ад нараджэння да скону чалавечае жыццё ахутана яго клопатам і заступніцтвам. Кожны мае побач з сабой Анёла як ахоўніка і пастыра, які вядзе дарогамі жыцця (ККЦ).
Хачу правесці паралель паміж нябачным сябрам анёлам і тым прыкладам, пра які расказвае  гісторыя. Твой Анёл гатовы прыйсці на дапамогу, Ён чакае тваіх слоў, чакае тваёй малітвы, Ён заўсёды гатовы табе дапамагчы! Толькі трэба перастаць успрымаць Яго як прыгожую “казку”, пра якую распавядалі на катэхэзе ў дзяцінстве. Павер у Яго, бо Ён сапраўды ёсць. Гэта рэальная гісторыя рэальнага чалавека, якой дзялюся з вамі. У кожнага ў жыцці былі сітуацыі, якія вырашыліся няйначай як цудам. З дапамогай іншых людзей. А ты ведаеш – Бог дзейнічае праз людзей. “КАБ ПАЧУЦЬ, ТРЭБА АДКРЫЦЬ СВАЕ ВУШЫ І СЭРЦА”.

 

А зараз пытанне: ці ёсць у цябе Анёл-ахоўнік?


 

ШЧЫРА

 

Вадзім Бачкоўскі (г. Мінск, парафія св. Яна Евангеліста і Максімільяна М. Кольбэ):vadim-bochkovskiy
– Ад дзяцінства ведаў, што маю свайго Анёла-ахоўніка. На занятках па рэлігіі навучыўся малітве «Анёле Божы, дружа мой…». Маліўся, каб Анёлак дапамагаў мне верна служыць Пану і ніколі не ступіць на дарогу  зла. Зараз успрымаю Яго як яшчэ адзін вялікі падарунак ад Бога, які дапамагае мне ісці ў жыцці, маліцца, не згубіць сцежку да Касцёла, абараняе маю душу і цела ад напасцяў злога духу. Лічу і адчуваю, што дапамагае мне штодзень, а таксама і ў самыя цяжкія моманты майго жыцця. Хоць не ведаю дакладна, як Ён выглядае, як  апрануты, які  колер Яго валасоў і вачэй, але лічу Яго лепшым сябрам, тым,  які не пакідае і дапамагае мне ўзрастаць у веры і любові да Бога і бліжняга.

Наталля Каспяровіч (г. Бярозаўка, парафія Спаслання Святога Духа):natalya-kosperovich
– Я думаю, што з Ім, на жаль, асабіста не знаёмая. І гэтае пытанне для мяне гучыць хіба акурат для таго, каб успомніць, што Ён сапраўды ж існуе. Успомніць і падзякаваць. Часцей за ўсё ў справах абароны я звяртаюся да Крыві Езуса, часам да Маці Божай. Тое, што мне ў дапамогу Гасподзь даў яшчэ і Анёла-ахоўніка, прыпамінаецца зрэдку. Памятаю шчырыя малітвы ў падлеткавым узросце да майго Анёла, прасіла Яго аб пасрэдніцтве, каб Ён нешта там перадаў Богу ад мяне. Не думаю, што гэта супер-ідэя. Хіба так адбывалася па прычыне страху звяртацца да Самога Бога. Апошнім часам менавіта ў свайго Анёла прасіла, каб Ён абдымаў блізкіх мне людзей.
 Лізавета Шыцікава (г. Бабруйск, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі):elizaveta-shitikova
– Калі я была малым дзіцём, то кожны вечар, перад тым, як заснуць, размаўляла са сваім Анёлам-ахоўнікам. Расказвала, як прайшоў мой дзень, прасіла, каб аберагаў мяне ўсю ноч. І вельмі выразна адчувала Яго каля сябе. На вуснах вельмі часта былі словы ўсім вядомай малітвы “Анёле Божы, дружа мой…”. Але з цягам часу гэта ўсё стала нібыта прыгожай казкай. Словы малітвы гучалі ўжо як вершык для дзяцей. І прыйшоў такі момант, калі я ўвогуле перастала звяртацца да свайго Анёла. Але некалькі разоў так здарылася, што я трапіла ў вельмі небяспечныя сітуацыі. І тады прыйшла думка аднавіць малітвы да свайго Анёла-апекуна. І цяпер, за кожным разам, калі адчуваю нейкі страх ці небяспеку, ці проста кудысьці іду, адразу малюся свайму Анёлу-ахоўніку. Я веру, што Ён побач са мною, і гэта неверагоднае пачуццё… І хочацца яшчэ дадаць, што адкрыла для сябе, што гэтая малітва, якая мне здавалася занадта дзіцячай, на самой справе глыбокая, калі прамаўляць яе з верай.
 Марыя Міхайлоўская (в. Чырвонае, парафія Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі):mariya-mihaylovskaya
– Мой Анёл-ахоўнік, напэўна, вельмі павольны маленькі пухленькі Анёлак, у  якога з-за мяне няма… ніводнай вольнай хвілінкі! Гэта, канечне, жарты, а калі сур’ёзна, то для мяне Анёл-ахоўнік – гэта той, хто дапамагае мне ўсюды і ва ўсім, які сочыць, каб я не збілася з дарогі, і падтрымлівае мяне на жыццёвым шляху…  Гэта той, пра каго я магу часам забыцца, але Ён усе роўна будзе побач. Гэта адзіны верны і вечны сябра, які ніколі не здрадзіць. Яму можна даверыць усё, бо Ён і так ведае пра ўсё ў  тваім жыцці.

 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий