Хвала Хрысту!
Тэма каронавіруса ахапіла ўвесь свет. Яна дакранулася да кожнага чалавека непасрэдна захворваннем на covid-19 альбо праз цяжкасці, з якімі прыйшлося сутыкнуцца ў выніку дзеяння пандэміі. Гэта тая тэма, размовы на якую не абыходзяць ні адзін дом, ні адну кавярню… Ці ты лічыш інакш? Разважанні на гэтую тэму падрыхтавала Аляксандра Крываносава. Пішы мне на Dialog-na-ty@tut.by
Знак часу ці Божы знак?
АКТУАЛЬНА
У першыню, пра пачатак распаўсюджвання гэтага віруса я пачула ад свайго малодшага брата ў канцы студзеня, калі ўся мая сям’я прыехала да мяне ў Польшчу ў адведзіны. Асаблівай увагі на гэтую тэму я не звярнула, але з цягам часу інфармацыя ахоплівала ўсе больш і больш прастору інтэрнэта, пра гэта усё больш казалі на працы, сярод знаёмых. Калі сітуацыя пачала выходзіць з-пад кантролю, раптам усё навокал застыла: зачынены тарговыя цэнтры, кнігарні, кавярні, спартыўныя залы і г.д. Былі ўведзены абмежаванні па колькасці людзей нават у касцёлах. З пандэміяй – у першую чаргу інфармацыйнай – сутыкнулася і я, што праявілася для мяне асабіста ў абмежаванні наведвання касцёла. Каб свабодна дыхаць паветрам, спацыруючы па вуліцах горада, трэба было абавязкова насіць маску… Пачаўся сапраўдны Вялікі Пост, якога ніхто не чакаў у такім вымярэнні. Можна сказаць, пасіўнае ачышчэнне прыйшло на чалавецтва.
Што перамяніў гэты час ува мне? Адным з першых пачуццяў, якія ўзніклі, было штосьці накшталт: “Ну вось, нарэшце, чалавецтва супакоіцца, перастане чыніць так масава зло: гендэрныя прапаганды, прафанацыі святых рэчаў і месцаў, адным словам, можа адвернецца ад злых учынкаў і вернецца да Бога”. Бо тое зло, якое адбываецца цяпер у свеце, пераходзіць усялякія межы цярплівасці, таму асабіста я ўбачыла ў гэтай з’яве пандэміі – знак часу. Знак ад Бога. Трэба спыніцца і паглядзець, куды мы крочым? Што выбіраем? І якія наступствы ўсяго ўчыненага нас чакаюць, калі не звернемся да Бога з перапрашэннем за ўсё намі ўчыненае… Звернемся скрушанымі і прагнучымі перамены сэрцамі. Пандэмія каронавіруса – гэта знак і час. Каб выправіцца, адвярнуцца ад злых учынкаў, схільнасцяў. Знак і час, каб звярнуцца да Бога ўсім сэрцам, усім розумам і шукаць сапраўднага аб’ектыўнага дабра, а не падману, які агарнуў увесь свет у прапагандзе таго, што з’яўляецца мерзасцю перад Богам, што руйнуе асобу чалавека, створанага па вобразу і падабенству Бога. У Другазаконні, ў 28-й главе, бачым, што чакае кожнага з нас, калі будзем слухаць голасу Бога і выконваць Яго запаведзі і пастановы, альбо адвернемся ад Бога, не жадаючы жыць так, як Пан Бог загадаў нам дзеля нашага дабра і Валадарства Нябеснага.
“Жыццё і смерць прапаноўваю Я табе, благаслаўленне і праклён. Абяры жыццё, каб жыў ты і нашчадкі твае” ( Дрг 30, 19).
А зараз пытанне: ці заўважаеш, што змяніла ў табе пандэмія каранавірусу?