Хвала Хрысту!
Калі ты адчуваеш у сваім сэрцы нешта негатыўнае, калі ў ім шмат сумніваў… З чым бы ты ні сутыкаўся – тваёй першай думкай павінна быць Слова Божае. Разважанні на гэтую тэму падрыхтаваў Аляксей Заічанка.
А ты не забывайся пісаць мне на Dialog-na-ty@tut.bу
Усё пройдзе,
але Яго Слова застанецца
АКТУАЛЬНА
“Неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць” (Мк 13, 31)
Мы можам задацца пытаннем, дзе нам знайсці Яго Слова, якое не пройдзе? Яго Слова – у Святым Пісанні. Гэтае Слова Бога, яно ўнікальна для ўсіх, хто яго чытае, слухае, давярае яму, думае пра яго, хто прымае яго з любоўю. Яго Слова не застанецца нявыкананым, і дзякуючы свайму ўнікальнаму зместу, яно дае кожнаму моц і бяспеку вечнасці.
Бог прамаўляе ў цішыні. Таму варта знайсці і прысвяціць час для таго, каб чытаць і разважаць Святое Пісанне.
Святое Пісанне – гэта не проста кніга з пэўнай гісторыяй, чытаючы якую мы можам чамусьці навучыцца. Не! Святое Пісанне – гэта крыніца, праз якую Бог вядзе з намі дыялог, жадаючы дабра. У большай меры ад нас залежыць, прымем мы гэты дар ці не.
Бог праз натхнёных аўтараў паказвае нам, як ад пачатку стварэння Свету клапоціцца пра чалавека. На старонках кніг Старога Запавету мы заўважым, што быццё з Богам не заўсёды гарантуе лёгкае жыццё, як бы нам хацелася. Гэта шлях вернасці, выпрабаванняў і ўдасканальвання ў Духу Святым. Мы бачым, як праз розныя цяжкасці Бог вёў Выбраны народ з няволі ў Егіпце. Так і сёння – Бог хоча нашага збаўлення.
Святы Апостал Павел называе Слова Божае мячом духоўным (Эф 6, 17), бо «яно пранікае ажно да падзелу душы і духа, суставаў і шпіку і здольнае судзіць думкі і намеры сэрца» (Гбр 4, 12). Слова Божае з’яўляецца жывым і дзейсным, але толькі калі мы чытаем яго і адкрыты на Духа Святога. Святы Геранім, вядомы знаўца Бібліі, казаў: «Хто не ведае Святога Пісання, той не ведае Хрыста». Сапраўды, як мы, хрысціяне, можам верыць у Таго, каго не пазнаем?
Менавіта праз чытанне Святога Пісання мы можам больш пазнаваць Бога, а таксама праз гэта і пазнаць саміх сябе. Але пазнанне Бога патрабуе не толькі намаганняў нашага розуму, але таксама веры і Божай ласкі. «Таму вера – ад пачутага, а пачутае – праз слова Хрыста» (Рым 10, 17). Нашая вера ўзмацняецца ад Божага Слова. Чым больш мы паглыбляемся ў Слова Божае, тым больш даём Богу магчымасць узмацніць нашую веру. Слова Бога – слова, якое мае моц, ўладу, любоў і збаўленне. Яго Слова стала целам.
Мноства людзей на зямлі цытуюць Святое Пісанне на памяць, робяць розныя чэленджы, але пры гэтым самі не выконваюць Божыя загады. Галоўнае – не твае веды, важна, каб Слова стала часткай цябе.
А зараз пытанне: што асабіста табе дае чытанне Бібліі?