На Ты-10-2023

Хвала Хрысту!

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

  Які  добры прыклад для нас Марыя! У самы крытычны для Яе момант паспяшалася з дапамогай да сваёй сваячкі Альжбеты! Менавіта Марыя і была ў цэнтры Сусветных  дзён моладзі ў Лісабоне. Разважанні падрыхтаваў кс. Андрэй Бурак, а ты свае лісты дасылай мне на адрас: Dialog-na-ty@tut.bу

 

 

 

Пасля  шчаслівых дзён сустрэчы

 

 

АКТУАЛЬНА

 

Марыя  паспешна  ўстала і пайшла – такую тэму прапанаваў маладым  людзям Папа Францішак  на Сусветных днях моладзі ў  Лісабоне. Марыя, прымаючы вялікую  ласку ад Бога стаць Багародзіцай, разумее і той цяжар, які чакае на дарозе выканання Божай волі. Добра ведаючы законы і традыцыі габрэйскага народа і глыбіню таямніцы Богаўцелаўлення, асэнсоўвае незразумеласць і варожасць з боку знаёмых і нават самых блізкіх ёй людзей. Але гэтая маладая дзяўчына, поўная радасці і маладога запалу, ставіць вышэй за ўсё блізкасць з Богам і трыванне з Тым, каго ўзлюбіла ўсім сваім сэрцам.

Адказаўшы Богу ТАК, Марыя не  застаецца  ў разважаннях сам-на-сам, што  будзе далей. Яна адразу ўстае, як сцвярджае евангеліст, паспешна, каб адведаць сваю  сваячку  Альжбету. Крочыць  да  Альжбеты скалістымі шляхамі не для таго, каб знайсці суцяшэнне, але каб служыць той, якая патрабавала дапамогі і Марыйнай падтрымкі.

Перажываючы паток эмоцый, няўпэўненасць у сваёй будучыні, страх  перад  сваякамі і знаёмымі, Марыя не губляе запал, які напаўняе  маладое сэрца, запал дзяліцца радасцю і Любоўю, запал энтузіязму і прагнення ствараць. Сустракаючыся з невядомасцю і выпрабаваннямі, Марыя застаецца  маладой, дзе прагненне  Любіць і жыць Любоўю становіцца на першы план. Яна не можа заставацца на месцы, калі можа занесці радасць да тых, хто церпіць.

Перажываючы складаныя моманты  жыцця і свету, трываючы ў нялёгкія часы неспакою і несправядлівасці, не можам шукаць зручнага  часу, каб  несці  радасць. Не  можам стаць панурымі, варчлівымі людзьмі, якія наракаюць на жыццё і свет. Не можам  згубіць  маладосць, прыросшы  да  нашых «канап», смартфонаў і сацыяльных сетак. Марыя заклікае нас сёння: устань і ідзі! Не  толькі  ідзі, але паспешна бяжы, туды дзе цябе патрабуюць! Дзяліся тым, чаго прагне тваё сэрца. Сведчы аб міры і супакоі, сведчы аб той вялікай Любові,  якую спазнаў, калі прабываў  у абдымках  Хрыста! Пераконвай гэты свет не панурым нараканнем, а рашучым крочаннем наперад і служэннем, сваёй адданай працай «крычы» тым, хто навокал: я прагну супакою і міру, я прагну Любові і радасці! Я аддаю сябе Любові,  нягледзячы на неспакой у сэрцы, бо прагну гэтым жыць!

Маладая  дзяўчына,  нягледзячы на складаныя часы, змагла прынесці  радасць і Збавіцеля гэтаму свету. Няхай і нашыя маладыя сэрцы стануць светачам Божай Ласкі, якую мы калісьці спазналі.

 

А зараз пытанне: якая галоўная думка пасля шчаслівых дзён сустрэчы з Папам?


 

ШЧЫРА

 

Аліна Жук  (г. Нясвіж, парафія Божага Цела):алiна жук

– Бог сапраўды давярае нам, давярае гэты свет кожнаму з нас, каб адкрываць яго прыгажосць, дзяліцца адкрытай радасцю з іншымі і праз гэта  – удасканальвацца, не будаваць муры, але глядзець на гарызонты магчымасцяў. На жаль,часта маем паралізуючы страх перад невядомай будучыняй і не прымаем сябе цалкам, якімі ёсць, з ўсімі сваімі недахопамі і вялікай прыгажосцю. А Бог кліча нас па імені, прымае безумоўна і любіць цалкам. Значыць, не трэба баяцца! У кожную новую справу мы пойдзем не адны, а з Яго любоўю, адзінай ў свеце, за якую не трэба плаціць! У Любові страху няма, яна перамагае страх.

Ірэна Ахрамовіч   (г. Мінск, парафія Імя Найсвяцейшай Марыі Панны):iрэна ахрэмовiч

– Пасля Сусветных дзён моладзі ў сэрцы гучаць словы Папы, што Бог паклікаў па імені кожнага чалавека. Мы не проста натоўп, не бязлікая моладзь. У маіх сілах заўважыць чалавека побач і ўзяць яго за руку, каб паказаць Божую любоў і радасць. Такая вялікая радасць асвятляла кожны куточак Лісабона падчас СДМ. Дзе ёсць моладзь з Хрыстом – там заўсёды жыве радасць.

Яна Трафімік   (г. Мінск, парафія Імя Найсвяцейшай Марыі Панны):яна трафiмiк

– Падчас Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне Папа звяртаў увагу на тое, што Бог ведае кожнага па імені. Кожны з нас – важны для Езуса, кожны з нас пакліканы. Папа звярнуў увагу на тры дзеясловы з Евангелля:  ззяць, слухаць і не баяцца. Біскуп Рыма заклікаў ззяць святлом Божай любові ў наш неспакойны час. Таксама падкрэсліў, што важным з’яўляецца слуханне таго, што нам кажа Бог. Менавіта Ён можа накіраваць на правільны шлях. Напрыканцы Папа заклікаў не баяцца і давяраць Богу, бо Езус – той, хто заўсёды побач, любіць і клапоціцца пра нас, той, хто ведае ўсе нашы радасці і смуткі.

Надзея Сіськевіч  (г. Мінск, парафія Імя Найсвяцейшай Марыі Панны):надзея сiськевiч

–Адказваючы на пытанне, якая галоўная думка пасля шчаслівых дзён сустрэчы з Папам, на вусны прыходзяць словы з гімна «Шляхам розным крочым з розных мясцін, каб разам далей крочыць шляхам адным». Шляхі, якімі мы крочылі ў Партугалію, не былі лёгкімі: паўсюдная спёка, вялікія чэргі і нечаканасці, з якімі мы сутыкаліся штодня. Але разам з тым гэта шляхі, напоўненыя любоўю да Бога і бліжняга, усмешкамі і прыгажосцю, якая нас атуляла. Знаходзячыся ў натоўпе, дзе кожны моліцца на сваёй мове, я выразна зразумела, што кожнага чалавека Бог вядзе па-рознаму, але канчатковая мэта ва ўсіх адна.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий