Хвала Хрысту!
Няхай Ружанец будзе ўплецены ў нашае жыццё нібы залатая нітка, якая ўпрыгожвае кожны наш дзень. Пішы мне на Dialog-na-ty@tut.bу
Вяночак з ружаў і любові
АКТУАЛЬНО
У жыцці кожнага з нас існуе тое асаблівае, што дае моц. Для мяне – гэта Ружанец, які стаў неад’емнай часткай маёй веры, прыносіць мне натхненне і дадае сілы.
Малітва – гэта размова, якая ўмацоўвае нашу веру і дае магчымасць пазнаваць Госпада, ружанец – добры інструмент, які дапамагае засяродзіцца на малітве і ўсталяваць больш глыбокую сувязь з Богам.
Той, хто моліцца на ружанцы, ведае, што гэта больш, чым проста 50 разоў «Вітай, Марыя», гэта – пярліна, якая нагадвае пра міласэрнасць і любоў Бога, дае магчымасць дакрануцца да Яго шляху. Ружанец нагадвае аб тым, што я – не самотны ў гэтым свеце чалавек, што заўсёды ёсць Той, хто мяне любіць і клапоціцца пра мяне. Ён нагадвае аб тым, што сіла веры можа зрабіць немагчымае магчымым і што побач з Богам выпрабаванні перажываць не так страшна. Гэтая малітва падтрымлівае ў цяжкія моманты жыцця, напаўняючы душу надзеяй і ўпэўненасцю ў Божым клопаце пра нас. Яна ўмацоўвае веру і нагадвае пра вялікі дар Хрыста, які аддаўся за нас на крыжы, каб выратаваць нас ад граху і смерці.
Акрамя таго, малітва на Ружанцы яднае нас з іншымі вернікамі. Мы молімся з многімі людзьмі па ўсім свеце, якія таксама шукаюць суцяшэння, моцы і цудаў ад Бога. Важна адчуваць сябе часткай духоўнай супольнасці, бо мы не самотныя ў сваіх малітвах.
Бываюць дні, калі цяжка засяродзіцца, калі думкі разбягаюцца, а словы здаюцца пустымі. Часам здаецца, што ўсё навокал патрабуе ўвагі менавіта ў той момант, калі толькі пачынаеш маліцца. Але варта расставіць прыярытэты, расставіць іх з любоўю і ўвагай.
Цяпер малюся на ружанцы не штодзень. А калі прысвячаю гэтаму час, то з радасцю «сплятаю» прыгожы, поўны любові вяночак з ружаў для Маці Божай.
О, якая ўдзячная я за ружанец, за тое, што ў свой час сястра Дам’яна навучыла мяне маліцца, трымаючы яго ў руках, калі я была яшчэ маленькай! Няхай ён застаецца са мной назаўжды, нагадваючы мне пра вялікую міласэрнасць і любоў Божую, якая ніколі не змяншаецца.
Няхай малітва будзе не проста словамі, але добрай размовай з Госпадам, у якой варта адкрыць перад Ім свае думкі і пачуцці, шчыра просячы аб прабачэнні і дапамозе.
Няхай Ружанец стане і для цябе прыладай у барацьбе са спакусамі, нагадваючы пра вечную мэту хрысціяніна – Валадарства Нябеснае.
А зараз пытанне: чым з’яўляецца Ружанец для цябе?