На Ты-11-2013

Хвала Хрысту!

Па прапанове рэдакцыі спрабую свае сілы ў якасці  вядучага старонкі для  моладзі. Спадзяюся, што з Божай ласкі, з вашым актыўным удзелам, паважаныя сябры, усё  ў нас  атрымаецца. А зараз можаце напісаць на адрас «Дыялога», які пададзены на 3 стар. або на E-mail: na-ty@list.ru.

З  павагай Ілля Лапато.

Пра вечнасць марым ці ў вечнасць верым?

АКТУАЛЬНАKaterina

Мары аб вечнасці – зразумела, вечнасці святла, – напэўна, жывуць у кожным чалавеку. Гэта тычыцца й хрысціянаў, і тых, хто мае іншыя погляды на веру. Як кажуць, “у самалёце, які падае, няма атэістаў”. Калі чалавеку даводзіцца паглядзець смерці ў твар, ён марыць менавіта аб шчаслівай вечнасці. Бо гэта вельмі страшна – думаць, што смерць цела азначае канец усяго.Хрысціяне знаходзяцца ў больш выгодных умовах – бо няварта пакутліва нараджаць гэтыя мары, перамагаючы сумнівы адносна іх жыццяздольнасці. Мы верым у тое, што жыццё на зямлі – толькі першы этап, “пачатковая школка” перад вечнасцю з Богам.У чым розніца паміж марай і верай? “Вера без справаў мёртвая”, – кажа апостал Якаў (Як 2,26). Мара ж можа абмяжоўвацца бясплодным жаданнем. Прынамсі, пакуль не стаецца мэтай. Так, нашая вера сведчыць аб тым, што мы імкнемся да шчаслівай вечнасці разам з Богам. Мы ведаем уласную недасканаласць, ведаем, што нявартыя паўнаты шчасця, але таксама верым у тое, што Бог выбавіў кожнага з нас Ахвярай Езуса Хрыста. Ці толькі мы прымаем гэтае выбаўленне?Бог дае кожнаму з нас шанс. Кожны дзень, кожную хвіліну. Варта толькі скарыстацца з гэтага шансу, даць уласны адказ Божай Любові.Якім можа быць гэты адказ? Кожную хвіліну розным. Напрыклад, дапамагчы таму, хто побач – справай, словам, малітвай. Калі магу нешта зрабіць добрага – мушу зрабіць. Не магу зрабіць, бо дзейсную дапамогу чалавек не гатовы прыняць, – магу падтрымаць словам. Не магу сказаць, бо той не хоча чуць, – магу памаліцца. І кожную хвіліну – пераступаць праз уласную ляноту, абыякавасць да іншых, праз сацыяльныя стэрэатыпы, якія кажуць, напрыклад, што “перавесці бабульку праз дарогу” – гэта смешна і  несучасна…Мара не патрабуе ад нас аніякіх высілкаў. Яна не патрабуе ўдасканалення. Яна не патрабуе часу і намаганняў для крокаў у накірунку мары. Крокаў насустрач шчаслівай вечнасці. Дастаткова ўяўляць сабе, якая яна цудоўная, тая вечнасць.Марнатраўны сын з біблійнай прытчы не толькі марыў аб шчаслівым жыцці ў доме свайго бацькі – ён “устаў і пайшоў”. У той момант, калі я ўстаю і пачынаю рухацца, мая мара становіцца маёй мэтай, але для таго, каб зрабіць першы, самы цяжкі, крок, патрэбная вера. Вера ў міласэрнасць Айца. І, бадай што, толькі вера дазваляе рушыцца ў вечнасць Святла. Толькі яна дае сілы падымацца пасля чарговага падзення. Прыносіць Айцу сваю недасканаласць, сваю слабасць, свой сорам. І прымаць Божую любоў і ласку. І дзяліцца імі з іншымі людзьмі – у малітвах, словах і справах штодзённага жыцця…

  А як  Ты: пра вечнасць  марыш  ці  ў вечнасць  верыш?


ШЧЫРА

Алена Ярмак (парафія свсв.Сымона и Алены, г. Мінск):Alena
– На маю думку, можна сумяшчаць веру  і мары, бо, калі, напрыклад, мы некага кахаем, то марым  аб  тым, каб убачыць яго, і адначасова верым  у  сустрэчу, у тое, што нашыя пачуцці ўзаемныя. Толькі вось, зноў жа, на маю думку, мары – гэта нешта з “галіны” пачуццяў, ці нават фантазій, мары ўзнікаюць і гэтак жа хутка могуць знікнуць. Часам  мы аб нечым толькі марым, але не робім намаганняў, каб асягнуць Мары, і гэта найбольш  небяспечна, калі гаворка ідзе аб небе і вечнасці. З іншага боку, вера –  гэта, у першую чаргу, вернасць, гэта намаганне, гэта штодзённая праца,  гэта настойлівыя крокі да Бога, да шчасця з Ім, вечнага шчасця. Таму варта не спыняцца на ўзроўні мараў, а ісці шляхам веры. Любоў Божая і вечнае шчасце вартыя гэтага, бо мы не жывёлы, нашыя  бессмяротныя душы створаны для вечнасці, а розум і сэрца – для любові і вернасці.
 

Наста Базанец (парафія  Маці Божай Будслаўскай, г. Мінск):Nastia
– Лічу, што мы як верым, так і марым. Верым, абапіраючыся на Божае  Слова. Па-першае, ясна, што ёсць нейкае месца, прыгатаванае для нас, – “у доме Айца Майго абіцеляў многа”. Таксама Божае Слова гаворыць нам, якое гэтае месца “ …і смерці не будзе ўжо, ні плачу, ні воклічу, ні хваробы ўжо не будзе…”. Пра ўсю прыгажосць Нябеснага Ерузалему можна прачытаць у Апакаліпсісе (асабліва раздзел 21).
Але паколькі Бог толькі прыадчыняе гэтую праўду, даючы нам  прыпавесці, вобразы і параўнанні, застаецца таксама месца для мараў. Сонмы святых, крылатыя анёлы, ціхая музыка ці спеў птушак – усё гэта традыцыйнае ўяўленне, а таксама  нашыя  асабістыя  пажаданні, мары… Напрыклад, мяне часам цікавіць: ці будзе ў вечным жыцці звычайнае сяброўства? Ці ўсё ж ёсць той падзел “мучанікі”, “ панны”, “святары” і існаванне напамінае караоке-праслаўленне нон-стоп? Ці можна будзе працаваць і развівацца далей, ці гэта “канчатковы пункт”? У няведанні я проста мару, уяўляю… Але ўсё ж веру, што “ Не  бачыла таго вока і не чула вуха,… што прыгатаваў Бог любячым Яго”.

Алёна Ганісеўская (парафія Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, в. Дзераўная Мінскай вобл.):Алёна Ганисевская
– Вельмі моцна мару сустрэцца з Міласэрным Айцом у абяцанай нам Вечнасці. Каб, сустрэўшыся з Ім, назаўсёды патануць у  Бясконцай Крыніцы Любові! Дакрануцца да рук Пана і ўбачыць Яго ласкавы позірк… Ведаю, што, калі сапраўды верыць усім сэрцам і прасіць дапамогі ў Духа Святога, – усе мары абавязкова збудуцца. 

Анастасія Несцяровіч (парафія  Маці Божай Фацімскай, г Баранавічы):Анастасия Нестерович
– Чалавецтва здаўна марыць аб жыцці вечным. “Але гэта толькі мара, бо людзі так і не знайшлі спосабу перамагчы смерць”, – скажа той, хто не верыць у Бога. Той, хто верыць у Хрыста,  ведае, што жыццё чалавека не заканчваецца смерцю. Жыццё працягваецца ў вечнасці. А ці верым мы ў вечнасць? Мара і веры – два розных паняцці. Я лічу, галоўнае ў нашым жыцці – вера, і, каб трапіць у вечнасць, адной мары мала.
Вера – гэта, як неба, – моцнае і высокае, а мара – як сонца, яскравае і прыгожае. Але сонца з’яўляецца і знікае, як і мара. І мне здаецца, што нашыя мары – гэта толькі нейкія эмоцыі і пачуцці. А эмоцыі і пачуцці не могуць  быць самой верай. І мара можа быць хіба дадаткам да веры…

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий