Хвала Хрысту!
Прывітанне, сябры! 1 лістапада – Урачыстасць Усіх Святых.
Так як жа нам атрымаць жыццё вечнае? Існуе толькі адзін шлях – вера ў Сына Божага, Езуса Хрыста. Ён сказаў: «Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі…» (Ян 11, 25–26).
Не забывайцеся пісаць мне на na-ty@list.ru
Колькі прыступак у лесвіцы
АКТУАЛЬНА
Нашае жыццё на зямлі – толькі імгненне перад вечнасцю. І, напэўна, ты ведаеш чаму, бо на ім не канец, а значыць – будзе працяг, той працяг, які заслугоўвае сэрца кожнага.
Мы, хрысціяне, верым у вечнае жыццё. Вечнасць – гэта тое, што ніколі не скончыцца, што ніколі не спыніцца. Дзень нашай смерці – гэта дзень нараджэння для вечнасці. Для вечнасці з Богам у дасканаласці Яго Любові, або для вечнасці болю. Як думаеш, ад чаго залежыць, якой будзе вечнасць? Здаецца, ад таго, што будзе сэнсам нашага жыцця.
У старажытных егіпцянаў былі прыгожыя ўяўленні аб смерці. Багі, сустракаючы людзей перад брамамі раю, задавалі ім два пытанні: “Ці знайшоў ты радасць у жыцці? Ці прынесла тваё жыццё радасць іншым?” І ў залежнасці ад адказу, вырашалі – упускаць чалавека ў рай ці не.
У мітусні свету мы губляем сапраўдны сэнс жыцця. Але прыйдзе час, і нам трэба будзе даць адказ Езусу, калі Ён запытае, што мы зрабілі за шмат год нашага жыцця на зямлі. Сапраўды, як важна рабіць міласэрныя ўчынкі. Як казаў Джэк Лондан: “ Міласэрнасць – гэта не костка, кінутая галоднаму сабаку. Міласэрнасць – гэта костка, якую вы дзеліце з сабакам, калі вы галодныя таксама, як і ён”. Сапраўды, кожны міласэрны ўчынак – нібы прыступка лесвіцы, якая вядзе да нябёсаў, бо толькі на зямлі мы збіраем скарбы для вечнасці.
Калісьці ўжо казала, што мы павінны пакінуць свой адбітак любові ў жыцці людзей. Памятай, ты смяротны і можаш не паспець зрабіць тое, што адкладаеш на заўтра, зрабіць штосьці важнае для чалавека якога любіш, якога кахаеш, або для зусім незнаёмага чалавека. Мы ж не ведаем, колькі крокаў нам застаецца да вечнасці… Таму трэба не толькі казаць пра любоў, а любіць жывой любоўю, якой навучыў Езус Хрыстус. Дзейнічай.
Якая яна – вечнасць?.. Памятаю словы з прыгожай песні, якую спявае “Новы Ерузалем”:
“…У дызайне Божым няма адзіноты, няма непатрэбных там.
Ніколі там не плачуць ад бяссілля па начах.
Там усіх любяць і чакаюць, не схлусяць, не ашукаюць,
І сябрам не здрадзяць.
…Там для цябе знойдзецца месца, калі хочаш ты.” (Пераклад аўтара).
Бачыш?! Там і для цябе зной-дзецца месца, калі ты хочаш! Але хацець трэба не толькі душою – і розумам, і целам, і сэрцам.
Ведаем… Адразу смерць, потым – вечнасць.
Смерць… Што хаваецца за гэтым словам? Страх, боль, смутак?! І праўда, калі сустракаешся са смерцю, першае, што адчуваеш, – страх. Мы баімся болю, мы баімся страціць гэты свет, тое, што было для нас у гэтым свеце. Ведаеш, я шмат разважала на гэтую тэму са сваім добрым сябрам, і Бог праз яго шмат адкрыў майму сэрцу. Нехта скажа: сапраўды, як можна, маючы веру, баяцца памерці? Як казаў св. Хасемарыя Эскрыва: “Пакуль ты, па волі Божай, жывеш на зямлі, жадаць смерці было б баязлівасцю. Жыць! Жыць, пакутаваць і працаваць у імя Любові: вось твой надзел.”
А ты пра што болей думаеш – пра вечнасць ці пра жыццё на зямлі?