Хвала Хрысту!
Вітаю, цябе, даражэнькі! Нашае жыццё на зямлі ўсяго толькі імгненне перад вечнасцю… Будзе працяг, той працяг, якога заслугоўвае тваё сэрца. Таму не шукай адгаворак і апраўданняў, а спяшайся ТВАРЫЦЬ дабро! Ці ты думаеш інакш? Напішы мне na-ty@list.ru
Сакрэт хрысціянскай радасці
АКТУАЛЬНА
Існуе такое назіранне: чалавек нараджаецца і плача, а ўсе – радуюцца. Адразу пытанне: як трэба пражыць жыццё, каб напрыканцы сталася наадварот – каб радаваўся ты? Кожны дзень – гэта, можна сказаць, жыццё “ў мініяцюры”. Толькі не варта казаць пра тое, што адзін дзень нічога не вырашае, бо НАВАТ ДУМКА, якая прамільгнула ў нас у галаве, вядомая Богу і расцэньваецца як водбліск дабрадзейнасці або як змрочны цень заганы.
Такім чынам, думка можа стаць як светлым водбліскам вечна зіхат-лівай Любові, якая вядзе нас у праўдзівы дом вечнай радасці, так і зманлівым блікам, як міраж, які зацягвае на пагібель ў пустыню пусткі і бязвер’я, дзе не застаецца ўжо больш Надзеі на выратаванне… Гэта азначае, што любы момант нашага дня можа стаць зыходным пунктам нашай вечнасці. Можна сказаць, АДЗІН ДЗЕНЬ – ГЭТА ЦЭЛЫ СВЕТ, ЯКІ НЕЛЬГА ЗГУБІЦЬ, правесці марна, пусціўшы на самацёк; трэба ўзяць яго пад кантроль, даверыўшыся Нябеснаму Айцу.
Св. Ян Павел II заўважыў: “Будучыня пачынаецца не заўтра, але сёння”. І сапраўды, кожны дзень з’яўляецца часткай той дарогі, якую Бог прызначыў чалавеку. Ён зрабіў гэта з любоўю і клопатам пра нас, ведаючы, што мы зможам гэта выканаць, пераадолеўшы ўсе цяжкасці і непрыемныя здарэнні. Наш Нябесны Айцец падрыхтаваў выдатны план, для кожнага свой і непаўторны. Не варта забываць пра гэта і тады, калі нашае жыццё засцілае цёмная хмара бязладнасці. Калі мы будзем прымаць з любоўю і пакорай усё тое, што нам дае Айцец, нашае жыццё будзе больш зразумелым і значным. Яно будзе мець сэнс. І жыццё будзе прасцей, таму што не трэба будзе прыдумляць апраўдання сваім памылкам, якія мы здзейснілі, не трэба будзе разблытваць тое, што мы з лёгкасцю і бяздумна заблытваем на працягу ўсяго нашага жыцця.
Ёсць такая прытча: “Ішоў па ву-ліцы чалавек і ўбачыў хлопчыка, які сядзіць на зямлі. Хлопчык быў у аба-рванай бруднай вопратцы, быў галодны і плакаў. Чалавек абмінуў гэтага хлопчыка, падняў галаву да неба і ўсклікнуў: “Божа! Калі ты ёсць, то чаму дазваляеш такую несправяд-лівасць? Чаму Ты нічога не зробіш?”. Адказу не было, і чалавек пайшоў далей. Праз некаторы час пачуў голас з неба, Які сказаў: “Я думаю, што зрабіў дастаткова. Я стварыў ЦЯБЕ”…
Мы з’яўляемся прыладамі ў руках Бога. Для кожнага з нас ёсць асобны план, і мы ў стане яго ажыццявіць. Але нават, калі людзі разумеюць гэтую простую ісціну, яны забываюцца на самае галоўнае, на чым усё палягае, – забываюцца пра давер да Езуса.
Канешне, нашы адносіны з Богам – гэта асабістая справа кожнага. Але, каб яны развіваліся, нам неабходна Ласка. Не варта забываць, што мы ўсяго толькі стварэнні і без свайго Створцы на самай справе нічога не можам, а тое, што нам здаецца магчымым, дзякуючы нашым намаганням, – толькі ілюзія, узгадаваная на палетках нашага непамернага эга.
Такім чынам атрымоўваецца, што, каб напрыканцы жыцця быць радаснымі ад усведамлення таго, што ў хуткім часе нашае зямное пілігрымаванне пяройдзе ў шчаслівае жыццё ў вечнасці, нам неабходна рабіць правільныя выбары, згодныя са сваім сумленнем і Любоўю да Нябеснага Айца, ужо цяпер. А для гэтага нам патрэбна толькі адно – цалкавіты давер да Пана Бога.
Вось на чым палягае сакрэт хрысціянскай радасці.
P. S. Дзякуй Вікторыі Навасад за дапамогу і цікавыя думкі!
А зараз пытанне: што б ты хацеў пакінуць пасля сябе на зямлі?