Хвала Хрысту!
Ці разважаеш ты пра вечнасць? Ці,можа, увесь час думаеш пра тое, як жыць тут, на зямлі, як зрабіць, каб было добра і ўтульна, як пазбегнуць хваробы, ці, можа, як зарабіць на круты тэлефон… А вечнасць? Ой, зноў забыўся. Езус думае пра нашую вечнасць; мы – пра зямное. Сёння перад сном паразважай пра сваю вечнасць. Твой сённяшні дзень – гэта чарговы крок на сустрэчу з ёю. І ці гэта крок да Нябеснага Валадарства?
Разважанні падрыхтавала Ганна Мезіна (г.п. Бараўляны, парафія Маці Божай Успамогі Хрысціянаў). А ты пішы мне на Dialog-na-ty@tut.by
Твой крок у вечнасць
АКТУАЛЬНА
Душа несмяротная, такім чынам яна жыве ў вечнасці. Але што такое вечнасць і як будзе ў ёй?
Існуе шмат разважанняў на тэму вечнасці, але самае цікавае – як там будзе ў ёй? Вечнасць роўна бясконцасць. Гэта значыць той стан, у якім не будзе канца. У разважаннях Фаустыны Кавальскай мы можам прачытаць, што вечнасць у пекле – гэта не проста вогненныя катлы, але нешта зусім іншае. Вечнасць – гэта пэўны стан. Напрыклад, радасць. Закрыйце вочы, усміхніцеся і ўспомніце самую радасную падзею ў вашым жыцці … Так вось і cа станам ў вечнасці. Душа, якая патрапіць ў рай, будзе вечна знаходзіцца ў радасці і супакоі. Неверагодны і прыемны стан. Наадварот будзе ў пекле. Прарабіўшы прыём, апісаны вышэй, толькі ў процілеглы бок, вы крыху зразумееце стан, які чакае душу ў вечнасці пекла. Ключавое слова – у вечнасці. Цяпер вы гэта ўяўляеце.
Цела ж – гэта посуд, душа – каштоўны напаўняльнік. Я веру ў тое, што душа… яна жывая, ўсё памятае і ніколі не памірае. Яна – несмяротная. І гэты факт лёгка растлумачвае сэнс малітвы, напрыклад, да святых.
Жыў-быў чалавек тут, на зямлі, з намі, як мы цяпер тут ёсць, і як кожны з нас насіў у сваёй пасудзіне каштоўны напаўняльнік, які заўсёды быў, ёсць і будзе, бо жыве вечна. У малітве мы маем зносіны душамі. Калі мы кагосьці прасілі аб малітве за нас пры жыцці, то таксама можам папрасіць аб малітве і пасля, ведаючы, што ў душы няма канца. Роўна, як і маліцца за гэтую душу мы можам працягваць, я думаю, але ўсё ж лепш старацца рабіць гэта тут. Заўсёды старайцеся ўспамінаць пра гэта, калі хтосьці просіць вас аб малітве, бо, як мы ўсе ведаем, але верагодна не заўсёды верым, ніякая малітва не застаецца непачутай. Ніякай містыкі, проста так ёсць.
Памяць, менавіта гісторыя нашых продкаў існуе для таго, каб нашыя наступныя пакаленні маглі даведацца, што адбывалася ў жыцці людзей з папярэдніх пакаленняў. Не было б памяці, не было б гісторыі. У гісторыі могуць быць як добрыя, нават гераічныя справы, так і ўчынкі злыя, брыдкія. На жаль, незалежна ад катэгорыі, яны назаўсёды застаюцца ў памяці, з чаго і складаецца гісторыя. Памяць – гэта больш пра мінулае, але гісторыя, на маю думку, – гэта пра будучае.
Немагчыма перапісаць гісторыю жыцця кагосьці, але кожны з нас сам можа вырашыць, якую гісторыю ён хоча пакінуць пасля сябе. Менавіта ў гэты момант, менавіта сваім наступным крокам, сваім рашэннем, з вялікаю вераю ў сябе і ў тое, што ты ніколі не застаешся адзін, ты можаш пакінуць шмат добрых пладоў.
Падумай. Натхняю цябе на тое, і няхай добры Бог табе дапаможа.
А зараз пытанне: што дае нам памяць пра памерлых?