Хвала Хрысту!
Мы з вамі пакліканыя да святасці. Пакліканне да святасці не азначае, што нам трэба хутчэй паміраць, каб быць святымі ў Небе. Быць пакліканым да святасці – значыць, жыць цудоўным жыццём з Богам ужо тут і цяпер, праз усё жыццё рыхтаваць сваё сэрца да сустрэчы з Айцом. Не забывайся пісаць мне на Dialog-na-ty@tut.bу
Працяг таго, што пачынаецца на зямлі
АКТУАЛЬНА
Пакуль жывём, можам уплываць на нашую вечнасць, нават у апошні момант нашага жыцця. Да апошняга моманту можам зрабіць нешта дзеля нашага збаўлення. У момант смерці гэтая магчымасць заканчваецца – становімся перад абліччам Справядлівага Суддзі і тады ўжо для сябе нічога зрабіць не можам. Але тыя, хто застаўся на зямлі, могуць дапамагчы, ахвяраваўшы свае малітвы.
Мы, хрысціяне, жывём, як усе, – працуем, адпачываем, натхняемся, ствараем, паміраем. Але, з іншага боку, мы не як усе, таму што верым, што нашае жыццё не заканчваецца ў момант смерці. І гэта для нас не толькі суцяшэнне, калі памірае нехта блізкі, гэта – надзея. Мы верым у жыццё вечнае, верым, што тут, на зямлі, гэта ўсяго толькі пачатак жыцця, а на нябёсах чакае нас Айцец, вечная радасць жыцця з Богам, працяг таго, што пачынаецца для нас на зямлі.
Мы часта пагружаныя ў што-дзённасць, забываем, што нашае жыццё не заканчваецца ў момант смерці, не задумваемся аб вечнасці. У гэтыя дні, у пачатку лістапада, Касцёл засяроджвае ўвагу на вечнасці. Мы як быццам зазіраем на іншы бок нашага жыцця.
Гэтыя дні дапамагаюць нам нагадаць сабе аб вечным жыцці. Яны павінны прымусіць нас задумацца аб тым, як мы рыхтуемся да апошняга свайго моманту на зямлі, да сустрэчы з Богам.
Не ведаем моманту нашай смерці… Часам яна прыходзіць раптоўна, нечакана… Хто сказаў, што мы заўтра яшчэ будзем жыць? Страшна? Але ў ідэале, хрысціянін рыхтуецца да смерці, ён заўсёды гатовы. Чалавек мае ўсяго толькі адну праблему, а ўсе астатнія – гэта наступствы… Нам не хапае веры. Калі б мы так цалкам, да канца верылі, давяралі Богу, мы б нічога не баяліся – нават смерці.
Лістапад. Малітва за памерлых. Наведванне могілак. Молімся, бо жадаем дапамагчы сустрэцца з Айцом тым, каго ўжо няма сярод нас. У знак нашай памяці запальваем свечкі… У гэтыя дні могілкі становяцца прыцягальнымі – там нашыя родныя, нашыя карані, там месца іх апошняга прыстанку на зямлі. Шкадуем, што не паспелі сказаць ім нешта вельмі важнае і не паспелі іх самых паслухаць…
Пытанне: што дае табе наведванне могілак?