Хвала Хрысту!
Крыху любові – гэта вельмі шмат… Ці ты так не лічыш? Паразважай сам-на-сам шчыра, а пасля напішы мне, да якой высновы прыйшоў, на Dialog-na-ty@tut.bу
Спяшайцеся любіць
АКТУАЛЬНА
Як пісаў кс. Ян Твардоўскі, «Спяшайцеся любіць людзей, бо яны хутка адыходзяць».
Лістапад запрашае нас глыбей задумацца над жыццём. Менавіта над жыццём. У касцёлах, асабліва ў гэтыя дні, будзем успамінаць памерлых, але не пра смерць запрашаю вас паразважаць, а пра жыццё.
Многія ведаюць прыказку: «Куй железо, пока горячо». Цікава, што і іншыя культуры маюць гэтую мудрасць. Напрыклад, у Інданэзіі кажуць: «Падстаўляй вядро, пакуль вада цячэ». А ірландцы кажуць: «Зачыняй вароты, пакуль конь не збег». Жыццё дае нам шмат шансаў, кожны дзень прыносіць нешта цікавае. Маленькія і вялікія магчымасці. Часам хаваюцца яны за хмарамі штодзённасці, за туманам стомы. І гэта могуць быць сапраўдныя скарбы, якія не заўсёды бачым, нават калі спатыкаемся аб іх. Падумай аб сваіх скарбах. Уважліва паглядзі, што Бог табе дорыць. Няхай хопіць сёння табе мудрасці, каб убачыць скарбы. Падзякуй Госпаду за благаслаўленні і стань сам благаслаўленнем для іншых людзей.
Мы глядзім і не можам убачыць, таму што нам важней, каб убачылі нас. Мы чуем і застаёмся глухімі, таму што мы хочам сказаць, а не слухаць. Мы не здольныя любіць, таму што нам трэба, каб любілі нас. Так і прайходзіць нашае жыццё.
«Слухаюць, а не чуюць» (Мц 13, 13). Мы маем вушы, маем добры слых, але не чуем. Слухаем Слова Божае на святой Імшы, але толькі скончылі чытаць, а мы ўжо не памятаем, пра што там было сказана. Муж і жонка часам скардзяцца адзін на аднаго: “ён мяне не чуе”, “яна мяне не чуе”. Вядома, фізічна чуе, але паводзяць сябе так, нібы не чуюць. Гэта праблема не ў органах пачуццяў, але ў сэрцы. Нейкая ўнутраная закрытасць. А ўсё вельмі проста: глядзі, слухай і любі сам. І тады адбываецца найвялікшае з цудаў – чалавек адкрываецца ў неверагоднай прыгажосці свайго сэрца. І тваё ўласнае сэрца зменьваецца.
Божа, дапамажы нам адкрыцца. Адкрый тое, што ў нас закрытае. Адчыні нашыя вушы, каб мы чулі Твае Словы. Адчыні нашыя вушы, каб мы чулі сваіх блізкіх, якія хочуць з намі паразмаўляць, якім патрэбна наша ўвага, дапамога і падтрымка. Адчыні нашыя вушы, каб ніхто, асабліва нашыя блізкія, не сказалі «ён мяне не чуе». Скажы над намі Сваё «эфата», каб адкрылася нашае зачыненае сэрца, каб сэрца наша адкрылася на Цябе, каб мы верылі у Цябе, пакланяліся Табе, любілі Цябе. І таксама, каб мы любілі родных, бліжніх, менавіта тут, на зямлі, пакуль яны жывыя, пакуль мы жывыя. Дапамажы, каб мы не баяліся, не хаваліся, не саромеліся, не ўцякалі ад людзей. Адкрый нашыя сэрцы, дадай нам моцы і любові, каб мы пасля не шкадавалі, што час хутка ўцёк і мы не паспелі шчодра падарыць любоў родным і бліжнім. Скажы Сваё «эфата», каб развязаўся наш язык, каб мы праслаўлялі Цябе. Развяжы наш язык, каб мы знаходзілі добрыя, мудрыя словы, словы любові для сваіх родных і бліжніх, і для ўсіх, каго сустракаем на дарозе жыцця.
Трэба спяшацца любіць людзей, бо яны хутка адыходзяць.
А зараз пытанне: як будуеш адносіны з блізкімі, каб пасля ні аб чым не шкадаваць?