Хвала Хрысту! Прывітанне, сябры!
Даражэнькiя, настае маё любімае свята – Божае Нараджэнне! Час радасці, захаплення і незвычайных уражанняў.
Гэта будзе незвычайны дзень! Давайце пакінем мітусню, адчуем прысутнасць Маленькага Хрыстуса ў сэрцы і прынясем Яму самы-самы лепшы падарунак!
Усіх шчыра віншую з Раством!
Не забывайце пісаць мне на na-ty@list.ru
Стань Яму падарункам
АКТУАЛЬНА
Хрыстос нарадзіўся! Бачу – ты не здзівіўся.
Але ў гэты дзень здзіўляць павінна ўсё – прымі да сэрца Божае Раство!
Срэбраны снег, што ўсё зацерушыў, – глядзі, дзяцей як ашчаслівіў, узрушыў!
Як вочы гараць іх – ярчэй за сняжынкі! Якія бялюткія хлопцы, дзяўчынкі!
…Мітусішся па крамах, скупляеш паштоўкі, між вітрынаў бліскучых мінаеш пляцоўкі.
І штосьці з дзяцінства пад ёлкай знаходзіш, па пышнай хваінцы рукою праводзіш.
І блізка, так блізка ты адчуваеш, што ўсё зразумееш, што ўсё разгадаеш:
адкуль у тваім сэрцы радасці столькі, чаму падзяліць сэрца хочаш на долькі,
раздаць іх без рэшты, ахвярна, без слёз – раздаць без сумніву, раздаць, як… Хрыстос…
Хрыстос! Яго сэрца заўсёды шукала! “Бог нарадзіўся!” – душа ўсклікала.
Ён сярод нас! Ты ўжо адчуваеш? Вер – толькі з Езусам шчасце спазнаеш.
Адкінь усе крыўды, дарослыя рэчы. Езус Маленькі прагне сустрэчы.
Прыйдзі найхутчэй на спатканне з Ратункам, Ён прагне цябе – стань Яму падарункам.
Пакінь мітусню, у спакой апраніся, да ясляў з Дзіцяткам Святым прытуліся.
І ў беднасці гэтай, у гэтай галечы разгледзіш маленькія кволыя плечы,
Што крыж твой узнясуць на вяршыню Галгофы, каб лёс твой мінуў небыцця катастрофы.
Бог стаў чалавекам, каб стаць табе блізкім,
Ён годнасцю справіў, што лічыцца нізкім.
Уславіў бядноту, простач і сціпласць, узвысіў любоў, адкрыў Божую міласць.
Мы ўсцяж замыкаем жыццёвыя колы – стужкі, прэзэнты, чарговыя словы.
Губляем за гэтым мы сутнасць Раства, не бачым любові жывой хараства.
Прачніся! Прачніся! Бог побач з табою! Любоўю ўзмацніся гэтай ноччу святою.
Бог любіць цябе і прабачыць правіны. Прабач ты сабе і таму, хто павінны.
І радасны плач Хрыста Немаўляткі зробіць шчаслівым жыццё і Калядкі.
Збяры ўсіх сяброў, збяры незнаёмых – і будзеш мець ў Небе суседзяў знаёмых!
Дзве тысячы год свеціць усім нам нязменна – Зорка, што блізіць да Бэтлеема.
Чакаюць нас там каралі і Анёлы – дзве тысячы год гучыць спеў іх вясёлы.
Віншую цябе, даражэнькі мой дружа, усціскаю ў сэрцы цябе дужа-дужа!
Жадаю табе ад Малюткі Хрыста сапраўднай любові ў свята Раства,
Цукерачак смачных, пячэнікаў круглых, шырокіх усмешак сяброў тваіх чулых.
Шчасця багата і радасці Божай, крочыць збаўлення дарогай прыгожай.
Сказаць на пакліканне Божае “так”, мы – пэндзлікі Бога, а Бог ёсць – Мастак.
Фарбай-малітвай распішам мы дні, вясёлкавых колераў будуць яны.
Спавіты на сене, у просценькіх яслях Хрыстос нарадзіўся для нашага шчасця.
P.S. Дзякуй Табе, Божа, за сябра Руслана, які дапамог праславіць Цябе і напісаць прыгожае віншаванне з Раством для чытачоў. Дзякуй!
А зараз пытанне : які падарунак Нованароджанаму рыхтуеш ты?