Хвала Хрысту!
Паглядзі ўнутр свайго сэрца, цiмаеш ты надзею быць з Езусам пасля смерці? Гэтая надзея – паказчык чысціні твайго сэрца! «І кожны, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, бо Ён чысты» (1 Ян 3,3). Не забывайся пісаць мне на na-ty@list.ru.
Чыстае сэрца
АКТУАЛЬНА
Сучасны свет ахоплены цяжкай хваробай, якую можна назваць”стомленасцю душы”. Праявы гэтай хваробы разнастайныя, але ёсць адзін агульны сімптом, а менавiта, чалавек адчувае сябе няшчасным, ён стаміўся ад жыцця, яму здаецца, што ён пляцецца па мёртвай даліне, не ведаючы, куды і навошта.
Чаму сучасныя людзі няшчасныя? Бо грэх, з якім яны звыкліся і зрадніліся, адабраў у іх самае каштоўнае – чысціню сэрца. Вялiкая радасць i святло ў чысцiнi. А ў граху, вядома, пустата і смутак.
Як стаць шчаслівым? Як знайсцi сапраўднае, а не iлюзiю шчасця? Як захаваць радасць, якая не падмане, якая застанецца ў сэрцы, нiбы свежы глыток паветра?
Для гэтага трэба змагацца з грахом, як з лютым ворагам, якi знiшчае ўсё. Сэрца кожнага з нас – гэта вялікая таямніца. У сэрцы знаходзiцца ўсё нашае жыццё, усе перажыванні душы. Нічога ў жыцці не праходзіць бясследна, усе пакідае адбiтак у памяці сэрца нябачнымі сімваламi, таму не трэба эксперыментаваць.
Трагедыя ў тым, што мы забылiся пра галоўнае ў духоўным жыцці – пра захоўванне сэрца, пра неабходнасць агаро-джваць яго ад граху. ”Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё, бо ў ім крыніца жыцця” (Прып 4, 23). Захоўвай сваё сэрца. Пакiнь усё, што табе перашкаджае, каб захаваць чысціню. Сябра, як моцна табе хочацца атрымаць перамогу над грахом? На якія меры ты гатовы пайсці дзеля Езуса ў сваiм сэрцы? Чысціня даступная толькі тым, хто па-сапраўднаму яе прагне.
Запоўнi сваё сэрца чысцінёй. Яно не можа быць пустым. Цемра – гэта адсутнасць святла. Хочаш расстацца з цемрай? Хочаш мець чыстае сэрца? Напаўняйся святлом Божым! Май зносіны з Богам, напаўняй сябе Яго Словам, стасуйся з благаслаўлёнымі людзьмі, рабі іншым дабро. Ты ўбачыш, як тваё жыццё будзе мяняцца! I павер, нiводны неверагодны запал, якім бы ён «надзвычайным» ні быў, не варты абмену на чыстае сэрца.
Бог дапамог мне зразумець, што чыстасць сэрца пачынаецца з… Чысцінi рук – заўсёды быць адкрытым на iншага чалавека.
Чысцінi вушэй – не слухаць узлаванасць, плёткi.
Чысцінi вачэй – не глядзець з зайздрасцю і пажадлівасцю.
Чысцінi вуснаў – праслаўляць Бога, не казаць пустых слоў.
Чысцінi цела – захоўваць цнатлiвасць.
Чысцінi думак – вызваліцца ад негатыўных, злых, пахабных думак.
Чысцінi душы – кантраляваць свае эмоцыі і душэўныя парывы.
А зараз пытанне: з чаго пачынаецца чыстасць тваёй душы?