На Ты-12-2018

 

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Хвала Хрысту!
Зялёная ёлачка – гэта не проста так. Гэта вечна зялёнае дрэва. Зіма холадам і пустатою пранізана, а яна зялёненькая стаіць… Нібы сімвал вечнага жыцця, якое Езус Хрыстус прынёс у свет… І толькі зараз жыццё у людзей робіцца нібы штучнае, і ёлкі ў дамах стаяць штучныя. Толькі ты, калі ласка, не забывайся пра галоўнае –   Езус нарадзіўся для цябе. І пішы мне на  адрас: na-ty@list.ru.

 

 

Святая ноч

 

 

АКТУАЛЬНА

 

У маім жыцці ёсць такая пара, якую я называю прадчуваннем любові.nativity scene
Калі сярод снежнай зімы раптам выглядае промень сонца, калі прачынаюся раніцай  з адчуваннем шчасця і прадчуваючы падарункі. А ў Бога падарункаў шмат. Ён прыходзіць з мяшком, поўным таямніц. У такую пару хочацца ўсклікнуць кожнаму, каго сустрэнеш: “Бог з намі!”.
Божае Нараджэнне… Доўгачаканае радаснае свята. З такой яснасцю адчуваецца ўзаемнае разуменне, любоў і свет, ціхая радасць у сэрцах, пра якую анёлы спяваюць “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой…”. Гэтыя хвіліны не сціраюцца ў памяці, мы нясём іх з сабою праз усё жыццё.
Мы бачым, ведаем, адчуваем, што гэтая ноч асаблівая – ноч святая, ноч збаўлення. Ён зрабіў усё, каб сустрэцца са мной твар у твар. Ён стаў чалавекам. А ці раблю што-небудзь я, каб з Ім сустрэцца, калі Ён зрабіў усе, каб сустрэцца са мной? Можа Ён не настолькі важны, не настолькі вялікі ў маім сэрцы, каб наблізіцца да Яго?
Калі сёння глядзім на яслі, спяваем прыгожыя калядныя спевы, у цішыні ночы молімся і разважаем пра Нараджэнне Езуса, варта задаць сабе пытанне: “А хто Ён асабіста для мяне?”. Не саромейся, папытай у сябе самога, каб твая вера не была абстрактнай, каб ты рэальна мог адчуць Яго прысутнасць.
Не  так  даўно глядзела  відэа, дзе настаўнік раздаў сваім студэнтам белыя лісты паперы з адной невялікай чорнай кропкай у цэнтры ліста. Папрасіў, каб маладыя людзі  напісалі сачыненне аб тым, што яны бачаць. Усе апісвалі чорную кропку, але ніхто не заўважыў белую прастору. Так часта мы заўважаем усё, акрамя Яго ласкі, якую несупынна нам дорыць Госпад. Але ты звярні ўвагу на Яго. І потым у Яго святле ўбачыш усё астатняе.
Сябра, я жадаю табе, пражыць гэтае Раство з поўным шчасця сэрцам. Можа ты не маеш таго, што хочаш, але павер, Бог ужо даў табе тое, што Ён хоча табе даць. Будзь шчаслівы побач з сваёй сям’ёй, адчуй гэта свята па-новаму, але з трывалай традыцыяй Касцёла ў сваёй сям’і.

 

Пытанне: якія з традыцый тваёй  сям’і  захоўваеш  і якія цябе  хвалююць  найбольш?


 

ШЧЫРА

 

 Святлана Астасевiч, (г. Мінск, парафія св. Андрэя Апостала і Леапольда  Багдана Мандзiча):Света Астасевич
– Раство – гэта заўсёды радасны час, напоўнены супакоем і цішынёй побач з маленькім Езусам. Наша сям’я  падрыхтоўку да свята пачынае разам з усiм Касцёлам:  у часе Адвэнта асабліва удзяляeм час малітвe, дома абавязкова робім адвэнтовы вянок, удзельнічаем у Раратах. Наша служэнне ў Касцёле перад Раством – гэта стварэнне дэкарацый – таксама дапамагае больш глыбока перажыць таямніцу ўцелаўлення Хрыста.  А на Раство дома заўседы побач родныя, усмешкі, падарункі, смачныя стравы і абавязковы ўдзел у Пастэрцы і калядкі.

Анастасiя Наумчык (г. Гродна, парафія Адшукання Святога Крыжа):Анастасия Наумчык
– У маёй сям’і Раство – гэта свята, якое мы заўсёды сустракаем разам.  Стараемся падтрымліваць асноўныя традыцыі: чакаем першую зорку на небе, ставім 12 страваў на стол (абавязкова куцця, рыба, вушкі, суп з грыбамі і інш.), чытаем Евангелле, супольна  молімся перад вячэрай, дзелімся  аплаткам і выказваем адзін аднаму цёплыя пажаданні напрыканцы. Некаторыя традыцыі лічу асаблівымі, якія засталіся яшчэ з часоў дзяцінства. Напрыклад, калі мы аздабляем ёлку, то рабіць гэта  пачынае тата: ён прыбірае вяршыню дрэўца, а потым далучаюцца ўжо дзецi. І яшчэ адна традыцыя – гэта калядкі. Хтосьці грае на акардэоне, хтосьці – на піяніна, а хтосьці цудоўна спявае. Усе разам мы ствараем малы аркестр.
Вiкторыя Навасад (г. Ваўкавыск, парафія св. Вацлава):Викторыя Навасад
– Яшчэ з дзяцінства  Божае Нараджэнне ў маім жыцці займае асаблівае месца.  Як зараз  бачу, як па адчувальным толькі сэрцу памкненням мае родныя з розных куткоў  з’язджаліся ў невялікую вёсачку, дзе жылі дзядуля з бабуляй; памятаю, як прыемна скрыпела снежнае срэбра пад нагамі, як цёпла сагравалі душу промні маленькіх агеньчыкаў з кожнай шыбы, што сустракала нас па дарозе. Памятаю, на стале заўсёды ставілі дадатковую талерку для Госця.  Цяпер ведаю дакладна, што  менавіта Езус збіраў  нас, каб не толькі нанова нарадзіцца ў сэрцах кожнага, але і каб МЫ, як СЯМ’Я ПРЫНЯЛІ гэты ДАР з Неба,  і каб ЎЗРАДАВАЛІСЯ і ДЗЯЛІЛІСЯ гэтым шчасцем і каб былі гатовымі дзяліцца гэтым ДАРАМ! Кожнаму чалавеку патрэбна заўседы помніць пра «дадатковую талерку», таму што заўсёды і ўсюды ў кожным чалавеку жыве Езус.
Анастасія Муціловіч (г. Ліда, парафія Ўзвышэння Святога Крыжа):Мутилович
– У кожнай сям’і існуюць свае традыцыі. Сямейныя традыцыі – гэта тое, што аб’ядноўвае ўсіх членаў сям’і, робячы іх жыццё радасным. Вы спытаеце, навошта яны патрэбныя? Традыцыі збліжаюць сям’ю, робяць яе сапраўднай крэпасцю, дзе кожны адчувае сябе ўпэўнена і бяспечна. Ёсць таксама традыцыя на Божае Нараджэнне – усёй сям’ёй збіраемся ў дзядулі і бабулі. Абменьваемся падарункамі, а потым усе разам накіроўваемся ў касцёл – спачатку пагля-дзець батлейку, а пасля – прыняць удзел у Святой Імшы.

 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий