Хвала Хрысту!
Першы падарунак на Раство быў простым і святым. Гэта быў падарунак любові, жыцця, міру і надзеі. Таму што так Бог палюбіў свет, і мяне, і цябе, і абсалютна кожнага, што падарыў Свайго Сына, самога Хрыста. У Ім – сутнасць Нараджэння. Ён і ёсць гэты Падарунак. У гэтае свята Раства адкрый для сябе Яго. Прымі гэты дар.
Разважанні падрыхтаваў кс. Яўген Вінтоў. А ты пішы мне на: Dialog-na-ty@tut.by
Чаканне
АКТУАЛЬНА
Чаканне на Божае Нараджэнне – гэта асаблiвы час, калi навокал усё сцiхае i кагосьцi чакае. Чаканне – гэта час, калі ты баішся забыцца аб чымсьці важным. У Каталіцкім Касцёле існуе прыгожая традыцыя у часе Адвэнта – Святая Імша, прысвечаная Найсвяцейшай Панне Марыі (Рараты). Ад дзяцiнства я вельмi люблю Рараты.
Гэтая прыгожая Лiтургiя з лямпамi быццам пагружае ў глыбiню незвычайнага часу.
Святло, якое ўжываецца падчас Раратаў, асаблiвым чынам падкрэслiвае прагненне чакання на прыйсце Езуса Хрыста; гэта таксама прыклад наследвання мудрых паннаў, якiя выйшлi насустрач гаспадару, каб увайсцi на вяселле.
Кожнае Свята Божага Нараджэння для мяне – гэта момант удзячнасцi Пану Богу за дар адкуплення i збаўлення. Заўсёды, калi ўглядаюся ў Малога Езуса ў яслях, перажываю момант сустрэчы кагосьці маленькага, але адначасова вялiкага. Гэта Любоў i Ўваскрашэнне ў адным.
Углядаючыся ў сцэну ў Бэтлееме, варта таксама паразважаць над прыкладам асоб, якія былі блізка Немаўляці. Першая – Марыя, якая была побач з Езусам, Яна заўсёды вучыць iсцi за Iм. «Няхай мне станецца паводле Твайго Слова» – просты адказ Марыi, але які ён глыбокi! Звычайнымі словамі яна наблiзiла iншых людзей да Бога. Мець прагненне Бога i адказваць на Яго словы – гэта адна з галоўных задач хрысцiянiна. Другая асоба – Святы Юзаф – сiмвал чысцiнi. Сiмвал чалавека, якi многае не разумее, але верыць i iдзе за голасам Бога. Якi праз паслухмянасць атрымлiвае дар мудрасцi i дар сведчання. Святы Юзаф, апякун Збаўцы, – просты чалавек, якi жыве спакойным жыццём, але напоўненым Божым променем. Два самыя блізкія на зямлі – Марыя і Юзаф – гэта ў якімсьці сэнсе дар і прыклад для нас, як Бог дзейнічае праз Божае Слова і свае Дары ў штодзённым жыцці.
Чаго асаблiва я чакаю ад Божага Нараджэння? Перамены свайго сэрца і перамены iншага чалавека. Гле-дзячы на Немаўлятку Езуса, яшчэ болей усведамляю патрэбу вучыцца любовi да блiжняга. У гэтым дапамагае мне Слова Божае, а асабліва – прыклад Марыі, якая слухала і адказвала на Божыя заклікі. Момант чакання, менавіта на Свята Божага Нараджэння, – гэта дар веры, які не дае чалавеку «заснуць» у духоўным жыцці. Няхай радасць Божага Нараджэння нас распальвае і дае сілы ў штодзённым жыцці.
А зараз пытанне: чаго ад Божага Нараджэння чакаеш ты? Аб чым у гэты час марыш?