Хвала Хрысту! З надыходзячым Святам Божага Нараджэння!
Бог мой, пакажы Сваю славу ў нашых сем’ях. Няхай кожная сям’ будзе знакам Тваёй славы, Тваёй прысутнасці, Твайго благаслаўлення. Разважанні падрыхтавала Ганна Зяленская (г. Мінск, парафія св. Сымона і св. Алены). А ты, калі ласка, не забывайся пісаць мне на Dialog-na-ty@tut.by
Сям’я – гэта новая планета
АКТУАЛЬНА
Шчыра кажучы, калі мы з мужам стаялі перад алтаром, мы яшчэ слаба разумелі тую велізарную адказнасць, якую панясём за дадзены нам Богам дар стварэння новага жыцця. Добра, што ў нас хаця б было даволі асэнсаванае меркаванне пра тое, што такое шлюб, і ніхто не будаваў ілюзій наконт таго, што гэта бу-дзе лёгка. Абодва разумелі: каханне патрабуе шмат самаадрачэння, а сям’я – гэта зусім новы свет, цэлая планета, сапраўднае поле бою, сукупнасць сітуацый і праблем, у якіх мы будзем узмацняць нашы характары і ствараць новых сябе, для таго каб здолець любіць так, як задумаў Бог.
Перакананая, што менавіта з нас саміх – мужа і жонкі – пачынаецца адказнае бацькоўства. Каб прыняць і выхаваць дзіця, мы павінны спачатку прыняць і выхаваць сябе. Бацькі не змогуць выхоўваць дзяцей пра-вільна, калі самі спачатку не навучацца ўрокам самавалодання, цярпення, вытрымкі, пяшчоты і любові. Таму, думаю, асноўны сакрэт пра-вільнага выхавання – гэта ў першую чаргу сталасць саміх бацькоў, адзінства, цэласнасць іх саюзу, радасць у служэнні адзін аднаму.
Аднойчы “новаспечаныя” бацькі спыталі мудраца: «У якім узросце нам трэба пачынаць выхоўваць нованароджанага?”. “Вы спазніліся як мінімум на 9 месяцаў», – адказаў ім ён. І я цалкам з гэтым згодна. Псіхолагамі даказана, што жыццё ва ўлонні маці і першы год жыцця з’яўляюцца перыядам найбольш інтэнсіўнага развіцця, калі закладваецца падмурак фізічнага, псіхічнага і маральнага здароўя дзіцяці.
Асноўным пажыўным асяроддзем для фарміравання псіхікі маляняці з’яўляюцца ўласныя думкі і пачуцці маці, яе душэўны стан. Малітва, музыка, літаратура, мастацтва – выдатна. Стрэсы, хваробы, сваркі і негатыўныя эмоцыі – дрэнна. Адчуванне шчасця і сілы перадаецца дзіцяці праз спакойную ўпэўненую маці. Не сакрэт, што эмацыйны стан жанчын у большай ступені залежыць ад стасункаў з мужам. Таму перыяд цяжарнасці – гэта ўзаемная адказнасць як жанчыны, так і мужчыны.
Дзіця – гэта, у першую чаргу, пераймальнік. Яму трэба бачыць перад сабой узоры, бо інакш, як яно зразумее, за кім яму трэба ісці, каго прытрымлівацца, якім яму трэба станавіцца? Выдатна, калі перад вачыма кожны дзень бацька – мужны, высакародны, моцны, сціплы перад Богам мужчына, і маці – добрая, пяшчотная, мудрая жанчына.
Мы павінны разумець, што мы – праваднікі і гадуем дзяцей, каб па выніку адправіць іх у вольнае плаванне ў цемры сучаснага стагоддзя, напоўненага заганамі і спакусамі, таму мы павінны намагацца пабудаваць іх лодку трывалай, падрыхтаваць камізэлькі бяспекі, і, вядома, адкрыць ім Нязгаслы маяк, якім з’яўляецца Хрыстос.
А зараз пытанні: што робіш ты, каб такі маяк з’явіўся? Чым з’яўляецца, па-твойму, адказнае бацькоўства?