На Ты-12-2022

Хвала Хрысту!

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Гісторыя Божага Нараджэння – гэта гісторыя пра тое, што ты не адзін. Няхай заспяваюць Анёлы ў небе. Няхай будзе спакой на зямлі!

Са Святам Божага Нараджэння!

 

Свае разважанні, высновы, пытанні дасылай мне на адрас:  Dialog-na-ty@tut.bу

 

 

 

Ці памнажаем Любоў?

 

 

 

АКТУАЛЬНА

 

У Евангеллі, у апісанні Нараджэння Езуса, бачым мноства Анёлаў і чуем іх словы «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі». Ці ўдалося табе ўлавіць глыбокі сэнс гэтых слоў? Ці можа быць супакой на зямлі, калі пашана аддаецца не Богу, а каму-небудзь іншаму або чаму-небудзь іншаму? На зямлі – супакой… Госпад прыносіць на зямлю супакой. Ён – Князь супакою.

   Кожны раз на святой Імшы, перад тым як прыняць Святую Камунію, мы перадаем адзін аднаму знак супакою, таму што немагчыма прымаць Езуса, калі няма супакою, калі мы пасварыліся, калі мы ненавідзім кагосьці, калі маем крыўду ў сэрцы. Знак супакою, перад Святой Камуніяй, калі падаем адзін аднаму руку,  – гэта не толькі прыемны жэст, але гэта выраз таго, што я прабачаю, гатовы прымірыцца. Езус – Князь супакою.

 Што можна ўбачыць навокал? Што бачыш ты сёння? Нянавісць? Боль? Страх? Вайну? Трэба нам прасіць, каб Князь супакою, які прыносіць мір на зямлю, перамяніў нашыя сэрцы, каб зрабіў нашыя сэрцы да Свайго падобнымі.

Невялікі твор О’Генры «Дары волхвов» вядомы, мусіць, кожнаму. У яе былі прыгожыя валасы, у яго – гадзіннік. Яна вырашыла яму падараваць ланцужок для гадзінніка, а ён ёй – грэбень для валасоў. Грошай не было, падараваць падарунак можна было толькі прадаўшы тое, што кожны з іх меў. Гадзіннік і валасы… Гэтая простая гісторыя, нягледзячы на сваю сцісласць, чамусьці нязменна кранае. Можа, таму, што яна пра любоў. Пра сапраўдную Любоў, калі гатовы падарыць чалавеку нават не «самае каштоўнае»  ці «самае  дарагое», а  ўвогуле –     адзінае, што ў цябе ёсць…

Божае Нараджэнне – гэта свята, якое апавядае менавіта пра Любоў. Пра Любоў Госпада да нас. Бог у сваёй вялікай Любові вырашыў наблізіцца да нас. Паглядзім з іншага боку. Ці робім мы ўсё магчымае, каб сустрэцца з Ім, як Ён зрабіў усё, каб сустрэцца са мною.

   Ці верыш ты, што Бог робіць цуды? Якіх цудаў ты чакаеш? А можа, мы самі здольныя здзейсніць цуд? Заўсёды знойдзецца тое, чым можна падзяліцца. Твой час, таленты. Яшчэ, нягледзячы на тэхналогіі, мабільнасць, вакол шмат людзей, якія не маюць ежы ці цёплага адзення, не маюць дому. Заўсёды знойдзецца што памножыць. Міласэрнасць, добрыя словы, веру, Любоў, супакой…

 

   А зараз пытанне: чаго чакаеш ты з прыходам Немаўляці?

 

ШЧЫРА

 

Надзея Сіськевіч  (п. Нарач, парафія св. Андрэя Апостала):надзея сиськевич

– Доўгiя тысячагоддзi чалавецтва чакала Месію, якi змог бы збавіць. Чакала кіраўніка, які разам са сваім войскам прыйдзе і ўсталюе парадак на зямлі. Але Збаўца прыйшоў ціха і незаўважна. Ён прыйшоў не для таго, каб кіраваць, але для таго, каб  збавіць і адкрыць для чалавека радасць вечнага жыцця.

Сёння ў свеце існуе шмат розных канфліктаў. Хочацца, каб па прыкладу Хрыста, які незадоўга нанова народзіцца, людзі вучыліся несці ў свет мір і супакой, а канфлікты перамагаць не зброяй, а любоўю.

Кацярына Крыжэўская  (г. Гродна, парафія св.Францішка Ксаверыя):кацярына крыжэўская

– Чаго чакаю ад прыходу Немаўляці на Божае Нараджэнне? Як бы проста ні прагучала, але! Моцна чакаю, калі збяромся разам з бацькамі за Вігілійным сталом! Калі выязджаеш у іншы горад, жывеш асобна ад сям’і, асабліва моцна пачынаеш цаніць імгненні сумеснага часу з самымі блізкімі, кожны позірк любімых вачэй.. А магчымасць перапрасіць, абняць, пацалаваць успрымаецца як цаннейшы скарб ад Бога! Няхай у Святую ноч Любоў, пяшчота, цеплыня нанава запаляцца ў нашых сем’ях і трываюць там заўсёды!

Рэната Аракелян  (г. Мінск, парафія Св. Роха):Рэната Аракелян

   – Кожны год Свята Божага Нараджэння мы адзначаем з сям’ёй. Збіраемся разам за  вячэрай, бабуля чытае ўрывак з Бібліі. Мне падабаецца гэтая атмасфера ўтульнасці і радаснага чакання. Шчыра кажучы, святкаваць дзень Божага Нараджэння люблю больш, чым Новы год, бо вельмі кранаюць традыцыі, якія мы ўшаноўваем.

Валерыя Амічба  (г. Шчучын, парафія св. Тэрэзы Авільскай):валерыя аничба

–Лічу, што гэта найпрыгажэйшы і найбольш радасны час на працягу ўсяго года. У гэты перыяд мае адносіны з Маленькім Езусам напоўненыя асаблівай любоўю. Гэты год быў для мяне асабіста складаным і было шмат упадаў, таму хачу ў час прыходу Немаўляці падзякаваць Госпаду за дар майго жыцця. Спадзяюся, што падчас Пастэркі  Немаўля атуліць кожнага сваёй безумоўнай любоўю.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий