Мы заўсёды нечага чакаем: важнай падзеі, пілігрымкі, сустрэчы. І сярод гэтага мноства чаканняў ёсць надзвычайныя, за якія Бог шчодра нас узнагароджвае!
Разважанні падрыхтавала Паліна Ташцімірава (Польшча, г. Алава, парафія Святых Пятра і Паўла). Не забывайся пісаць мне на Dialog-na-ty@tut.bу
Мой асабісты Адвэнт
АКТУАЛЬНА
Падчас мінулага Адвэнту я была ўжо цяжарная і таму час чакання Божага Нараджэння адкрыўся па-новаму. Адкрыўся з боку Марыі. Я зразумела, што Яна адчувала ў гэты час, як Яна адчувала Езуса, які варушыцца ва ўлонні, як спявала Яму, размаўляла з Ім, хоць яшчэ і не бачыла. Увесь свет яшчэ не ведаў Езуса, не ведаў, калі і ў якіх абставінах Ён прыйдзе, а Марыя ўжо любіла Яго ўсім сэрцам і з усёй моцы. Бо Яна –Яго маці.
Праз увесь Адвэнт мы з мужам хадзілі на Рараты, і як у большасці касцёлаў там было шмат дзяцей, яны прыносілі свечкі і ішлі працэсіяй на пачатку святой Імшы. Я была шчаслівая ад таго, што ўжо магу прыносіць сваё дзіцятка да Езуса нават у такім стане і ўяўляла, як Эстэр народзіцца і будзе разам з гэтымі дзецьмі, гэтак жа, з году ў год чакаць Езуса.
Можа гучыць дзіўна, што зараз кажу, але я быццам адчувала: мы з Марыяй вось цяпер, адначасова цяжарныя і як сяброўкі разумеем адна адну лепей за ўсіх. Я радавалася з Яе радасці і чакала разам з Ёю. Я верыла, што Марыя мае перажыванні і за мяне.
Напэўна, тады я ўпершыню глыбока зразумела словы “падрыхтаваць сваё сэрца для Езуса”.
І зразумела праз зусім простыя рэчы: шуканне вазка, дзіцячага ложка, прання, складання і перакладвання маленькай вопраткі. З якой любоўю і пяшчотай (а часам і складанасцямі) гэта робіцца. Менавіта так, з лагодай і стараннем, не праз незразумелыя ахвяры, а праз любоў, трэба рыхтаваць сэрца і душу для Яго.
Бог робіць падарункі на Свой Дзень Народзінаў. І падарункам для мяне былі пяшчотныя адносіны з Яго мамай.
І само Раство ад гэтага было іншым. Бо цяпер была больш зразумелая вартасць і радасць гэтага чакання і сустрэчы. Уявіце, што вы рыхтуецеся да яго не месяц, а дзевяць, як і Марыя. Нібы Яна – вашая маці, сястра, сяброўка, знаёмая, якая толькі што нарадзіла, і вам хочацца ўбачыць гэтае Немаўлятка, даведацца яго рост, вагу, патрымаць за маленькую ручку і пры гэтым разумець, што глядзіш на Таго, Хто цябе ратуе. Наколькі па-іншаму перажываецца тады прыйсцё Збаўцы…
А зараз пытанне: чаканне Нараджэння Езуса і чаканне нараджэння свайго дзіцяці, Адвэнт і цяжарнасць – ці можна параўняць? Якія пачуцці ў тваім сэрцы?
ШЧЫРА
Яна Ляховіч (г. Вільнюс, парафія Ўсіх Святых):
– Часто чувствую тревогу за ребенка, переживаю, как он там, все ли с ним хорошо. Часто недоумение, что у меня вообще есть ребенок, пусть и в животике еще. Но чаще всего – счастье. Особенно сейчас, во время подготовки к появлению малышки. Понимаю, что скоро с нами будет жить еще один человечек, так сильно похожий на нас. И очень часто испытываю восторг от того, как Бог все продумал, и мы с мужем смогли поучаствовать в чуде сотворения человека! Это действительно огромный подарок Бога.
Ала Драгунова(г. Мазыр, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі):
– У гэтым годзе мы з мужам чакалі папаўненне ў сям’ю. Былі розныя цяжкасці ў маю цяжарнасць, і тады я ўспамінала аб цяжкасцях выношвання дзіцятка Марыяй. У Яе было столькі рызык страціць сваё дзіця, але ўсе цяжкасці яна прымала і ведала, што Бог дапаможа. Гэта зусім не лёгка, маючы складанасці ў жыцці, верыць, што Бог усё бачыць, (але пры гэтым быццам нічога не робіць). На самой справе Ён проста чакае нас і нашага даверу Яму. Я вельмі спадзяюся і чакаю, што кожны навучыцца прасіць дапамогі ў Бога і ў Марыі, бо каму, як не Ёй, ведаць, як усё гэта вытрымаць.
Марыя Панова(г. Фаніпаль, парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі):
– Цяжарнасць – неверагодны час чакання. Ад пачатку, калі новае жыццё ўва мне толькі ўзнікла, я амаль не ўсведамляла гэтага, але чым большым станавілася дзіцятка ў маім улонні, тым больш прыходзіла разуменне гэтага вялікага дару ад Бога. Зараз усё больш і больш адчуваю падзяку Богу за гэты час і блізкасць да Маці Божай, якая прайшла гэтую сцежку і, верагодна, адчувала тое ж самае, што і я. Кожны раз, паглядаючы на абразы Маці Божай і Езуса, разумею: у хуткім часе і я буду трымаць на руках сваё дзіцятка і з любоўю паглядаць на яго. Я таксама стану маці. Бог адарыў нас з мужам гэтым вялікім дарам, і я спадзяюся, што мы станем найлепшымі бацькамі для нашага дзіцяці.
Вольга Бранавец-Янковіч (г. Мінск, парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі):
– Добра памятаю момант, калі даведалася, што пад сэрцам нашу дзіця: «Ой! Мы з мужам яшчэ без жытла, без сталай працы, як гэта – і станем бацькамі?!» На што муж адказаў: «Даў Бог дзіця – дасць і на дзіця!». Мяне падобнае стаўленне спачатку здзівіла, але пасля зразумела, што праз мацярынства Бог шчодра адорвае. Гэта быццам адчувальнае благаслаўленне, злітае, як росы з нябёсаў, плён не толькі любові сужэнцаў адно да аднаго, але і любові Божай да нас. Чаканне дзіцяці заўсёды нясе ў сабе таямнічую радасць новага, нязведанага і вучыць сапраўднай, ахвярнай і безумоўнай любові. Перажыўшы свой уласны Адвэнт, пачынаеш і Хрыста чакаць інакш, не так, як заўжды, – можа, больш засяроджана, але жыва і са шчаслівым усмехам..