Хлеб штодзённы

7 красавіка
2-я Велікодная Нядзеля
Нядзеля Божай Міласэрнасці
1 чытанне — Дз 5, 12-16.
Пс 118 (117), 1 і 4. 13-14. 22 і 24.
2 чыт. — Ап 1, 9-11а. 12-13. 17-19.
Евангелле — Ян 20, 19-31.

Бл. Папа Ян Павел II устанавіў свята Божай Міласэрнасці. Святкуецца яно ва ўсім Касцёле, у нядзелю пасля Вялікадня.
У прыватных адкрыццях сястры Фаўстыны Кавальскай сам Пан Езус дамагаўся ўстанаўлення гэтага свята. Аб гісторыі тых адкрыццяў можам прачытаць у “Дзенніку” святой Фаўстыны.
Змест “Дзённіка” напоўнены вялікім аптымізмам. Аднак тэкст змяшчае таксама апісанне пекла. Гэта для тых, якія гавораць: “Ой, што там! Хто там быў?”. Варта прачытаць… Я працытую фрагменты:
“Сёння, у суправаджэнні анёла, я пабывала ў бяздонні пекла. Гэта месца пакарання смерцю, як жудасна вялізны яго абшар! Вось тыпы пакутаў, якія я ўбачыла: першая пакута, якая становіцца пеклам, – гэта ўтрата Бога; другая – пастаянныя ўкоры сумлення; трэцяя – немагчымасць змяніць свой лёс; чацвёртая пакута – агонь, які будзе пранізваць тваю душу, але не знішчыць яе, – гэта страшная пакута, менавіта душэўны агонь, які запалены гневам Божым; пятая пакута – гэта пастаянная цемра (…); шостая пакута – гэта пастаяннае таварыства сатаны; сёмая пакута – вялізны адчай, нянавісць Бога, сварка, пракляцці, блюзнерства (…). Гэта пакуты, якія ўсе асуджаныя церпяць адначасова, але ёсць і асаблівыя пакуты: чым душа саграшыла, тым яна і мучыцца невыказна цяжкім спосабам. (…) Пішу аб гэтым па загаду Божаму, каб ні адна душа не гаварыла, што няма пекла, або што там ніхто не быў і не ведае, як там.
Я, сястра Фаўстына, па загаду Божаму была ў бяздонні пекла для таго, каб расказваць душам і сведчыць, што пекла ёсць”. (“Дзённік”, сшытак другі).
Святая сястра Фаўстына – апосталка Божай Міласэрнасці. Гэта дзякуючы ёй ведаем вобраз Пана Езуса Міласэрнага, ведаем Каронку да Божай Міласэрнасці. Гэтую Міласэрнасць павінны выпрошваць для душ грэшнікаў і для сябе, асабліва на гадзіну смерці. Можна крыху здзіўляцца, што ў справе Божай Міласэрнасці знаходзіцца такое рэалістычнае апісанне пекла… Аднак гутарка тут ідзе аб абуджэнні і пабуджэнні нашай веры! Паслухайма Фаўстыну: “ Адно заўважыла, што там (у пекле) ёсць найболей душ, якія не верылі, што ёсць пекла”. І ў іншым месцы: “О, мой Божа, як мне шкада людзей, якія не вераць у жыццё вечнае”.
Можна хадзіць да касцёла, але не да канца верыць, што ёсць неба і пекла. Можна хадзіць да касцёла і не вельмі задумвацца над лёсам сваёй душы і душы сваіх блізкіх… “Дзеля Яго балеснай пакуты будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету!”


 

14 красавіка
3-я Велікодная Нядзеля
Прыбытковая справа
1 чытанне — Дз 5, 27b-32. 40b-41. Пс 30 (29), 2 і 4. 5 і 6. 11 і 12а і 13b.
2 чытанне — Ап 5, 11-14.
Евангелле — Ян 21, 1-19.

“Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Так пачынаецца апавяданне аб спатканні Апосталаў з Езусам у сённяшнім Евангеллі. Празаічны дыялог. Адзін з рыбакоў гаворыць моцна, што ідзе рабіць тое, што рабіў заўсёды, а астатнія падтрымліваюць яго ініцыятыву. Мова тут не ідзе аб тым, што той, хто павінен быў “лавіць людзей”, вяртаецца зноў да лоўлі рыбы. Мова аб пачатку нейкага дзеяння.
Сітуацыя Апосталаў была трагічнай пасля Вялікай Пятніцы. Усё іх жыццё, уся іх надзея, уся іх любоў засталіся змяшаныя з балотам, знявечаныя, забітыя і пакладзеныя ў магілу! Яны і самі прыбітыя, у роспачы, дэзарыентаваныя. Гэта велізарны шок і траўма. Нешта падобнае да таго, што кожны з нас адчуў бы, страціўшы самую блізкую асобу. Гэтаю блізкаю для іх асобаю быў іх Настаўнік і Пан. Гэта быў той, каму даверылі сваё жыццё і сваю будучыню. І зараз гэтая іх “будучыня” адпачывае ў магіле. Як жыць далей? Што рабіць? Тысячы думак віравалі ў галаве Пятра і Апосталаў. Слабая вера ў Змёртвыхпаўстанне спрачалася з рэальнасцю крыжа… Такі стан мог бы трываць тыднямі. Аняменне і маразм. Роспач і чорны сцэнарый… Што рабіць?
Тады Пётр праяўляе ініцыятыву: “Іду лавіць рыбу”. Хопіць гэтага сядзення і жалю! Ягоная збалелая галава і душа патрабуе “праветрывання”. Пётр можа не здольны да якіх-небудзь творчых спраў. Але лоўля рыбы ўжо, як кажуць, у яго ў крыві, гэта ён можа рабіць аўтаматычна. Іншыя апосталы бяруць з яго прыклад. Калі апынішся ў сітуацыі трагічнай, калі роспач адыме ў цябе яснасць розуму і сілы да творчых дзеянняў, калі розныя чорныя сцэнарыі будуць круціцца ў тваёй галаве, – не сядзі і не дранцвей! Знайдзі сабе які-небудзь пазітыўны занятак! Што рабіць? Ідзі лавіць рыбу, ідзі спячы бабку, ідзі ў агарод, ідзі вяжы што-небудзь, ідзі праведай бабульку-суседку… Ідзі. Не сядзі ў роспачы!
Апосталы ў такім выпадку зноў спаткалі Езуса. Займаліся сваімі справамі. Такая звычайная патрэбная праца. Часам гэта дапамагае.


 

21 красавіка
4-я Велікодная Нядзеля
Будзь авечкаю – не будзь лемінгам!
1 чытанне — Дз 13, 14. 43-52. Пс 100 (99), 2. 3. 5.
2 чытанне — Ап 7, 9. 14b-17.
Евангелле — Ян 10, 27-30.

Лемінгі – гэта з пароды грызуноў, норкавых. Лемінгі водзяцца на тэрыторыях Паўночнай Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі. Моцна распаўсюджаны міф аб так званых “масавых самазабойствах лемінгаў”. Згодна з гэтым міфам, вялізныя натоўпы малых грызуноў ідуць разам ў бок высокага абрыву, дзе знаходзяць смерць, падаючы з вялікай вышыні ў марскія хвалі.
“Езус адказаў ім: “Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. І Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рукі Маёй”. Хто сёння хоча быць авечкаю, у сённяшнім грамадстве, дзе няма месца для людзей слабых і свабодна мыслячых?
Навука Езуса, падобна, зусім не пасуе да сённяшніх рэалій! Сёння лічацца грошы, улада і твая (найлепей – вельмі высокая) грамадская пасада. Няма месца для сентыментальнасцей і так званых “вартасцей маральных”. Навука Езуса – добрая ў касцёле, там можам выдаваць сябе за авечак. За дзвярыма касцёла кожны імкнецца быць ваўком і пры дапамозе клыкоў і пазногцяў вырваць для сябе найбольшы кавалак здабычы.
Езус гаворыць пра “сваіх авец”, якія слухаюць Яго голас, а Ён дае ім жыццё вечнае. Напэўна, мала хто хоча быць авечкаю і мала хто хоча слухаць Езуса! Сённяшні чалавек хутчэй за ўсё хоча быць ваўком. Праблема заключаецца ў тым, што замест ваўка становіцца лемінгам…
Іншае (у пераносным сэнсе) азначэнне лемінга трактуецца так: “Гэта чалавек, які некрытычна верыць у тое, што пачуе па тэлебачанню або прачытае ў Інтэрнэце і прымае гэта ўсё без ніякага аналізу, лічачы сябе пры гэтым мудрым”. Застаецца ўражанне, што жывём у адным вялікім статку лемінгаў!
Гэта страшна! Людзі не хочуць верыць Хрысту і атрымаць жыццё вечнае. Хутчэй жадаюць, прытвараючыся ваўкамі, стаць лемінгамі і дажыць да масавага самазагубства?
Гледзячы на тое, што робіцца ў свеце, цяжка змагацца з уражаннем, што сённяшняя цывілізацыя, якая прапагандуе гомасексуальныя саюзы, аборты, эўтаназію, маральны рэлятывізм, геданізм, дорыць чалавеку небяспечную дарогу да высокага абрыву…
Але заўсёды ёсць час для аналізу. Заўсёды можаш затрымацца і запытаць сябе: куды я іду, ва што веру і каму? Можа варта быць авечкаю Езуса? Гэта лепей, чым патрапляць вясёлай і беззмястоўнай кампаніі лемінгаў і ісці да вельмі смутнага канца.


 

28 красавіка
5-я Велікодная Нядзеля
Распазнавальны знак
1 чытанне — Дз 14, 21b-27. Пс 145 (144), 8-11. 12-13ab.
2 чытанне — Ап 21, 1-5а.
Евангелле — Ян 13, 31-33а.
34-35.

“Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго», – гэтымі словамі заканчваецца сённяшняе Евангелле.
Калі збіраемся ехаць аўтобусам, цягніком ці ляцець самалётам у незнаёмае месца, і там збіраецца нас сустрэць нехта, каго мы раней ніколі не бачылі, то мы звычайна просім (у лісце, ці па тэлефоне) даць нам якія-небудзь распазнавальныя знакі. Заўсёды нехта апісвае свой знешні выгляд, або называе колер курткі, або бярэ ў рукі парасон, газету ці яшчэ прасцей – картку з нашым прозвішчам.
Распазнавальны знак існуе для таго, каб мы былі ўпэўненыя, што маем дачыненне да канкрэтнай асобы. Распазнавальным знакам вучняў Езуса павінна быць любоў. Гэта вельмі цяжкі знак для распазнавання… Сапраўды?
Адно з найлепшых азначэнняў любові даў св. Павел у Лісце да карынцянаў (1 Кар 13). Дастаткова дапасаваць гэтыя азначэнні да кандыдата ў вучня Езуса. З гэтага вынікае, што вучань Хрыста павінен быць “цярплівы і ласкавы “. Такі чалавек не зайздросціць, не шукае ўсхвалення, не носіць свой гонар; не дапускае сораму; не шукае свайго; не гневаецца, не памятае злога; не цешыцца з несправядлівасці, радуецца праўдзе. Усё пераносіць, усяму верыць, ва ўсім пакідае надзею, усё перацерпіць”.
Па гэтым пазнаецца вучань Езуса. Ці з’яўляюся вучнем я?

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий