Як выхаваць дзiця па-каталiцку?

“Цялеснае нараджэнне азначае пачатак далейшага “народжвання”, паступовага і шматбаковага нараджэння на працягу ўсяго працэсу выхавання… Дасягнуўшы пэўнай ступені псіхафізічнай сталасці, чалавек пачне “выхоўвацца сам”. З цягам часу гэтае самавыхаванне нават перарасце пройдзены працэс выхавання”.
( Бл. Ян Павел ІІ, Ліст да сем’яў, Gratissimam Sanae, 1994)

Мы жывём у часы, калі людзі не любяць размаўляць пра выхаванне. Для бацькоў гэта не вельмі прыемная тэма. Яны часта так занятыя клопатам аб матэрыяльным забеспячэнні сям’і, што часу на (выхаванне) дзяцей амаль не застаецца. У пагоні за сродкамі на жыццё, яны аддаюць дзяцей у садок, школу. Дадаткова ўзніклы выхаваўчы вакуум імкнуцца заняць “прадлёнкай”, гурткамі, тэлевізарам, камп’ютарам, Інтэрнэтам, сябрамі ў пад’ез-дзе… Пазней дзеці вырастаюць і ад’язджаюць. Праз нейкі час пажылыя бацькі раптам адкрываюць, што дзеці пра іх зусім не памятаюць, ставяцца як да чужых. “Мы ж для вас стараліся!” – гучыць у след абыякавым дзецям, для якіх выхавацелі былі больш блізкія, чым мама і тата.
Гэты смутны вобраз тысячаў сучасных сем’яў ставіць пытанне аб тым, як пазбегнуць памылак. Як дапамагчы тым, хто яшчэ мае шанс нешта выправіць, пабудаваць са-праўды шчаслівую хрысціянскую сям’ю? Адказ не трэба прыдумваць, ён ёсць. Пра яго пастаянна гаворыць Касцёл. Неабходна толькі пачуць яго голас. Тады можна пабудаваць шчаслівую сям’ю, выхаваць добрых і паспяховых дзяцей. З тымі, хто слухае, Касцёл дзеліцца Божым скарбам унікальнага і праверанага вякамі выхаваўчага вопыту. Што ж ён сабой уяўляе?

dial-04-2013-color(1)_img_19
Што такое “выхаванне”?
Выхаванне найчасцей акрэсліваецца як дапамога ў фарміраванні асобы. У сучасным свеце можна сустрэць самыя розныя мадэлі выхавання. Яны залежаць ад светапо-гляду выхаваўцаў і іх уяўленняў аб чалавеку. Акрамя хрысціянскай сістэмы выхавання, вялікай папулярнасцю ў нашыя часы карыстаюцца разнастайныя індывідуалістычныя і ліберальныя канцэпцыі. Усе яны залежаць ад разумення прыроды чалавека і мэты яго жыцця.
Савецкая сістэма выхавання апіралася на матэрыялістычнае ўяўленне аб чалавеку, паводле якога ён з’яўляецца бяздушнай біямашынай, фізічным целам, дробным “вінцікам” у працэсе невядома куды скіраванага разрастання (эвалюцыі) жывой прыроды. Непрызнанне матэрыялістамі духоўнай сферы мае драматычныя маральныя і выхаваўчыя наступствы. Апіраючыся на такое ўяўленне аб чалавеку, цяжка аб-грунтаваць нейкія ідэалы, крытэрыі маралі, патрэбу ў культуры і пашане да людзей. І хоць савецкая мадэль выхавання імкнулася часткова пераняць хрысціянскую мараль, але, адрэзаўшы яе ад духоўнай (звышнатуральнай) матывацыі, не мела на чым апірацца. Таму лагічным наступствам матэрыялізму з’яўляецца маральная дэградацыя чалавека і разлажэнне грамадства.
У сучасным свеце канкурыруюць паміж сабой два супрацьлеглыя ўяўленні аб чалавеку, якія часам пераплятаюцца і ўтвараюць самыя адыёзныя ўяўленні аб выхаванні. Першае з іх – індывідуалізм, заснаваны на поглядах Т. Гобса. Ён разглядае чалавека як поўнасцю сапсаванага і невыпраўляемага. Людзі тут нібыта дзікія драпежнікі, якія думаюць толькі пра сябе і кожны дзеля свайго дабра выкарыстоўвае ўсё навокал. Зыхо-дзячы з гэтага ўяўлення, людзей трэба абмяжоўваць жорсткімі рамкамі закона, каб яны адзін аднаго не па-нішчылі. Ім трэба дамовіцца паміж сабой, што яны будуць лічыць дазволеным, а што – не. Заснаваная на гэтай канцэпцыі сістэма выхавання небяспечная тым, што разглядае дзіця ў кантэксце грамадскай дамовы. Тут няма нейкіх універсальных нормаў і вечных каштоўнасцей. Усё адноснае, залежнае ад таго, як захочацца людзям і як яны паміж сабой дамовяцца. Выхаваны ў такой сістэме чалавек лічыць усё суб’ектыўным і адносным. Ён не падрыхтаваны да рэальнасці, якая не залежыць ад яго “хачу” ці “не хачу”.

dial-04-2013-color(1)_img_20
Другая папулярная ў сучасным свеце мадэль выхавання апіраецца на канцэпцыі лібералізма, папулярызаванай Ж. Ж. Руссо. Паводле яе, чалавек поўнасцю ідэальны па сваёй прыродзе, і кожнае ўмяшанне толькі псуе яго ідэальнасць. Прырода – гэта дабро, культура – зло. Не дзіўна, што наступствам такога ўяўлення аб чалавеку становіцца сістэма выхавання, паводле якой нельга ўмешвацца ў асабістае жыццё дзіцяці. Кожнае ўмяшанне дарослых сапсуе яго ідэальную прыроду. У працэсе ўзрастання чалавек павінен поўнасцю слухацца і выконваць заклікі сваёй натуры. Заданне выхаваўцаў – сачыць за тым, каб акружэнне не парушыла свабоду ўзрастання дзіцяці, паводле заклікаў яго прыроды. У краінах, дзе бярэцца на ўзбраенне менавіта такая канцэпцыя чалавека, прапагандуецца так званае “бесстрэсавае выхаванне”. А каб бацькі “не псавалі” ідэальнай прыроды дзяцей, на заканадаўчым узроўні прымаецца т.зв. “ювенальная юстыцыя”. Эфект такой сістэмы выхавання – інфантыльныя і бязвольныя людзі, якія не здольныя панаваць над сабой, нейкімі шкоднымі звычкамі. Не выпрацаваная ў працэсе “бясстрэсавага” выхавання сіла волі прыводзіць да таго, што асобу знішчаюць яе дэструктыўныя схільнасці і шкодныя звычкі.

Што значыць
“каталіцкае выхаванне”?
У адрозненне ад папулярызаваных у сучасным свеце ўяўленняў аб чалавеку і пабудаваных на іх сістэмах выхавання, Касцёл прапаноўвае ўзважаную і заснаваную на хрысціянскім светапоглядзе канцэпцыю выхавання. Яна апіраецца на біблейскім Адкрыцці пра чалавека. Паводле Св. Пісання, чалавек – гэта асоба, вобраз і падабенства Бога, Яго дзіця, вянец тварэння, які сумяшчае ў сабе ўсю паўнату духоўнага і матэрыяльнага свету. Чалавек адрозніваецца ад іншых зямных стварэнняў дзвюма найважнейшымі здольнасцямі: разумнасцю (свядомасць) і вольнасцю (воля). Ён быў створаны дасканалым па сваёй прыродзе, але перажыў скажэнне ў выніку Богаадступніцтва (першародны грэх). Гэтае скажэнне можна выправіць, калі чалавек злучыць уласныя намаганні з намаганнямі Бога па яго збаўленні. Бо дзякуючы Збаўчай Ахвяры Хрыста, для людзей адкрыўся шлях да выратавання ад граху, да дасканаласці, Неба, гармоніі вечнага жыцця з Богам.
З каталіцкай канцэпцыі чалавека вынікае вельмі канкрэтная сістэма выхавання. Паводле яе, чалавек добры па сваёй прыродзе, але здэфармаваны схільнасцю да граху. Мэта выхавання – дапамагчы чалавеку пры Божай падтрымцы максімальна развіць у сабе схільнасць да дабра і звесці да мінімуму (нейтралізаваць) грэшную схільнасць да зла. Дабро і зло ў каталіцкім веравучэнні і заснаванай на ім сістэме маралі даволі выразна акрэсленыя Бібліяй і вучэннем Касцёла. Заданне католіка – пазнаваць веру і мараль, каб умець выразна адрозніваць сапраўднае дабро і зло. У гэтым яму дапамагаюць самыя разнастайныя духоўныя практыкі (сакрамэнты, малітвы, набажэнствы), пастаянная праца над уласным маральным удасканаленнем (катэхезы, няспынны кантакт з Касцёлам, адпаведная літаратура, духоўнае кіраўніцтва святара і г.д.).
Каталіцкае выхаванне – гэта працэс пастаяннага пераўзыходжання ранейшага (грэшнага) стану чалавека да ўсё большай дасканаласці паводле Божага намеру. Пры гэтым важна дбаць аб гарманічным развіцці кожнай сферы чалавека. Зыходзячы з таго, што чалавечыя намаганні надта абмежаваныя і суб’ектыўныя, людзі няспынна патрабуюць Божай дапамогі, Яго ласкі. А гэта азначае, што малітоўны і сакрамэнтальны кантакт з Богам з’яўляецца абавязковым элементам выхавання і развіцця чалавечай асобы.

dial-04-2013-color(1)_img_22

Хто і да чаго выхоўвае?
Як вядома, у працэсе выхавання ключавую ролю адыгрывае выхаваўца. Дзеці не ўспрымаюць тэорыі, адарванай ад канкрэтнага чалавека. Яны проста глядзяць на выхавацеля і пераймаюць спосабы яго паводзін, рэакцыі, паставы. Калі малое дзіця ад першых дзён свайго жыцця ўзрастае ў асяроддзі лю-дзей, паміж якімі пануе любоў, згода, пашана і ўзаемадапамога, то яно ўпітае ў сябе ўсе гэтыя якасці з малаком маці. І наадварот, калі ў дзяцінстве чалавек не адчувае сябе любімым і жыве ў пастаянным страху і пагрозах, то для яго любоў будзе незразумелым словам, а страх – нормай жыцця. Таму ад бацькоў і першых выхаваўцаў залежыць, якой будзе народжаная і выгадаваная імі асоба.
Усведамленне таго, як шмат залежыць ад выхаваўцаў, ставіць пытанне аб адказнасці бацькоў за тое, колькі часу яны праводзяць з дзецьмі і каму іх давяраюць, прыводзячы ў садок ці школу. Існуе прамая залежнасць шчасця дзяцей ад таго, колькі ўвагі і любові аказвалі ім бацькі. Чым больш пакінутыя дзеці, тым больш нешчаслівыя яны не толькі ў дзяцінстве, але і ў дарослым жыцці. Таму ў каталіцкай канцэпцыі выхавання ўвесь час гаворыцца пра тое, каб бацькі не падманвалі сябе, што нехта зможа іх замяніць у выхаванні дзяцей. Самыя добрыя і таленавітыя педагогі ніколі не заменяць маму і тату. Зыходзячы з рэальнай занятасці бацькоў у сучасным свеце, варта ў імя шчасця сям’і і дзяцей абмежаваць пагоню за заробкамі і выдзяліць спецыяльны час, каб пабыць разам.
Касцёл вельмі выразна гаворыць пра аптымальны час на выхаванне. Між іншым ён акрэслены Божай запаведдзю святкавання нядзелі і свята. Гэта заклік да бацькоў, каб прынамсі раз на тыдзень пабыць з дзецьмі і разам з імі пайсці на св. Імшу, адчуць сябе дзіцём перад Богам. Калі сям’я па-каталіцку святкуе нядзелю, то яна знойдзе час на супольную малітву і абед за святочным сталом. Тады ўзнікае ўнікальнае выхаваўчае асяроддзе, час на тое, каб выразіць адзін аднаму любоў, уважліва паслухаць блізкую асобу і падзяліцца ўласнымі перажываннямі. Сумесны і радасны ўдзел у нядзельнай святой Імшы ў касцёле – гэта важная нагода выйсці па-за рамкі толькі сваіх і матэрыяльных перажыванняў. Малітва і наведванне касцёла нагадвае бацькам, што яны таксама дзеці, якія патрабуюць клопату і дапамогі Нябеснага Айца. Што іх дзеці – гэта ўласнасць Бога, давераная ім – бацькам – на выхаванне. А Нябесны Айцец чакае ад дарослых як ад дзяцей паслухмянасці і вернасці. Для саміх дзяцей прыклад шчырай пабожнасці бацькоў – гэта найлепшая школа веры, малітвы, хрысціянскай маралі. У такой сям’і нават не трэба шмат слоў і тлумачэнняў, бо найкрасамоўней гаворыць прыклад.

dial-04-2013-color(1)_img_23
Постсавецкае беларускае грамадства перажывае няпростыя часы пераменаў. Многія сем’і стаяць на раздарожжы: у якім кірунку выхоўваць сваіх дзяцей? Адны лічаць, што трэба выхаваць сваіх дзяцей драпежнікамі, бо нібыта толькі так яны змогуць чагосьці дабіцца. Іншыя мяркуюць, што трэба даць дзецям поўную свабоду, а калі падрастуць – самі вырашаць, што з сабой рабіць. Сярод гэтых “выхаваўчых эксперыментаў” Касцёл не перастае абвяшчаць правераную вякамі Божую праўду пра чалавека і мэту яго жыцця. Трэба толькі захацець прыйсці ў Касцёл, прыслухацца да адвечнай мудрасці і паводле яе пачаць будаваць заснаванае на Богу непахіснае шчасце сваёй сям’і.

Кс. Андрэй  РЫЛКА

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий