На Ты-05-2022

Хвала Хрысту!

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Вядучая старонкі – Ружа Міхайлоўская

Майму сэрцу вельмі блізкая карціна Рэмбранта «Блудны сын». Апошні раз, калі  глядзела на яе, прыйшла думка, што перамогу  над сабой трэба прымаць з пакорай, а пройгрыш – з годнасцю. Запрашаю паразважаць сёння над гэтым. Свае разважанні дасылай мне  на адрас Dialog-na-ty@tut.bу

 

 

 

Годнасць Божага дзіцяці

 

 

 

АКТУАЛЬНА

 

Ты ведаеш сваё прызначэнне і сваю годнасць? Якое азначэнне ты можаш даць сабе? Ці ведаеш адказы на гэтыя пытанні? Ці можаш годна сказаць: «Я – той, дзеля каго Бог сышоў з Нябёсаў, стаў чалавекам, памёр на крыжы, а пасля ўваскрос!»? Паглядзі, як ты пражываеш гэта ў сваім штодзённым жыцці. Ці дае гэтая ісціна табе радасць, калі працуеш, адпачываеш? Калі сустракаешся з людзьмі ці проста калі застаешся сам-на-сам са сваімі думкамі? Ці сведчыць тваё жыццё аб тым, што ты ведаеш Таго, Хто дзеля цябе сышоў з Нябёсаў і памёр на крыжы? Ці захоўваеш годнасць, якую уклаў у цябе Творца?

Чалавек, створаны на падабенства Божае, мае права на сваю чалавечую годнасць. Мае права лічыць сябе вялікім, быць значным, а галоўнае – мець свабоду. Аднак мы растрачваем гэтую годнасць, паддаўшыся спакусам ганарыстасці, зайздрасці, распусце… Растрачваем, губляем сваю годнасць перад сабой, перад іншымі, перад Богам. Прыходзіць момант, і мы маем пустыя далоні. Але ж ёсць лекі супраць гэтага – пакора. Як у прыпавесці пра блуднага сына. Гэта выдатны вобраз таго, да чаго прыводзіць грэх,  – да наступстваў граху. Напэўна, не трэба прыводзіць тут прыкладаў пра гэта, у кожнага іх шмат, дастаткова па-глядзець вакол сябе і на сябе. Вельмі важны момант – усведамленне граху, усведамленне сваёй віны, усведамленне таго, што ты растраціў сваю годнасць.

 …І вось блудны сын. Перад тым, як пайсці да айца, ён быццам робіць рахунак сумлення, быццам рыхтуецца да споведзі, да таго, як сказаць і што сказаць свайму бацьку, калі яго сустрэне. Важна, каб і мы рабілі ў жыцці рахунак сумлення, і  не толькі  перад споведдзю,  а штодня, напрыканцы дня, як нас вучылі з дзяцінства: «Ойча! Я зграшыў перад Табою». На споведзі Бог не толькі даруе нам грахі, але і вяртае нам страчаную годнасць – годнасць Божых дзяцей. На споведзі  мы, акрамя прабачэння, атрымліваем Яго благаслаўленне! Вось яна – логіка любові, логіка прабачэння, логіка Бога. Так нас любіць Бог, так моцна, што памёр за мяне і за цябе на крыжы.

Бог цудоўна ўсё стварыў. Яго Запавет заклікае да годнасці і свабоды чалавека, да здольнасці па ўласнай волі, без прымусу пры-трымлівацца Яго задумы. Але як шмат залежыць ад эмоцый, ад думак і каштоўнасцяў асяроддзя, ад меркавання аўтарытэтаў, ад моды, ад СМІ… Можна намі кіраваць свабодна, калі толькі нехта захоча. Мы слабыя, мы нясталыя…

 Толькі ў Езусе моц.

«Ойча! Я зграшыў перад Табою»…

 

 А зараз пытанне: на чым, па-твойму, грунтуецца годнасць чалавека?


 

ШЧЫРА

 

Вераніка Манкевіч  (г. Мінск, парафія Св. Яна Евангеліста і Св. Максімільяна  Кольбэ):вераника манкевич

–На маю думку, годнасць у першую чаргу грунтуецца на тым, што мы створаны на падабенства Божае. Але, калі ты няверуючы чалавек, вельмі складана гэта абгрунтаваць з боку этыкі. Складана растлумачыць, чаму кожны чалавек мае годнасць і чаму яе трэба паважаць. Часцей здаецца, што ты годны, таму што чагосьці варты, чагосьці дасягнуў.

Адныя людзі больш вартыя, іншыя менш. А насамрэч усё нашмат прасцей: ты нарадзіўся ў гэтым свеце, і ад самага пачатку свайго жыцця ты варты,  маеш годнасць. І ніхто ў цябе яе не адыме.

Ангеліна  Марцішэўская  (г. Гродна, парафія Св. Францішка Ксаверыя):ангелина марцишэўская

– На маю думку, годнасць чалавека – гэта не столькі ягоная здольнасць да справаў міласэрнасці, колькі магчымасць усведамляць свае памылкі, прызнавацца да іх і выпраўляць. Сапраўды годны той, хто ўмее раскаяцца і кампенсаваць там, дзе правініўся.

І галоўная аснова, на якой могуць грунтавацца гэтыя якасці, – Евангелле. Бо, пазнаючы Бога, лепш пазнаеш самога сябе:  як свае дасканаласці, так і свае хібы.

Вераніка Гузевіч  (г. Гродна, парафія Св. Францішка Ксаверыя):вераника гузевич

– Годнасць чалавека грунтуецца перш за ўсё на здольнасці любіць. Любіць, не просячы нічога ўзамен; на здольнасці прабачаць, нават калі вельмі балюча, бо любоў – гэта ахвяра.

Жыццё – гэта любоў. Падабаюцца словы аднаго святара:”Кожны чалавек без выключэння належыць Самому Пану Богу і таму надзелены бясконцай годнасцю і каштоўнасцю”. Лічу, сэнс жыцця таксама і ў тым, каб гэтыя неацэнныя дары не страціць…Чалавек заўсёды годны ад моманту зачацця, бо створаны па падабенству Пана. Так важна гэта сабе ўяўляць, асабліва ў цяжкія моманты падзення!

Аляксандра Гамзюк  (г. Астравец, парафія Св. Космы і Св. Дам’яна): аляксандра гамзюк

   – На мой погляд, годнасць чалавека грунтуецца на выхаванні, прычым у самыя раннія гады жыцця. Калі ў сям’і (паміж бацькамі) ёсць любоў, павага адзін да аднаго, калі яны гатовыя прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну незнаёмаму чалавеку,то дзіця, бачачы ўсё гэта, будзе разумець (безумоўна, з узростам), што ёсць добра, а што – дрэнна. Годнасць –  гэта сукупнасць станоўчых якасцяў, якіх мы даведваемся з дзяцінства; такім чынам, чым лепшыя ўзаемаадносіны ў сям’і, тым больш годны будзе чалавек.

 


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий