Не што падзяляе, а што — яднае

Str-12

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Езус Хрыстус, маліўшыся за дзень перад сваёю Мукай, выказаў апошнюю запаведзь да сваіх вучняў і паслядоўнікаў: “Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас” (Ян 17, 21). Разумеючы актуальнасць сказанага для нас, разважаем аб гэтым з пробашчам парафіі св. Міхаіла Арханёла ў Навагрудку кс. Юрыем Жэгарынам.

 

 

 

кс.Юрый Жыгарын– Шаноўны кс. Юрый, напэўна, і Вы што раз часцей чуеце пытанне: “Чаму падзелена хрысціянства? Бог – адзін, Сын Божы – адзін, Святы Дух – адзін, Святая Тройца… Дык чаму хрысціяне не разам?”.

– Пытанне гэта складанае і адначасова вельмі простае. Простае ў тым, што вінаваты  першародны грэх, які аслабіў і скрывіў чалавечую натуру, зрабіў чалавека схільным да зла, эгаізму. Першы падзел здарыўся пасля першароднага граху, які аддзяліў чалавека ад Бога і чалавека ад чалавека. І гэтая драма насамрэч пачалася, на жаль, ад самага пачатку. А складанае таму, што знішчыць адзінства проста, а аднавіць вельмі складана. Калі адкрываем Біблію, бачым, што падзелы адбываліся ўжо ў першыя гады існавання  супольнасці хрысціянаў. Дастаткова зазірнуць у пасланні Св. Апостала Паўла, скіраваныя да розных хрысціянскіх супольнасцяў, якія ён засноўваў і наведваў. Калі бяруць верх грахоўнасць чалавека, яго ганарыстасць і эгаізм, гэта заканчваецца заўсёды падзеламі на розных узроўнях.

 

– …Аднак, пакуль царкоўныя іерархі дыскутуюць, ці магчыма дасягнуць адзінства хрысціянаў, вякамі жывуць побач вернікі, якія паважаюць інаверцаў, іх рэлігійныя традыцыі, ствараюць сем’і, прыходзяць адзін аднаму на дапамогу, праяўляючы міласэрнасць, любоў і г.д. Значыць, падзел адзінай Хрыстовай Царквы не з’яўляецца вынікам чалавечай недасканаласці…

 

Так, нягледзячы на падзелы і недасканаласць, паміж намі ўсёроўна дзейнічае Дух Божы, які спрабуе адкрытых на яго людзей між сабою яднаць. Калі здараецца падзел, Бог дае чалавеку ласку са шкадаваннем убачыць яго разбуральны вынік. Наступны этап – разуменне і шкадаванне. Пасля пакаяння з Богам і прымірэння з Ім наступае выпраўленне шкодаў. І менавіта на гэтым этапе вельмі моцна ўздзейнічае Бог. Падзелы прыносяць  глыбокія раны крыўдаў, шуканне вінаватых. Без Бога на гэтым этапе немагчыма, толькі Ён можа лячыць гэтыя глыбокія сацыяльныя раны, якія ўтварыліся праз падзелы. Неабходна пачаць пошук таго, што нас аб’ядноўвае.

Асаблівым чынам нас яднае, канечне, Найсвяцейшая Тройца. Прыклад адзінства Бога ў Трох Асобах настолькі вымоўны, што ні ў кога з хрысціянаў не можа выклікаць ніякіх  супярэчанняў. Мова пра адзінства ў любові, якое не знішчае тоеснасць і індывідуальнасць кожнай Божай Асобы, а толькі яе падкрэслівае. Такое адзінства можа быць толькі ў дасканалай любові. “Бог ёсць любоў”, – кажа св. Ян Апостал, і гэта – сутнасць усякага разумення адзінства. Калі хрысціянін з верай накіроўвае свой позірк на Трыадзінага Бога, тады пачынае разумець, куды яму рухацца.

 

– Кс. Юрый, нагадайце, калі ласка, нашым чытачам, усё ж на якой глебе адбыўся падзел?

– Перанос сталіцы Рымскай імперыі з Рыма ў Канстанцінопаль у 330 г., а затым падзел імперыі на ўсходнюю і заходнюю ў 395 г. прывялі да тэрытарыяльнага падзелу хрысціянства і палітычнага суперніцтва Канстанцінопаля з Рымам. У сваю чаргу канстантынопальскі біскуп змагаўся за ўраўнаванне яго з біскупам Рыма на рэлігійным узроўні, калі адчуў, што ў сэнсе палітычнай улады стаўся  роўны Рымскаму папу. Тым не менш да другой паловы XI стагоддзя хрысціяне жылі па сутнасці ў адзінстве, таму што такія ерасі, як арыянства, нестарыянства або монафізітства, страцілі сваю сілу і значэнне пасля часовых поспехаў, і канфлікт з Фоціем таксама быў толькі часовым. Толькі патрыярх Керулар, які нават спрабаваў зняць імператара з трона, каб стаць сама-дзержцам Хрысціянскага Ўсходу, разарваў усякія адносіны з Рымскай Царквой і абвясціў сваю выключную духоўную ўладу  над усёй Усходняй Царквой. Першы вялікі раскол у Царкве Хрыстовай стаў найвялікшай паразай хрысціянства ў гісторыі і трывае да нашага часу. Звычайная чалавечая ганарыстасць і хцівасць паспрыяла найвялікшай трагедыі хрысціянства  – вялікай ране на  жывым Целе Хрыста, якая крываточыць.

 

– Ойча, а ці выказваюць пажаданне вернікі, каб тое гістарычнае здарэнне выправілася?

– Туга па адзінстве, згубленым амаль тысячагоддзе таму, заахвочвае хрысціян на ўсё новыя спробы прымірэння, і сёння яна асабліва ўзмацнілася. Сёння хрысціяне ўсіх канфесій зразумелі, што раскол – грэх, таму што ідзе супраць волі Хрыста. Пастаянна сустракаюся і размаўляю з прадстаўнікамі розных хрысціянскіх канфесій, часцей з праваслаўнай царквы, і бачу з большага іх адкрытасць і прагненне да адзінства. Даводзіцца праводзіць падрыхтоўчыя размовы перад хрышчэннем дзіцяці або вянчаннем, куды прыхо-дзяць праваслаўныя, і заўсёды пануе згода наконт таго, што Святая Троіца, Хрыстос, Багародзіца адныя і тыя ж. Нашыя катэхезы для дарослых наведвае шмат  праваслаўных, якія шукаюць шчыра Бога і адносін з ім. Нікога ў нашай парафіяльнай супольнасці гэта не здзіўляе. На нядзельную святую Імшу, якая праводзіцца на беларускай мове,  прыходзіць шмат ахрышчаных у праваслаўнай царкве і адчуваюць сябе  вельмі ўтульна. Не раз чуў ад іх, маўляў, нам у вас (у касцёле) неяк цікавей і зручней. Нават выказвалі нараканні, што ў праваслаўнай царкве, на жаль, святары мала тлумачаць Божае Слова, асноўны акцэнт робіцца на абрадавасць. Такая адкрытасць людзей на самым фундаментальным узроўні мяне проста ўражвае, таму што людзі нават не хочуць ведаць пра тое, што нас дзеліць. Ёсць у нас адна праваслаўная верніца, якая часта паўтарае: “Калі б мы былі разам, змаглі бы столькі зрабіць дабра” або “Калі ўжо каталікі і праваслаўныя паяднаюцца?”. Думаю, што нават падсвядома кожны праваслаўны або пратэстант разумее, што духоўная карысць адзінства хрысціянаў была сапраўды выключная.

 

Езус з апосталамі.  Фрагмент мазаічнага купала ў базыліцы св. Паўла ў Рыме.

Езус з апосталамі. Фрагмент мазаічнага купала ў базыліцы св. Паўла ў Рыме.

–  Як лічыце, ці рэлігійнасць вернікаў дасягнула стану, “каб усе былі адно”, ці спатрэбіцца яшчэ пэўны час, пакуль запаведзь Езуса Хрыста будзе рэалізаваная?

   – Думаю, што да такога стану хрысціянства найбольш блізкае падчас суровых выпрабаванняў. Выдаецца, цяпер такі час наступае, і гэта для ўсіх знак вялікай надзеі і ачышчэння тых, хто вызнае Хрыста. Я веру таксама, што Дух Святы дзейнічае вельмі моцна для адзінства сярод тых, хто мае асабістыя адносіны з Богам.

 

– Сучасны свет, відавочна, вымагае, каб людзі розных веравызнанняў аб’ядноўваліся ў барацьбе з яго бязбожнасцю і амаральнасцю. Ці магчыма гэта ва ўмовах адсутнасці адзінства?

– Разважаючы пра адзінства ў сувязі з вымаганнямі сучаснага свету, я вылучыў бы два ўзроўні: першы, які дастаткова бачны, – гэта і ёсць тая самая барацьба супраць бязбожнасці і амаральнасці, якую вядуць розныя хрысціянскія намінацыі. І тут ёсць добрыя прыклады супрацоўніцтва з пратэстантамі. У Гродне дзейнічае грамадская пратэстанцкая арганізацыя, якая праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы сярод моладзі. З навучальнымі ўстановамі Навагрудка адносіны ў мяне склаліся даверлівыя, і я некалькі разоў запрашаў лектараў на сустрэчы ў прафесіянальна-тэхнічны ліцэй, дзе навучаюцца дзеці з розных сямей – каталіцкіх, праваслаўных. Яны ахвотна прыязджалі. Узровень падрыхтоўкі лектараў вельмі высокі, тэмы глыбока распрацаваныя. Да таго ж, імпанавала іх даверлівасць, адкрытасць, прэзэнтавалі сябе як агульнахрысціянская арганізацыя, якая не мае на мэце прамаўляць толькі да якойсьці канкрэтнай групы – да ўсіх. Асабліва добра атрымоўваюцца лекцыі па тэмах: сужэнская вернасць, перадшлюбная чысціня, рух “Чыстыя сэрцы”. Крыху падглядваючы іх досвед, і мы арганізавалі ў парафіі рух “Чыстыя сэрцы” сярод старшакласнікаў, якія ходзяць на катэхезу, і моладзі.

Не так даўно я наведаў  рэабілітацыйны цэнтр пад Мозырам, якім апякуюцца таксама прадстаўнікі адной з пратэстанцкіх дэнамінацый. Моцна ўразіла тое, што 90% людзей, якія праходзяць праграму, выходзяць з залежнасцяў – алкагольнай, наркатычнай, ад інтэрнэту, ад гульняў. Дарэчы, чалавек, які ўжо 25 гадоў займаецца гэтым, сам калісьці быў залежны, але, дзякуючы Божай ласцы, пазбавіўся і прысвяціў жыццё ратаванню іншых. Не дзеліць людзей на дэнамінацыі, не хавае ніякіх сакрэтаў, а падобныя цэнтры, моцна запатрабаваныя ў ЗША, Германіі, Польшчы, Бельгіі, адкрывае на базе хрысціянства ў цэлым. Ён нястомна падкрэслівае: ратаваць трэба ўсіх, разумеючы, аднак, што адзіны, хто ратуе, – гэта Бог.

У нас у Навагрудку прайшоў нядаўна Міжнародны малітоўны кангрэс ў абарону ненароджанага жыцця. Удзел у ім прымалі болей 80 пралайфераў з Беларусі, Расіі, Германіі. Сярод тых, хто адгукнуўся, таксама былі пратэстанцкія арганізацыі, і на форум прыбыла група зацікаўленых асоб, якой падабаецца і якая мае намер распаўсюджваць вопыт Каталіцкага Касцёла ў гэтым накірунку.

Але ўсё гэта – знешні ўзровень адзінства; барацьба з бязбожнасцю і амаральнасцю – гэта барацьба з наступствамі крызісу ў гэтай сферы. Другі ўзровень яго патрабуе глыбокай духоўнасці; адзінства павінна будавацца на сур’ёзных духоўных рэчах.  Святы Ян Павел II пад-крэсліваў: “Сапраўднае адзінства дасягаецца праз глыбокае навяртанне сэрцаў”. Калі чалавек па-сапраўднаму прыходзіць да Бога, прыносіць плады  свайго пакаяння, Дух Святы пачынае ў ім дзейнічаць. А мы ведаем, што толькі Святы Дух яднае, толькі дзякуючы яму людзі здольныя будаваць глыбокі фундамент веры ўвогуле. Таму на шляху адзінства перш за ўсё неабходна прыйсці да Бога праз пакаянне, праз прызнанне сваіх  памылак і першаму працягнуць руку бліжняму, што вельмі вымоўна рабіў Ян Павел II. Ён многа разоў прасіў прабачэння ў хрысціян розных супольнасцяў за  памылкі ў гісторыі ўзаемаадносін. Прыклад вялікага Папы пераконвае: сапраўднае пакаянне не шукае вінаватых і таго, што падзяляе, а таго  –  што аб’ядноўвае. І барацьба з бязбожнасцю становіцца нашмат больш плённай, калі наступае навяртанне сэрцаў, што, у сваю чаргу, прыводзіць да евангельскага радыкалізму, калі мы ўсур’ёз успрымаем словы Хрыста і імкнемся ўцелаўляць іх у жыццё. У самую трагічную хвіліну, калі Езус маліўся ў Гефсіманскім садзе, прасіў Нябеснага Айца ні аб веры, ні аб чымсьці іншым – але менавіта аб адзінстве: каб былі адно, як Мы з Табою – Айцец з Сынам. Пры такім узроўні духоўнасці  вера ў каштоўнае слова Хрыста набывае зусім іншае вымярэнне ў адносінах між хрысціянамі.Тады ўсе іншыя справы становяцца больш плённымі.

Леанарда да Вінчы. "Тайная Вячэра".

Леанарда да Вінчы. «Тайная Вячэра».

 

– Ойча, ці  можам сёння гаварыць аб плёнах экуменізму ў разуменні больш глыбокага  працэсу збліжэння і яднання?

– Пасля II Ватыканскага Сабору Каталіцкі Касцёл першы выходзіў насустрач іншым хрысціянскім супольнасцям і першы распачынаў дыялог. Але, як падкрэсліваў святы Ян Павел II у сваёй  Энцыкліцы “Ut unum sint”, сэнс дыялогу не проста ў абмене думкамі, а ў слуханні і дзяленні духоўнымі дарамі, вопытам, досведам людзей, якія жывуць у асаблівай блізкасці з Езусам Хрыстом, якія практыкуюць радыкалізм Евангелля. У гэтай Энцыкліцы мне спадабаліся словы Папы яшчэ і аб тым, што каталікі самі павінны добра ўсвядоміць, што і ў іншых хрысціянскіх супольнасцях таксама дзейнічае Дух Святы, і што менавіта абмен духоўным досведам і можа ўзаемна ўзбагаціць хрысціян і наблізіць да адзінства.  Вельмі прыемна ўсведамляць, што Каталіцкі Касцёл зрабіў першыя крокі, а яны, як вядома, ніколі не бываюць бясплённымі.

Варта ўзгадаць і шматлікія сустрэчы прадстаўнікоў розных рэлігій, якія адбываюцца на розных узроўнях, таксама святкаванне афіцыйна прынятага Тыдня адзінства хрысціянаў, дакументы, выдадзеныя Касцёлам. Я перакананы, што гэта якраз і дыктуецца служэннем Евангеллю. У XX стагоддзі бачым рымскіх папаў, якія жылі Евангеллем і марылі аб адзінстве, перш за ўсё – адзінстве хрысціян. Усе гэтыя крокі і намаганні Касцёла з’яўляюцца плодам служэння Евангеллю і сталі  вельмі моцным стымулам для іншых хрысціянскіх цэркваў да іх адкрытасці і здольнасці да дыялогу. Канешне, прыход да экуменічнай свядомасці з’яўляецца доўгім і складаным працэсам, але першыя плады гэтага асабіста я бачу.

 

– Шчырае дзякуй, кс. Юрый, за Вашыя разважанні і адказы на такую зусім не простую тэму.

 

 

 

 

Размаўляла Раіса СУШКО.

Фота Карнэлія КОНСЭКА,SVD

Гродзенская вобласць


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий