Антыпараднік для пілігрыма

о.Евгений Голуб

о.Евгений Голуб

Дарагі дружа, настала пара адпачынку. Асаблівае месца ў ім для каталікоў займае пешае паломніцтва або пілігрымка. Незабыўныя ўражанні, новыя сябры, трывалы, хоць і мясцовага паходжання, загар – толькі некаторыя радасці, што чакаюць аматараў гэтай адмысловай формы хрысціянскага турызму. Каб тваё падарожжа прайшло спраўна і незабыўна, прапануем некалькі простых і дзейсных парадаў.

 

 

1.  Пілігрымка – сур’ёзнае выпрабаванне, таму збірацца ў яго раім доўга і адказна, згодна з выслоў’ем Дыягена: “усё сваё нашу з сабою”. Мусіш памятаць, дружа, што адзін дзень паломніцтва раўняецца тром звычайным па інтэнсіўнасці; невядомыя і рызыкоўныя ўмовы начлегу, харчавання і выжывання самі дыктуюць патрэбу ўзяць з сабою надзьмуваны матрац, раскладушку (на ўсялякі выпадак). Тры-чатыры ваўняныя світэры лішнімі таксама не будуць – хто ведае, якія кліматычныя ўмовы могуць чакаць цябе ў спартыўнай зале ў  незнаёмым  раёне нашай краіны.
2.  Можна выбраць і іншы стыль падрыхтоўкі – экстрымальны: правер, наколькі зможаш абысціся без патрэбных рэчаў у дарозе! Прадметы асабістай гігіены для слабакоў! Спаць цалкам можна і на свежай траве з каменем пад галавою (неяк так рабіў святы Францішак, здаецца), міску цалкам замяняе знойдзены ў пушчы кавалак кары, а галаўны ўбор – шапачка-арыгамі, зробленая наспех са старонак каталіцкага часопіса, знойдзенага ў бліжэйшым касцёле. Галоўнае – не перагружаць сябе  рэчамі: не вер таму, што пішуць арганізатары паломніцтва наконт неабходнага мінімуму – яны проста прывыклі  да камфорту.
3.  Запрашэнні запісацца на пілігрымку сваёй парафіі катэгарычна ігнаруй: дзе гэта бачна, каб хрысціянскі подзвіг  веры  быў  афіцыйны! Старой  добрай  ананімнасці яшчэ ніхто не адмяняў. Зрэшты, якая розніца арганізатарам, будзеш ты сотым ці сто першым удзельнікам: яны і так разлічваюць на масавасць. Ні ў якім разе не запаўняй анкет на сайце пілігрымкі –  а  то  яшчэ  будуць на працягу шляху парушаць тваю хрысціянскую свабоду Божага дзіцяці  запрашэннямі  несці  сцягі ці,  не дай Божа, калонкі. Маўчы, пра тое што неблага спяваеш (лекі для горла даволі нятанныя) і скончыў некалькі класаў музычнай школы па класу гітары (а то яшчэ прыдзецца інструмент з сабой валачы). Калі ідзеш упершыню, ні ў якім разе не прызнавайся ў сваёй некампетэнтнасці: каб адразу ўліцца ў калектыў, распавядзі пра багаты пілігрымскі досвед на шляхах у Чэнстахову, Ля Салет і Санц’яга-дэ-Кампастэла.
4.  Нават не думай слухаць гэтых “пілігрымаў са стажам”, якія наважыліся даваць табе парады пра разношаны абутак, правільна абраны стыль адзення, якасць і колькасць дзённай правізіі. Усё гэта яны ведаюць! Пілігрымаўскі шлях – рэч выключна індывідуальная, таму сам вырашай і не забівай сабе галаву чужымі парадамі. Да цябе неяк хадзілі – і ты дойдзеш!
Кожная шануючая сябе дзяўчына ведае, што найлепшая якасць абутку – прыгажосць і элегантнасць, ці то ў Парыжы, ці ў Налібоцкай пушчы. Таму варта прайсці гэты шлях на абцасах, а не ў рваных кедах. Хлопцы, што цэняць зручнасць, безумоўна, аддадуць перавагу шлёпанцам. Ніякіх  дажджавікоў  браць з сабой не варта, толькі месца займаюць – на ўсялякі выпадак можна прыхапіць невялікі парасон. Ды і якія ў нашай Беларусі дажджы, мы ж не ў тропіках! Папырскае трохі і перастане. Не варта браць з сабою і галаўныя ўборы – яны толькі перашкодзяць цешыцца так доўгачаканым летнім сонейкам і схаваюць густоўную  фрызуру, над якой так шчыравалі ў цырульні.
5.  Пілігрымка, апроч турыстычнага, мае яшчэ і сваё духоўнае вымярэнне. І як кожная духоўная справа патрабуе вялікай спантаннасці і імправізацыі. Таму не варта ніякім  чынам  загадзя  рыхтавацца да яе, маліцца, выдумляць інтэнцыі, спавядацца – што Бог дасць, тое дасць. Ісці ў паломніцтва без планаў і намераў, як чысты ліст – вось ідэал сапраўднага пілігрыма! Не трэба збірацца ў групы і шукаць паплечнікаў –  сапраўдны пілігрым заўсёды самотны і разлічвае толькі на сябе. Навучыся быць адзін нават у натоўпе (можаш практыкаваць гэта штодня па дарозе на працу ці ў метро).
6.  Кожны дзень перажывай як апошні і не шкадуй сіл у дарозе. Ад мазалёў яшчэ ніхто не паміраў, а медпункт пакінь слабакам, што не ўмеюць апаноўваць сваё цела. Калі ўжо ногі адмовяцца ісці – сядзь на абочыне і чакай падмогі.
7.  Голасна  размаўляй па тэлефоне, найлепей на гучнай сувязі. Найбольш падыходзіць для гэтага час малітвы і  індывідуальнага разважання – тады больш людзей  будзе  мець шанс заўважыць, якая  ты  сяброўская і  камунікатыўная  асоба.
8.  Увогуле, малітва – найлепшы час каб духоўна адпачыць, з’яднацца са светам праз праверку электроннай пошты і паведамленняў  у  сацыяльных сетках. Менавіта падчас малітвы ў большасці паломнікаў праяўляецца  стомленасць і напружанне, што бачна па іх засяроджаных тварах – невялікі сітуацыйны жарт, свежы анекдот, сэлфі  дапамогуць  табе падтрымаць сяброў падчас  Ружанца.
9. Не варта псаваць свой музычны густ супольным выкананнем  замшэлых  хрысціянскіх хітоў на загад “дастаньце спеўнікі”. Ды ўвогуле, каму той спеўнік па-трэбны! Лепш дастаць слухаўкі і – наколькі пазваляе мабільны інтэрнэт – скрасіць сабе шлях праслухоўваннем альбомаў любімых выканаўцаў.
10.  Доўгія начныя пасядзелкі з сябрамі не могуць не адбіцца на фізічнай форме, таму раім выкарыстаць час канферэнцыі  і казанне на святой Імшы, згодна з іх непасрэдным  прызначэннем – даць вам магчымасць паўгадзінкі  падрамаць. Ці гадзінку, тут  ужо  як  пашанцуе з прапаведнікам.
11.  Безумоўна, цэнтральным момантам дня пілігрыма з’яўляецца абед, без варыянтаў!
Старайся  першым  патрапіць да  “жыццядайнай крыніцы”, што палявой кухняй завецца, і ні ў чым сабе не адмаўляй. Можаш  прыдумаць гісторыю пра сябра, што не ў стане сам узяць порцыю, і пад’есці за дваіх. А-а, і ў пілігрымцы ўсе роўныя, на ўзрост і статус у чарзе можна не зважаць.
12.  “Усвядомлены – узброены”, – кажа народная прымаўка. Не  бойцеся  пытацца  арганізатараў пра кожную дэталь: не такія яны ўжо і занятыя, калі ідуць побач  з вамі. Памятайце, не  існуе  дрэнных  пытанняў: вы ж мусіце ведаць, з якога мяса будуць смажаныя катлеты на  бліжэйшым  прывале і ці ёсць гарачая вада ў школе, дзе сёння начуем.
13.  У момант, калі ўрачыста перакрочыш дарожны знак “Будслаў” (ці мясцовасць якога іншага санктуарыя), памятай – ты асягнуў мэту. Далейшы ўдзел у набажэнствах толькі сапсуе ўражанне перамогі над самім сабой. Ты – арол, леў  і  грыфон  разам узятыя, сапраўдны чэмпіён  і  кароль шашы, можаш паесці блінцоў ля мясцовага фудкорту і збірацца дахаты, каб за год вырушыць за новай перамогай.

 

Сябры, калі  вы дачыталі да гэтага месца, то, напэўна, не сумняваецеся  ў  іроніі  аўтара  і  бязглу-здзіцы  некаторых  парадаў. Будучы пілігрымам  з пэўным стажам (але без Санц’яга  і  Ля Салет), я хацеў у максімальна даступнай і жартоўнай форме распавесці  пра  тое, што  гэты  шлях перш за ўсё змяняе сэрца, дазваляе пачуць Бога і сябе, а кожная дробязь падчас  яго  мае  значэнне.  Жадаю ўсім добрых пілігрымаўскіх  шляхоў  і  як найменш мазалёў!

 

 а. Яўген ГОЛУБ, OFMConv


 ИЗ КАТЕХИЗИСА КАТОЛИЧЕСКОЙ ЦЕРКВИ

Katechizis

Жажда Бога

 

27
 «Жажда Бога заложена в сердце человеческое, ибо человек создан Богом и для Бога; Бог не перестает  привлекать  к  Себе человека, и только  в Боге человек  найдет истину и счастье, которых он беспрестанно ищет».

30
«Да веселится сердце ищущих Господа» (Пс 105,3)(1). Если человек может забыть или отвергнуть Бога, то Бог не устает призывать  каждого человека искать Его, чтобы человек жил и обрел счастье. Но поиски эти требуют от человека всех усилий разума, прямоты воли, «прямоты сердца», а также свидетельств других людей, которые учат его искать Бога».
«Велик Ты, Господи, и всемерной достоин хвалы; велика сила Твоя и неизмерима премудрость  Твоя. И славословить  Тебя хочет человек, частица созданий Твоих: человек, который носит с собой  повсюду  смертность свою, носит с собой свидетельство греха своего и свидетельство, что Ты противишься гордым. И все-таки славословить Тебя хочет человек, частица созданий Твоих.Ты услаждаешь нас этим  славословием…»


Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий