Хлеб штодзённы

7 мая

 5-я Велікодная нядзеля, год А

 

Вытрываць у  веры

 

1 чытанне — Дз 6, 1-7.

2 чытанне — 1 П 2, 4-9. 

Евангелле — Ян 14, 1-12.

 

 

“Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце”   (Ян 14,1).

Калі бачым кагосьці занепакоенага, спрабуем яго суцешыць. Тое ж самае зрабіў Езус, заўважыўшы неспакой сваіх вучняў. Хоць яны не ведалі падрабязнасцей таго, што адбудзецца неўзабаве пасля выхаду з Вячэрніка, але прадчувалі, што нешта павінна адбыцца. Няўпэўненасць звычайна выклікае непакой. Таму Езус падбадзёрыў іх, сказаўшы: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце” (Ян 14,1). Мы таксама, калі заўважаем кагосьці занепакоенага, спрабуем падбадзёрыць яго. Часам кажам: “Не хвалюйся!”. Але гэта наша “не турбуйся, не хвалюйся” звычайна адрозніваецца ад слоў Езуса: “Няхай не трывожыцца сэрца ваша”. Бо пасля гэтых слоў Езус сказаў тое, што сапраўды магло паменшыць неспакой, і што мы часам не можам перадаць занепакоенаму чалавеку. Езус заахвоціў да веры, таму што менавіта яна можа паменшыць або нават цалкам ліквідаваць непакой. Ён сказаў: “Верыце ў Бога і ў Мяне верце”  (Ян 14, 1). Калі яны будуць верыць у Яго так, як яны вераць у Бога, Які на нябёсах, то яны не будуць знаходзіцца ў турбоце бясконца. Аднак, што б ні здарылася ў бліжэйшы час, ім неабходна верыць у Яго. А апосталаў і іншых вучняў Езуса чакала вялікае выпрабаванне, якім было вельмі блізкае зняволенне і забойства іх Пана і Настаўніка. Езус добра ведаў усё гэта, таму заклікаў апосталаў вытрываць у веры ў Яго: “Верыце ў Бога і ў Мяне верце” (Ян 14,1).


 14 маяgr-str-30

 6-я Велікодная нядзеля, год А

 

Дар  любові

 

1 чытанне — Дз 8, 5-8. 14-17.

2 чытанне — 1 П 3, 15-18. 

Евангелле — Ян 14, 15-21.

 

 

 

“Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне”   (Ян 14, 21).

Сёння чуем словы Езуса: “Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі. Хто захоўвае запаведзі, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і аб’яўлюся яму”. Відавочна, што той, каго любяць, натуральным чынам прысутнічае ў тым, хто любіць. Таму чалавек, які любіць Бога, мае Яго ў сабе: “Хто жыве ў любові, той жыве ў Богу і Бог у ім” (1Ян 4,16). Бо любоў па сваёй прыродзе перамяняе таго, хто любіць, у таго, каго любяць: калі мы любім нікчэмнае і тленнае, то становімся нікчэмнымі і агіднымі, як тое, што палюбілі (пар. Ос 6,17). Калі ж мы любім Бога, то становімся падобнымі да Бога.

На што гатова наша любоў дзеля Бога? Мы самі можам убачыць, як той, хто любіць, дзеля любові здзяйсняе вялікія рэчы. А ў Евангеллі чытаем словы Хрыста: “Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё” (Ян 14,23). Любоў да Бога – абарона ад таго, што скіравана супраць нас. Тым, хто мае любоў, не перашкодзяць ніякія бедствы – ўсё пераменіцца на іх карысць: “Усё служыць на карысць тым, хто любіць Бога” (Рым 8,28). Любоў вядзе да шчасця. Толькі тым, хто мае любоў, абяцана вечнае шчасце з Панам Богам. Любоў да Бога дае адпушчэнне грахоў. Гэта мы выразна бачым у саміх сябе, калі прыступаем да споведзі. Бог адпускае грахі тым, хто любіць Яго: “Любоў закрывае мноства грахоў” (1П 4,8). Добрым прыкладам з’яўляецца Магдалена: “Даруюцца ёй грахі многія”, – чытаем у Бібліі, – і дадаецца прычына: “За тое, што яна вельмі палюбіла”. Аднак хтосьці скажа: “Значыць дастаткова любові, і ў пакаянні няма патрэбы”. Варта заўважыць, што ніхто не любіць па-сапраўднаму, калі па-сапраўднаму не каецца. Відавочна, што чым больш мы кагосьці любім, тым больш смуткуем, пакрыўдзіўшы яго. Гэта таксама адзін з вынікаў любові. Варта ведаць, што для здабыцця дару любові і ўзрастання ў здабытай любові з’яўляюцца неабходнымі: стараннае слуханне Божага слова; безупыннае разважанне над Божымі дабротамі; цярплівасць у няшчасцях. Вядома, калі мы зносім цяжкасці дзеля таго, каго любім, то любоў не знішчаецца, а наадварот, узрастае.


 21 маяgr-str-31

 7-я Велікодная нядзеля, год А

 

Пазнанне  Бога – давер да  Яго

 

1 чытанне — Дз 1, 12-14.

2 чытанне — 1 П 4, 13-16. 

Евангелле — Ян 17, 1-11а.

 

 

“Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету”   (Ян 17, 6).

Малітва Езуса, Сына Божага завяршае Апошнюю вячэру. Як гаспадар вячэры, Езус праводзіць сваіх Дванаццаць гасцей ад абмывання ног, праз навучанне і размову да малітвы. Малітва завяршае аб’яўленне Езуса як умілаванага Сына, пасланага Айцом, Які цяпер вяртаецца да Яго. Яго вяртанне да паўнаты сваёй славы будзе здзейснена праз крыж.

У першай частцы малітвы Езус размаўляе з Айцом аб завяршэнні выканання Яго місіі на зямлі. Вынікам гэтай дзейнасці з’яўляецца абноўленае і больш поўнае пазнанне Бога і прадастаўленне вернікам Божага збаўлення чалавека, апісванага як вечнае жыццё. Без умяшання Бога ў свет праз свайго Сына шлях да Бога ўсё яшчэ быў бы разнастайным, і збаўленне ўспрымалася б па-рознаму. Бог, яўлены ў Сыне, цяпер адзіны, а збаўленне зразумелае і поўнае. Смерць і Ўваскрасенне Езуса – гэта не проста часовая падзея, а пераломны момант, які адкрывае шлях у новы свет. Гэта больш не будзе свет, які разумеецца як свет, падвергнуты разбэшчанасці і які знаходзіцца ў варожасці да Бога. Гэта будзе свет, які з Богам паяднаны і абноўлены ў Езусе Хрысце. Прыняцце Езусам славы Айца раўнасільна сцвярджэнню, што Ён ёсць Бог. Езус Хрыстус сапраўды Бог і чалавек сапраўдны.

Пазнанне Бога заключаецца не ў назапашванні ведаў пра Бога, а ў даверы да Яго. Тут акцэнт быў зроблены на асабістых адносінах чалавека з Езусам Хрыстом. Дэ-фініцыя вечнага жыцця ў Евангеллі ад Яна кажа пра збаўленне, якое вынікае з пазнання адзінага сапраўднага Бога і Сына. Езус пачынае маліцца за вучняў. Перш чым яны адправяцца ў свет, Езус аддае іх Айцу. Спачатку пацвярджае іх веру і місію. Яны застануцца ў гэтым свеце, які адкінуў Яго. Ім патрэбна дапамога і сіла. Канфлікт са светам непазбежны. Выбраныя Богам вучні, якія прынялі Аб’яўленне, дадзенае Езусам, з’яўляюцца плёнам Яго місіі. Гэтыя вучні ведаюць сапраўднае паходжанне Езуса і ведаюць, што Бог з’яўляецца крыніцай усяго, што Езус казаў і рабіў. Вучні маюць новую сувязь з Богам, таму што да Бога могуць наблізіцца толькі тыя, хто палюбіў Яго Сына і паверыў Сыну. Езус вяртаецца да Айца, а заданні і справы ў свеце будуць выконвацца вучнямі, падрыхтаванымі да гэтай місіі.

Падобна таму, як Езус перад пачаткам служэння прайшоў выпрабаванне ў пустыні, так і вучні неўзабаве будуць падвергнуты выпрабаванню. Езус просіць Айца абараніць іх, каб, смуткуючы, яны хутка вярнуліся да адзінства, разбітага рэакцыямі на арышт, смерць і Ўваскрасенне Езуса.


 28 маяgr-str-31-2

Урачыстасць Спа-слання Духа Святога,  год А

 

Будзьце  сведкамі!

 

1 чытанне — Дз 2, 1-11.

2 чытанне — 1 Кар 12, 3b-7. 12-13. 

Евангелле — Ян 20, 19-23.

 

 

“Спакой вам!”   (Ян 20, 21).

Сёння адзначаем урачыстасць Спаслання Духа Святога. Апосталы, якія сабраліся ўвечары, на тым жа месцы, былі напоўнены Духам Святым. Сіла Святога Духа зрабіла кожнага з іх надзеленымі рознымі ласкамі, рознымі дарамі. Кожны ахрышчаны, які прымае сакрамэнт канфірмацыі, таксама атрымоўвае розныя Дары Духа Святога. Гэта прынамсі тыя, якія мы так добра ведаем з Катэхізіса: дар мудрасці, розуму, рады, мужнасці, умеласці, пабожнасці і боязі Божай. Канфірмацыя дае нам не толькі правы, дзякуючы якім мы можам дасведчыць у нашым жыцці дзеянні Дароў Святога Духа і Яго пладоў, але і абавязкі. Гэтыя абавязкі, у сваю чаргу, вельмі ясна кажуць нам, што мы нясём адказнасць за нашу веру і за Касцёл. Езус Хрыстус кажа сваім апосталам: “Супакой вам. Як паслаў мяне Айцец, так і Я пасылаю вас”. Гэтыя словы можам аднесці і да сябе. Езус Хрыстус – наш Бог, наш Збаўца і Настаўнік, кажа нам: будзьце Маімі сведкамі тут,  на зямлі, аж да канца свету; будзьце маімі сведкамі дома, на працы, у школе і ўсюды, дзе людзі забываюць, што Я – крыніца ўсялякага благаслаўлення. Заставайцеся, нарэшце, моцнымі ў веры і перамяняйце аблічча зямлі сілай Духа Святога. Езус Хрыстус прагне адарыць нас Духам Святым і наказвае нам зменьваць гэты свет пладамі гэтага Духа, а значыць, праз любоў, радасць, супакой, цярпенне, дабрыню, мужнасць, велікадушнасць, міласэрнасць, вернасць, сціпласць, стрыманасць, чысціню і г.д. Няхай Дух Святы, Які ёсць дарам любові Айца і Сына, сыдзе сёння зноў на нас. Хай  зменіць нас і ўмацуе. Хай будзе тым, хто разагрэе халоднае  сэрца, дасць заслугу мужнасці, дасць вянок Перамогі, дасць шчасце  без меры ў Езусе Хрысце – Пану нашым.

 

 

 кс. Януш  ЧАРНАМОРАЎ


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий