Сёлета, 19 студзеня, спаўняецца 155 гадоў з дня нараджэння Слугі Божай Маці Францішкі Марыі Віткоўскай – заснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр Найсвяцейшага Імені Езуса. Слуга Божая родам была з Беларусі.
Дзяўчынка Марыя
…Дзіўна, але сустракаюцца часам рэчы, якія хвалююць, нават калі ты да іх не маеш ніякага дачынення. Спакваля прасочваюцца ў тваю падсвядомасць, пачынаюць уздымаць у табе нейкія не вядомыя дагэтуль пачуцці, падштурхоўваюць да нечаканых вывадаў, і сам сабе ты не можаш растлумачыць: адкуль прыйшло гэтае “нешта” – з “подыхам” пачутых гісторый, ці з твайго асабістага ўяўлення аб тым, што істотнае ў людскім жыцці, а што – так, звычайны міраж.
Падобнае адчуванне ахапіла мяне, калі ступіла на двор ся-дзібы Іосіфа Мацко – жыхара вёскі Вардамічы на Вілейшчыне. У адной эксклюзіўнай кніжцы яго пляц пазначаны як месца нараджэння Слугі Божай Марыі Віткоўскай – заснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр Найсвяцейшага Імені Езуса, якая жыла ў ХIХ стагоддзі. Моцна захацелася дакрануцца і адчуць тое агульнае, што яднае законную сястру, якая даўно адыйшла з жыцця, з тымі, хто сёння жыве на тых самых падмурках, узведзеных шляхцічам Віткоўскім, захоўваючы памяць пра яго слынную дачушку Марыю.
…Юзік – так па-вясковаму завуць сённяшняга 82-гадовага гаспадара сядзібы – узяў ключы і са словамі “Не бойцеся!” адразу паклікаў за сабою у “панскі склеп, што застаўся яшчэ ад самога Віткоўскага”.
У тым “панскім склепе” – памерам каля 50 квадратаў, з таўшчэзнымі (можа каля метра) сценамі, столлю з чырвонай цэглы і каменнай падлогай – нам нічога не заставалася, як толькі ўсклікнуць: во будаўнікі былі, во будавалі; нічога не сыплецца, не развальваецца, не плеснее – прастаіць яшчэ не адно стагоддзе! Але трапяткое пачуццё, што пад гэтаю самаю столлю, па гэтай падлозе ступала нага дзяўчынкі Марыі, працэс беатыфікацыі якой у лістападзе 2001-га распачаты ў Рыме, прымушала перавесці дух і пачаць пошук падмуркаў духоўных, каб пасля зачаравана ўсклікнуць: нашыя святыя, з нашай беларускай зямлі!
–… А зараз хадзем у хату, буду расказваць, – гасцінна за-прашаў Іосіф Уладзіміравіч, і ў яго роспаведзе паволі паўставала мінулае бацькаўшчыны і атмасфера, у якой выхоўвалася дзяўчынка:
– Нарадзілася Марыя са-праўды на гэтым самым месцы, у фальварку мясцовага шляхціча 19 студзеня 1866 года. Яе бацька, Францішак Віткоўскі, меў зямлю, лес, свой спіртзавод, трымаў многа валоў, пчолы і разам з жонкай Ядвігай гадаваў пяцёра дзяцей: трое сыноў і дзве дачкі. Наймаў лю-дзей, каб працавалі ў яго на гаспадарцы, плаціў, не скупіўшыся, і імкнуўся даць дзецям адукацыю. Два сыны яго сталі дактарамі (у тым ліку адзін – ветэрынарны), трэці сын – афіцэр, даслужыўся да палкоўніка. Дзяўчынкі, як гэта звычайна адбывалася ў шляхецкіх сем’ях, да пятнаццаці гадоў атрымоўвалі адукацыю ў бацькоўскім доме, і галоўным было – навучыць іх Катэхізісу і выхаваць у паслухмянасці Богу.
Дзіцячыя і юнацкія гады Марыі прайшлі ў Старым Сяле недалёка ад Мінска, дзе яе бацька арэндаваў для свае сям’і вялікі маёнтак. Там жыла дваюрадная сястра маці – цётка Соф’я Казімірская, якая ў звычайных хатніх умовах і падрыхтавала (хоць такая практыка на той час не дазвалялася) сваіх пляменніц да Першай споведзі. Ва ўзросце 11-12 гадоў Марыя і яе малодшая сястра прынялі ў касцёле Ўсіх Святых у Вільне Першую святую Камунію. Праз некалькі гадоў бацькі адправілі Марыю на вучобу ў прыватную школу Генрыкі Чарноцкай у Варшаве, якая вызначалася высокім узроўнем выкладання і дзе быў інтэрнат для дзяўчынак з “усходніх крэсаў”. На жаль, з-за слабога здароўя Марыя некалькі разоў была вымушана перарываць вучобу, каб пабыць дома.
Як лямпачка…
І ўсё ж далейшы яе шлях – пачатак служэння Богу і людзям. Прагла пазнаваць Бога, любіць Яго і сваёю любоўю дзяліцца з іншымі. Ва ўзросце 17 гадоў у віленскім касцёле св. Яна Хрысціцеля і св. Яна Евангеліста кс. біскуп Кароль Грынявіцкі ўдзяліў Марыі Сакрамэнт бежмавання. Вядома, што перад прыняццем сакрамэнту была ў споведзі ў кс. Вінцэнта Ключынскага, прафесара Духоўнай семінарыі ў Вільне, які быў шырока знаны як добры спаведнік і духоўны кіраўнік. З таго моманту ён стаў яе пастаянным духоўным настаўнікам адносна ўнутранага жыцця, сакрамэнту пакаяння (пазней кс. Ключынскі быў пры-значаны арцыбіскупам Магілёўскім) і адыграў вялікую ролю ў яе духоўным станаўленні.
У 1885 годзе кс. Ключынскі накіраваў Марыю на прамыслова-рамесніцкую фабрыку ў Варшаве, у рамесніцкую школу Цэцыліі Платэр-Жыбэк, дзе ўпершыню сустрэлася з айцом капуцынам Ганаратам Казьмінскім, які адкрыў новую форму манаскага жыцця – у таямніцы ўкрыцця Бога перад светам, у скрытым жыцці Езуса і Марыі ў Назарэце, гэта значыць – без хабіту і знешніх адзнакаў, а таксама заснаваў мноства рэлігійных супольнасцей. У асобе Марыі-Францішкі ён хутка распазнаў кандыдатку на заснавальніцу яшчэ адной манаскай сям’і – працуючай і жывучай ва ўкрыцці, апостальскім заданнем якой было аказанне дапамогі дзяўчатам і жанчынам-рукадзельніцам у пошуку шляхоў да Бога.
У лютым 1893 года для хворых і пакінутых старэйшых швачак Марыя арганізавала ў Варшаве прыют, займалася дабрачыннай дзейнасцю, а праз месяц склала вечныя абеты. У тым самым годзе, матываваная пераследам Касцёла з боку расійскіх уладаў, ахвяравала сваё жыццё за свабоду і развіццё Касцёла ва ўсім свеце. Гэта быў гераічны акт, і Бог хутка прыняў гэтую ахвяру.
З мэтаю прадставіць дакументацыю на атрыманне ад Апостальскай Сталіцы зацвярджэння Кангрэгацыі, у 1894 годзе адправілася ў Рым. Аднак цяжкая хвароба лёгкіх зрабіла немагчымай яе раней дамоўленую сустрэчу са святым Айцом. Адзінае, што здолела зрабіць, – атрымаць дазвол на адкрыццё першай капліцы ў генеральным доме Кангрэгацыі.
Пражыла Марыя Віткоўская кароткае жыццё – усяго 29 гадоў, але за восем гадоў кіравання Супольнасцю адкрыла восем дамоў з майстэрнямі ў Польшчы і Царскай Расіі, пры гэтым самааддана працавала над арганізацыйнай структурай Кангрэгацыі, надаючы ёй духоўны характар, займалася падрыхтоўкай Статутаў для зацвярджэння іх Святым Пасадам. Памерла Марыя ў польскім горадзе Отвоцк 26 кастрычніка 1895 года, усяго на паўгода перажыўшы сваю маці (Ядвіга Віткоўская адыйшла з жыцця ў лютым 1895 г.; пахаваныя з мужам на могілках парафіі Божай Маці Ружанцовай і Святога Даменіка ў Ракаве). Астанкі Марыі пакояцца на Повонзках у Варшаве. Пасля яе смерці гаварылі: “Гэта быў прамень любові да Бога і руплівасці да Яго хвалы, які згас, як лямпачка…”.
Быццам на святым месцы
Іосіф Уладзіміравіч бярэ са стала працу пад назвай “Марыя Віткоўская”, якую я назвала вышэй эксклюзіўнай кнігай, гладзіць рукою па яе вокладках, перагортвае старонкі, паказвае здымкі:
– Такая яна была – прыгожая, сціплая, моцна набожная. На яе родных палетках жывём быццам на святым месцы. Яна і ў небе за нас моліцца. Самі падумайце, – заўважыў з хваляваннем. – Мой тата тры вайны прайшоў – руска-польскую, фінскую і Другую сусветную і дамоў вярнуўся – цалёханькі! А з Вардамічаў многія загінулі. Першы раз ішоў на фронт – узяў з дому, як кожны салдат, металічную лыжку. І тая лыжка тры фронты з ім прайшла і сёння яшчэ жывая! Праўда, унучка мёд набірала з банкі, прыціснула ды надламала яе; трэба спаяць, няхай будзе памяць надалей…
Між іншым, кніга Іосіфу Ўладзіміравічу дасталася ад яго ўнука Віктара Петрашкевіча, гісторыка, які працаваў са многімі архівамі, адкрываючы для сябе не вядомыя дагэтуль старонкі з мінулага Вардамічаў і акругі. Дзякуючы гэтаму, постаць каталіцкай манахіні Францішкі Марыі Віткоўскай набыла канкрэтныя рысы. Дзед Юзік моцна ўдзячны ўнуку за такі арыгінальны падарунак – сапраўды, што можа быць даражэй для чалавека, які жыве, дзякуючы Богу за месца свайго жыхарства, за тое, што гэтая зямля нарадзіла святую Марыю, для чалавека, які моцна цікавіцца жыццём продкаў. Чулі б вы, колькі прыгожых эпітэтаў, якую прыгожую характарыстыку даваў ён, з пашанаю расказваючы пра сваіх продкаў:
– Мой тата жаніўся ў 28 годзе. У яго быў харошы конь, харошая збруя, дуга, аглоблі, калёса – усё-усё! У Даўгінава ездзілі да касцёла на св. Імшу, на фэст і на рынак. Там заўсёды давалі тату якую-небудзь адзнаку за ўдалы догляд каня і вупраж… Ну і свой лес быў, свая зямля. Дом ён пабудаваў на тых самых падмурках Віткоўскага, якія на пачатку 1900-х гадоў купіў яшчэ мой дзед Базыль, – на “два канцы”, гэта значыць для мяне і другога сына Мечыка. Нас бы вывезлі саветы, каб не вайна. Бо немцы пачалі бамбіць з суботы на ня-дзелю, а наша сям’я стаяла ў спісках “кулакоў” на вываз у чацвер. Вайна пакінула нас на месцы, а тату забрала на фронт. У 42 годзе згарэлі пуня, ток і наш дом – датла; маму і нас траіх (яшчэ была сястра Яня) прыю-ціла маміна сястра. Засталіся голыя, але не галодныя. Наш тата быў разумны; перад вайною зрабіў скрыню, закапаў у зямлю і засыпаў туды сто пудоў зерня. Немцы не знайшлі. А мы зрабілі туды лаз і… Пяклі хлеб. Выжылі.
– Мая мама – Юзэфаю звалася – таксама руплівая была гаспадыня. Як фронт адыйшоў, купіла ў Будславе каня, сама яго прывяла, і разам з намі, дзецьмі, арала, сеяла, скаціну трымала…
– У 45-м тата з вайны прыйшоў на папялішча. Але быў надта спраўны да ўсялякай работы: боты шыў, бочкі рабіў, коней падкаваць мог, хамут зрабіць – усё, хіба не ўмеў толькі спяваць і на гармоні іграць. І зноў пачаў будаваць дом – вялікі, зноў на “два канцы”. Бачыце, і сёння стаіць… На жаль, жонка мая, Зіна, памерла; працавала настаўніцаю, мела харошы голас, іграла на гітары; з ёю пражылі мы ў згодзе 60 гадоў. Застаўся адзін, дзеці прыязджаюць, унукі. Клічуць паехаць з імі ў горад – не-е. Калісьці майму тату (ён да Берліна дайшоў) прапаноўвалі за-стацца пасля вайны ў Германіі, землі харошыя давалі – не, імкнуўся дамоў: як кажуць, дзе нарадзіўся – там і прыгадзіўся. А месца наша, самі бачыце, незвычайнае.
…З гэтымі словамі мы зноў выйшлі на восеньскі двор – упарадкаваны, прыбраны, як, відаць, было ў жыцці ва ўсіх Мацко, і пайшлі да яшчэ адной адзнакі месца нараджэння Слугі Божай Марыі Віткоўскай – капліцы, што сям’я Мацко ўстанавіла ў яе гонар. Кожны год 15 жніўня збіраюцца каля яе мясцовыя вернікі, прыязджае пробашч Даўгінаўскай парафіі св. Станіслава кс. Алойзы Шулік, OFM, разам моляцца Ружанец, Літанію. Каплічка пастаўлена ў самым вугалку пляцу, каля вуліцы – так, каб бачылі яе ўсе людзі, пілігрымы, што кожным летам ідуць да Маці Божай Будслаўскай. Каб бачылі, ведалі, маліліся і дзякавалі Пану Богу, усім святым за дар жыцця, як дзякуе сёння гаспадар гэтага падворку.
Раіса СУШКО.
Здымкі Карнэлія КОНСЭКА,SVD
і з архіва сям’і Іосіфа Мацко.
Вілейскі раён , Мінская вобласць.