Знакі Божай прысутнасці

Прыдарожныя капліцы, крыжы, фігуры… Аб’екты малой рэлігійнай архітэктуры,  аб якіх ходзяць легенды і якія часам суправаджаюцца неверагоднымі  гісторыямі, але якія захоўваюць у той самы час і сваю асабістую таямніцу… Час адсоўвае іх ад нас, а знакі Божай прысутнасці ўсё болей да сябе прыцягваюць.

Сёння расказваем пра знакі Божай прысутнасці, якія існуюць у Гарадзішчы Баранавіцкага раёна.

 

 

 

Між двума пагоркамі

 

 

 

f-str-28У пошуках прыдарожных сакральных збудаванняў, цікавых каплічак мы здзейснілі невялікае падарожжа ў гарадскі пасёлак Гарадзішча, што ў Баранавіцкім раёне. Мясцовую капліцу знайсці лёгка. Яна знаходзіцца ў цэнтры, па дарозе з Баранавічаў на Навагрудак, паміж двума высокімі пагоркамі, на якіх стаіць паселішча.

 

Каплічка заўсёды дагледжаная, летам перад ёю растуць на клумбах кветкі. А зусім нядаўна яе пафарбавалі. Па архітэктуры капліцы адразу бачна, што яна пабудавана яшчэ да Другой сусветнай вайны. Атрымаць, аднак, дакладную інфармацыю аб гэтай капліцы аказалася даволі цяжка. Справа ў тым, што раней Гарадзішча было гандлёвым мястэчкам, тут нават праводзіліся ярмаркі. Таму абсалютную большасць жыхароў складалі яўрэі, а каталікоў заўсёды было няшмат. Яўрэйскае насельніцтва было вынішчана падчас Халакосту і зараз у Гарадзішчы не засталося старажылаў, якія б памяталі мястэчка ў даваенныя часы.f-str-29

За дапамогай вырашылі перш за ўсё звярнуцца да колішняга пробашча мясцовай парафіі Маці Божай Ружанцовай, а. Конрада Патыка, які служыў у Гарадзішчы ад пачатку нулявых гадоў. Былы пробашч зазначыў, што, калі быў прызначаны ў парафію, скульптуры ўнутры каплічкі не было, таму прыкладна ў 2003 годзе ўсталяваў у каплічцы фігуру Езуса Хрыста і пачаў праводзіць каля яе набажэнствы.

Цікавай інфармацыяй падзяліліся таксама прыхажанкі гарадзішчанскага касцёла, якія даглядаюць капліцу, Анжаліка Васільеўна Курачыцкая і Марыя Міхайлаўна Лопух.

– Некалькі разоў мы яе перафарбоўвалі, – кажа Анжаліка Васільеўна, настаўніца англійскай мовы ў Гарадзішчанскай школе, а ў мінулым  годзе   са старшынёй касцёльнага камітэта Марыяй Лопух  вырашылі пафарбаваць яе ў белы і карычневы колеры. Атынкавалі і пафарбавалі капліцу нашы сыны. Раней, – прадаўжае жанчына, – мясцовыя каталікі збіраліся каля каплічкі ў маі, каб памаліцца Маці Божай, спявалі песні, маліліся на Ружанцы, аднак чатыры гады таму традыцыя, на жаль, перарвалася. Аднак асобныя сем’і дагэтуль прыходзяць памаліцца да капліцы. Часам спыняюцца каля яе незнаёмыя людзі – паходзяць, паразглядаюць наўкола, памоляцца. Відаць, нешта кранае іх сэрцы. Затрымоўваюцца каля каплічкі таксама пілігрымы, якія кожны год ідуць у Навагрудак. Мясцовыя каталікі сустракаюць іх у касцёле, кормяць, даюць начлег.

f-str-29-2Што тычыцца гісторыі паўстання каплічкі, то абедзве жанчыны кажуць, што дакладнай інфармацыі аб гэтым, на жаль, не захавалася. Сцвярджаюць, што нават найстарэйшая жыхарка Гарадзішча, Гэлена Мікульская, якой ужо больш за 90 гадоў, не ведае, калі збудавалі капліцу, бо яна пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў пасёлак ужо пасля вайны. Верагодна, капліца паўстала ў дваццатых – трыццатых гадах мінулага стагоддзя. Аб прычынах яе заснавання існуе легенда, якой падзяліліся нашыя суразмоўцы.

Паводле першай версіі, аднойчы з ярмаркі ехала вазком багатая цяжарная жанчына. Раптам коні чагосьці спужаліся і панесліся з пагорку. Вазок заваліўся на бок, жанчына вывалілася з яго, але цудам засталася жывая і нават нарадзіла здаровае дзіця. У знак падзякі Богу за цудоўнае выратаванне яна ахвяравала сродкі на капліцу, якую пабудавалі на тым месцы, дзе перавярнуўся вазок.

Згодна з іншай версіяй, жанчыну выратаваў малады мясцовы хлопец, мешчанін з Гарадзішча. Ён змог спыніць коней, але сам загінуў пад коламі. А капліцу жанчына загадала пабудаваць у памяць аб сваім выратавальніку.

– Капліца ніколі не змяняла сваёй формы, – кажуць Анжаліка Васільеўна і Марыя Міхайлаўна. – Застаецца такой, якую помнім. Наша парафія стала зусім маленькай, але мы ўсё роўна працягваем  прыглядаць за касцёлам і тэрыторыяй, рамантаваць яго і капліцу таксама. Часам толькі здаралася, што ад яе адвальваліся невялікія фрагменты, але мы заўсёды давалі рады, аднаўлялі іх. Гэта наша гісторыя, якую трэба памятаць і зберагчы для патомкаў. Бо, як вядома, хто не ведае свайго мінулага, у таго няма будучыні.

 

 

 

 

 Падрыхтаваў Дзмітрый Загацкі,

гісторык, краязнаўца.

Здымкі аўтара і  Анжалікі Курачыцкай


 Ад рэдакцыі: Калі ў вас, шаноўныя чытачы, знойдуцца цікавыя звесткі пра гісторыі вядомых вам капліц, прыдарожных крыжоў ці сакральных фігур – дасылайце, калі ласка, на адрас нашай рэдакцыі: вул. Шаўчэнкi, 6, к. 108.  225411, г. Баранавiчы, або на E-mail: dialog1994@tut.by

Будзем моцна ўдзячныя.


 

Артыкулы, блiзкiя па сэнсу:

Добавить комментарий